Амаль месяц мінуў пасля падзей 19 снежня. Хвалі салідарнасці с затрыманымі ў тую «крывавую нядзелю» і тымі, каго махавік рэпрэсій закрануў пазней, па-ранейшаму ўздымаюцца ў свядомым грамадстве. Гэтым разам неабыякавыя людзі, якіх меней не становіцца, ладзяць выставу, прысвечаную падзеям, што адбыліся пасля выбараў.
Арганізатары акцыі салідарнасці с затрыманымі ў дзень і пасля прэзідэнцкіх выбараў прэзентуюць «Выставу салідарнасці», прысвечаную «героям — арыштаваным і пацярпелым 19 снежня 2010 года, а таксама той хвалі салідарнасці, якой Беларусь яшчэ не бачыла».
«Хочацца, каб нашыя несправядліва асуджаныя пабачылі, як гэта было», — адзначаецца ў анонсе мерапрыемства.
Як кажа арганізатар акцыі падтрымкі Дар'я Каткоўская, урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў штаб-кватэры БНФ (вул. Машэрава, 8) вельмі сімвалічна — 19 снежня а восьмай гадзіне вечара, то бок «роўна праз месяц пасля пачатку тых падзей, якія ўсіх нас згуртавалі».
Плануецца, што на імпрэзе выступяць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік Уладзімр Арлоў, музыка Лявон Вольскі, журналіст Глеб Лабадзенка.
На выставе будуць прадстаўленыя фотаздымкі на тэму Плошчы і хвалі салідарнасці, фотасведчанні таго, як адбываўся збор рэчаў і ахвяраванняў, падрыхтоўка перадачаў вязням, «шчырыя, эмацыйныя і, нярэдка, мастацкія» паштоўкі, якія не дайшлі да сваіх адрасатаў праз пошту — бо іх больш, чым арыштаваных, турэмныя творы, запісы і дзённікі затрыманых, а таксама мастацкія вырабы і іншыя рэчы, якія маюць сімвалічны сэнс.