Камеры без вокнаў, дзе перабываюць 12 замест 4-х вязняў, ды 15 хвілінаў рэдкіх шпацыраў на свежым паветры. Пра ўмовы ўтрымання Мікалая Дзядка ведаюць праваабаронцы. У лістах на волю да сваёй сяброўкі маладзён гэтага не згадвае.
СЯБРОЎКА МІКАЛАЯ ДЗЯДКА: “Мікола піша даволі аптымістычныя такія лісты, што мне вельмі падабаецца. Але пра ўмовы, думаю, што ён піша такія лісты, каб нас супакоіць”.
Мікалай Дзядок застаецца за кратамі амаль два месяцы, але толькі тры тыдні таму яму выставілі абвінавачанне. Хлопцу інкрымінуюць удзел у акцыі каля Генеральнага Штабу ў Менску год таму. Хоць затрымалі... паводле падазрэння ў датычнасці да падпалу расейскай амбасады сёлета ў жніўні. Тады за кратамі апынуліся яшчэ некалькі знаёмцаў Мікалая, але наўпроставых доказаў іхнай віны ў падпале праваахоўнікі так і не падалІ. Затое пачалі інкрымінаваць датычнасць да нападаў на аддзел КДБ у Бабруйску, а таксама на міліцэйскі участак у Салігорску.
НАСТА ЛОЙКА, ПРАВААБАРОНЦА: “Абсалютна не зразумела, чаму на яго хочуць усё павесіць. Тут ці нежаданне нашых органаў працаваць належным чынам, альбо проста хочуць знайсці чалавека, каб запужаць астатніх”.
І як сведчыць тэрмін утрымання за кратамі, прынамсі Мікалая следчым пакуль запужаць не ўдалося.
СЯБРОЎКА МІКАЛАЯ ДЗЯДКА: “Да яго не могуць па-за працэсуальным кодэксам падысці аніяк. І ён цяпер адзін чалавек, які робіць усё ад “А” да “Я” паводле працэсуальнага кодэксу”.
Іншая рэч, што гэта можа абярнуцца чарговымі месяцамі перабывання за кратамі. Гэтак жа, як сталася з падазраваным у тэрарызме ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Больш за паўгода яго трымалі за кратамі пад следствам, хоць у выніку суд не падтрымаў асноўных пунктаў абвінавачання, з-за якіх затрымалі бізнесоўца.
Крыніца — http://belsat.eu/be/obiektyw/#?, 27 кастрычніка 2010 16:00