Настроить, Войти
У Берліне адбылося ўрачыстае ўручэнне ўзнагароды бяз'ядзернай будучыні

10 красавіка ў Берліне адбылося ўручэнне ўзнагароды бяз'ядзернай будучыні (The Nuclear-Free Future Award). Гэтай узнагародай уганароўваюць з 1998 года людзей, якія зрабілі важкі ўнёсак у барацьбу з ядзернай зброяй і "мірнымі" атамнымі тэхналогіямі.

Урачыстае ўзнагароджанне завяршала міжнародны адкрыты кангрэс "25 год Чарнобылю. Адмовіцца ад ядзернай энэргіі неадкладна" (http://www.tschernobylkongress.de/), зладжаны арганізацыяй Лекары свету за папярэджанне Ядзернай пагрозы (http://ippnw.org/).

У катэгорыі "Супраціў" узнагароду атрымалі Наталля Манзурава і Надзея Куцепава з Расіі. Яны займаюцца абаронай правоў людзей, якія пацярпелі ў выніку дзейнасці камбіната "Маяк". Фармулёўка: "за тое, што ставяць праўду і надзею перадусім, і смела дапамагаюць людзям Чалябінскай вобласці разумець сваю радыёактыўную спадчыну і мець з ёй справу".

Спецыяльную прамову ў гонар Наталлі і Надзеі казаў лаўрэат прэміі 2002 года Аляксей Яблакаў. Прысутнічаць здолела толькі Надзея Куцепава. У сваім слове яна, сярод іншага, выказала падзяку нямецкаму антыатамнаму руху за дапамогу ў спыненні перавозак ядзерных адкідаў нямецкіх АЭС на камбінат "Маяк".

У катэгорыі "Адукацыя" былі ўзнагароджаны нямецкія журналісткі Ангеліка Фель і Барбара Дзікман. Працуючы на тэлевізійным канале ZDF, яны рыхтуюць дакументальныя фільмы і рэпартажы пра незвычайна высокі ўзровень захворванняў на рак каля нямецкіх АЭС. Журналісткі ўздымалі гэтую вострую тэму тады, калі ўсе астатнія не рызыкавалі парушаць маўчанне. Ім давялося сутыкнуцца з абразамі і публічнымі абвінавачаннямі, але журналісткі не адступілі ад сваёй пазіцыі.

У катэгорыі "Развязанні" быў уганараваны нямецкі фізік Ганс Грасман. Ён рабіў вельмі паспяховую кар'еру ў "чыстай навуцы", але вырашыў змяніць сферу даследаванняў, бо хацеў паляпшаць сваёй працай якасць жыцця людзей. Апошняя распрацоўка Ганса Грасмана - гатовая да масавай вытворчасці сістэма люстэрак, якая дазваляе ствараць сонечныя электрастанцыі не толькі ў паўднёвым клімаце пустынь і паўпустынь, але і ў сярэдняй паласе Еўропы. Як лічыць сам фізік, гэта ягоны ўнёсак у барацьбу з атамнай энэргіяй і залежнасцю ад выкапнёвых рэсурсаў.

Узнагарода за дасягненні на працягу жыцця была прысуджана выкладчыку францускай мовы Хайнцу Штокінгеру з Аўстрыі і лекарцы Хелен Калдзікот з Аўстраліі. Абое некалькі дзесяцігоддзяў вядуць барацьбу з атамнай энэргіяй і зброяй, і асабіста прымалі і прымаюць удзел у многіх лёсавызначальных экалагісцкіх і пацыфісцкіх кампаніях.

Падрабязней пачытаць пра прэмію і яе лаўрэатаў мінулых гадоў можна тут: http://www.nuclear-free.com/