У дачыненьні да затрыманага ў Маскве 28 лістапада Ігара Аліневіча зараз праводзяцца следчыя дзеяньні. Як стала вядома праваабаронцам, аператыўнікі правялі тры вочныя стаўкі. Пакуль з прад’яўленых абвінавачваньняў (Расейская амбасада, ІЧУ на Акрэсціна, Генштаб у Менску, упраўленьне КДБ у Бабруйску) ён прызнае толькі ўдзел у акцыі каля будынка Генштабу Беларусі, якая адбылася 19 верасьня 2009 года. Да гэтага часу не ўдалося высьветліць, якім чынам і як Аліневіч быў затрыманы на тэрыторыі суседняй дзяржавы і перавезены ў Беларусь.
Працягваецца следства ў дачыненьні да Мікалая Дзядка, якога вінавацяць у хуліганстве (частка 2 арт 339 Крымінальнага Кодэксу). Зараз ён з высокай тэмпературай змешчаны ў санчастку Жодзінскага СІЗА. У апошнім лісьце сябрам Дзядок паведамляе пра тое, што лісты доўга праходзяць цэнзуру і да яго патрапляюць позна. Яму не дазволілі карыстацца ўласнымі кнігамі, даводзіцца чытаць толькі тыя, што ў турэмнай бібліятэцы. Пастанову аб падаўжэньні тэрміну ўтрыманьня пад вартай да 3 лютага Дзядок падпісваць адмовіўся, палічыўшы яе абсурднай.
Крыніца - spring96.org