Настроить, Войти
Студэнты ЕГУ заклікаюць да салідарнасьці!
автор 12345, дата 2010-10-18 21:41, связано с: Задержания анархистов

Студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ і Моладзевая ініцыятыва StudAlliance выражаюць сваю глыбокую заклапочанасць той абсурднай сітуацыяй, якая склалася вакол студэнта Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Мікалая Дзядка.

Мікалай Дзядок, студэнт 2 курса завочнай формы навучання Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, ужо больш за месяц утрымліваецца ў СІЗА-1 г. Мінска. Неабгрунтаваныя абвінавачанні, скіраваныя ў адрас нашага калегі, не могуць не выклікаць занепакоенасці яго далейшым лёсам.

Мікалай Дзядок быў затрыманы 3 верасня 2010 года ў якасці падазронага па справе "аб нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі". Праваахоўныя органы Беларусі арыштавалі маладога чалавека на трое сутак і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Не сабраўшы дастатковай колькасці доказаў, што пацвярджаюць дачыненне Мікалая да вышэйназванай справы, праваахоўныя органы працягнулі тэрмін яго ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання, але гэтым разам па абсалютна іншай справе ("аб нападзе на Дом прафсаюзаў").

Аднак калі абвінавачанне ў яго дачыненні і да другога правапарушэння не набыло належнай падставы, Мікалай ужо трэцім разам быў затрыманы як падазроны па справе "аб нападзе на аддзяленне "Беларусбанка".

Пасля таго, як усе магчымасці да прад'яўлення ўцямных нагодаў да затрыманняў былі вычарпаныя, Мікалаю сталі прыпісваць іншыя супрацьпраўныя дзеянні, у прыватнасці, крадзяжы і хуліганства.

24 верасня, праз больш за 20 сутак арышту, Мікалай быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ля Генштаба Беларусі, і 1 кастрычніка яму было прад'яўлена абвінавачанне па артыкуле 339 ч.2 - хуліганства. На дадзены момант Мікалай Дзядок працягвае знаходзіцца пад вартай у СІЗА-1 г. Мінска.

Мы, прадстаўнікі студэнцкай супольнасці Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, не можам змірыцца з абсурднасцю гэтых умоваў, пры якіх наш калега апынуўся закладнікам нявызначаных дзеянняў сілавых ведамстваў Беларусі, што ініцыявалі дадзеную тупіковую сітуацыю. Бягучае становішча, пры якім Мікалай Дзядок фактычна з'яўляецца закладнікам СІЗА-1 і дзяржаўных следчых органаў, нас надта абурае.

Больш таго, мы звяртаем увагу на той факт, што разам з Мікалаем Дзядком шляхам незаконных арыштаў у ізалятар часовага ўтрымання патрапілі і некаторыя яго сябры. Вядома, што прадстаўнікі ГУБОП і КГБ аказвалі ціск на следства падчас допытаў яго сяброў.

Мы рашуча выступаем супраць варварскіх, абсурдных метадаў працы беларускіх спецслужбаў і праваахоўных органаў. Мы заклікаем студэнцкую супольнасць Беларусі, незалежныя моладзевыя арганізацыі, беларускіх праваабаронцаў, а таксама ўсіх тых, хто занепакоены бесперапыннай самаўпраўнасцю і беззаконнем, што пануюць у беларускіх сілавых ведамствах, праявіць салідарнасць ва ўсеагульнай маральнай падтрымцы Мікалая Дзядка, далучыцца да патрабавання неадкладна вызваліць яго з-за кратаў і спыніць пераследы грамадска актыўнай моладзі. У выпадку ігнаравання дадзенага патрабавання органамі дзяржаўнай улады мы маем намер перайсці да больш рашучых дзеянняў.

Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта

Моладзевая ініцыятыва StudAlliance

http://k-atamanchik.livejournal.com/526638.html#cutid1