Маці затрыманага ў Расіі Ігара Аліневіча катэгарычна абвяргае звесткі пра прызнанне свайго сына ў нападзе на расійскую амбасаду 30 жніўня.
7 снежня актывіста, які на дадзены момант знаходзіцца ва ўнутранай турме КДБ у Мінску наведаў ягоны адвакат, які распавёў, што Ігар пачувае сябе бадзёра і намераны далей адстойваць сваю недатычнасць да хуліганскага нападу. Па словах Валянціны Аліневіч, яе сын да гэтага часу не атрымаў аніводнага ліста, напісанага ў ягоны адрас пасля затрымання.
- Арыштавалі па абвінавачанні ў нападзе на Генштаб. А цяпер прад'яўляюць абвінавачанне ў нападзе на расійскае пасольства. Гэта такая "махровая" правакацыя, што не бачу ў ёй, акрамя палітычных чаканняў, нічога. Усё груба злеплена. Ён не прызнае сябе вінаватым.
Нагадаем, што пра прызнанне затрыманага на 4-ым Усенародным сходзе заявіў Аляксандр Лукашэнка, аднак адвакат і маці Ігара Аліневіча абверглі гэтую інфармацыю.
28 лістапада ў Маскве падчас запланаванай загадзя сустрэчы на Аліневіча, па словах яго сяброў, напалі шасцёра невядомых. Праз два дні пошукаў актывіст быў знойдзены ў мінскім ізалятары, адкуль здолеў перадаць інфармацыю праз свайго адваката. На дадзены момант падазраванымі ў нападзе на расійскую амбасаду ў Мінску праходзяць чацвёра чалавек, якія тым ці іншым чынам датычныя да анархісцкага руху. У пачатку ж верасня праз прэвентыўныя арышты па гэтай справе прайшлі яшчэ каля 10 чалавек, аднак усе яны былі вызваленыя з-за адсутнасці доказаў.
Паводле http://new.racyja.com