Сьледства па крымінальнай справе, узбуджанай па частцы 2 арт.339 КК у дачыненьні да студэнта паліталогіі ЕГУ Мікалая Дзядка працягнутае да 6 месяцаў. Сцверджаньні некаторых СМІ, якія называюць дату 3 сакавіка – толькі мяркуемы тэрмін завяршэньня следства. Акрамя таго тэрмін утрыманьня пад вартай Дзядка працягнуты да 5 месяцаў. Раней называўся тэрмін тры месяцы.
Разам з тым Мікалай Дзядок не губляе аптымізму. У сваім апошнім лісце са следчага ізалятара ён паведамляе, што паколькі “следству не ўдалося мяне ўзяць “нахрапам” сьвежанькага і разгубленага ў ізалятары часовага ўтрыманьня, то трэба браць мяне ізморам, трымаючы месяцамі ў сьледчым ізалятары, у разліку, што я зламаюся духам і пачну рабіць і казаць тое, што мне загадаюць”.
Крыніца spring96.org