Настроить, Войти
Па ўсёй Беларусі ідуць ператрусы ў актывістаў кампаніі «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»
автор jabber, дата 2010-05-19 20:33, связано с: Дзяржаўны тэрор

Ператрусы пачаліся ў Гомлі, Горадні, Менску і Магілёве.

Менскі офіс кампаніі «Гавары праўду!» абшукваюць людзі ў цывільным, якія не пускаюць актывістаў унутр і не даюць каментароў. 11 актывістаў затрыманыя і знаходзяцца ў Ленінскім РУУС Менску. Сярод іх лідэр кампаніі Уладзімер Някляеў.

У Магілёве міліцыянты і працаўнікі КДБ правялі ператрусы ў двух офісах няўрадавых арганізацыяў – ва ўстанове “Рух наперад” і дабрачынным фондзе “Шчырасць”. У офісе арганізацыі “Рух наперад” сканфіскавалі 45 кніжак Някляева “Кон”, сістэмны блок, 1691 буклет кампаніі “Гавары праўду”.

Паводле радыё «Свабода», службоўцы дзеялі ў межах крымінальнай справы аб паклёпе, распачатай Ленінскім аддзелам міліцыі Менску. Дазвол на ператрус даў пракурор Ленінскага раёну Менску.

У Горадні ператрус адбываецца ў кватэры актывіста кампаніі Ігара Ламекі. Яго забралі з працы людзі ў цывільным, прад’явіўшы ордэр на вобшук.

У Гомелі міліцыянты і людзі ў цывільным абшукваюць кватэру экс-дэпутата Вярхоўнага Савету СССР, актывіста АГП і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Юрыя Варонежцава. Міліцыянты прад’явілі ордэр на ператрус кватэры старшыні Гомельскай гарадской арганізацыі АГП Андрэю Толчыну. Дакумент падпісаў менскі пракурор.

belsat.eu 18.05.2010