Сёння, 25 сакавіка, з 7:20 раніцы ў кватэру члена ЦС Беларускай партыі "Зялёныя" Уладзіміра Валодзіна спрабавалі патрапіць невядомыя ў цывільным. Верагодна, гэта былі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Яны званілі, грукалі ў дзверы, дзёргалі за ручку дзвераў.
Жыхары кватэры не пажадалі размаўляць з імі нават праз дзверы, таму дакладна невядома, што гэта былі за супрацоўнікі і якіх органаў.
Супрацоўнікі міліцыі сёння таксама прыходзілі па Франка Вячорку, Ганну Шарубу і Алега Ладуцьку (спіс на сайце вясны абнаўляецца: http://spring96.org/be/news/42078).
15 сакавіка да Уладзіміра Валодзіна на працу прыходзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС і папярэджваў, каб той "не ўдзельнічаў ні ў якіх несанкцыянаваных мерапрыемствах" 15 і 16 сакавіка. Тады актывіст адказаў, што мае пэўныя правы, гарантаваныя канстытуцыяй і будзе іх рэалізоўваць явачным парадкам, не зважаючы на розныя "папярэджанні".
Абнаўленне на 9:10. Адзін са сваякоў Уладзіміра Валодзіна здолеў выслізнуць з кватэры (мусіў ехаць на працу) і пры гэтым не даць двум супрацоўнікам Ленінскага РУУС, якія сядзяць у засадзе, пранікнуць у кватэру.
Абнаўленне па стану на вечар 25 сакавіка. Машына з супрацоўнікамі дзяжурыла каля пад'езду прыкладна да 19 гадзін 25 сакавіка. Праўда, электрычнасць з тэлефонам не адключалі (як Фінькевічу з Машчавай) і дзверы не ламалі.