26 кастрычніка ў Менгарсудзе разглядалася абскарджваньне рашэньня суду Цэнтральнага раёна Менска адносна меры стрыманьня ў дачыненьні да студэнта паліталогіі ЕГУ Мікалая Дзядка. Судзьдзя Менскага гарадскога суду Ігар Крот скаргу не задаволіў. Мікалай Дзядок застаецца пад вартай.
Нагадаем, Мікалай Дзядок быў затрыманы 3 верасьня па падазрэньні ў нападзе на амбасаду Расіі ў Менску, аднак 1 кастрычніка яму прад’явілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў акцыі каля генштаба Міністэрства абароны супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад–2009» ў мінулым годзе.
Дзядка абвінавачваюць у здзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 339 (хуліганства, здзейсьненае групай асоб). Спачатку яго трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) на Акрэсціна, а 24 верасьня перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ён чакае суда па гэтай справе. За гэты час па невядомай прычыне ён быў этапаваны на адныя суткі ў Жодзінскае СІЗА, а потым зноў вернуты на Валадарку.
Як паведамляюць родныя Мікалая Дзядка, карэспандэнцыя да яго даходзіць ня ў поўным аб’ёме. Таксама і некаторыя ягоныя лісты да адрасату не дайшлі.
Источник:http://spring96.org/be/news/36839