Настроить, Войти
Шэсце Мінскага гей-прайда 2011 пройдзе 10 верасня ў Дзень горада
автор u, дата 2011-05-06 20:14, комментариев: 2

06 траўня арганізацыйны камітэт сёмага Мінскага гей-прайда канчаткова зацвердзіў даты правядзення мерапрыемстваў фестывалю ў падтрымку талерантнага стаўлення да геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендараў у Беларусі. Фестываль будзе праходзіць у беларускай сталіцы з 30 жніўня па 12 верасня, публічная акцыя фэсту ў падтрымку роўных правоў адбудзецца 10 верасня, у другую суботу верасня, паралельна са святочнымі мерапрыемствамі Дня горада.

«Праводзячы публічную акцыю гей-прайда ў Дзень горада, мы хочам паказаць, што наша акцыя, насуперак думцы многіх, нічым не пашлейшая публічных акцый свята беларускай сталіцы. Калі ўлада не будзе перашкаджаць правядзенню Мінскага гей-прайда, мінчане і госці сталіцы змогуць разбіць шматлікія свае стэрэатыпы адносна геяў і лесбіянак, а таксама адпачыць і з цікавасцю правесці час на мерапрыемствах Мінскага гей-прайда 2011», - лічыць арганізатар Мінскага гей-прайда і кіраўнік праваабарончага ЛГБТ-праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка.

У рамках Мінскага гей-прайда 2011 плануецца правядзенне шырокай прэс-канферэнцыі аб жыцці гомасэксуалаў у Беларусі, кінапаказаў, семінараў, круглых сталоў, вечарын, выставы, 6-ай нацыянальнай ЛГБТ-канферэнцыі, фіналу конкурса Містэр Гей Беларусь.

Арганізатарам Мінскага гей-прайду з'яўляецца праваабарончы праект «ГейБеларусь», сярод арганізацый-удзельнікаў лічацца амаль усе ЛГБТ-арганізацыі Беларусі – «Гей Альянс Беларусі», «Лабрыс», «Валанцёры без межаў», непасрэдна да правядзення фестывалю арганізатары чакаюць большую актыўнасць НДА-сектара і палітычных партый у арганізацыі мерапрыемстваў супраць гамафобіі і ксенафобіі ў беларускай сталіцы.

Варта адзначыць, што Минскі гей-прайд 2011 будзе праходзіць ва ўмовах, калі ААН рэкамендавала Рэспубліцы Беларусь уключыць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў працэс прыняцця рашэнняў на дзяржаўным узроўні і палепшыць бачнасць ЛГБТ ў Беларусі.

20 красавіка 2011 сістэма ААН, пасля працяглых дапрацоўкі і ўзгадненняў, апублікавала выніковыя рэкамендацыі найбуйнейшай міжнароднай кансультацыі па пытаннях мужчын, якія практыкуюць аднаполы сэкс, якая праходзіла ў канцы мінулага года ў Кіеве для краін Усходняй Еўропы, Балтыі, Цэнтральнай Азіі і Закаўказзя.

Аргкамітэт Мінскага гей-прайда ўжо працуе над арганізацыяй мерапрыемстваў Мінскага гей-прайда і рэгістрацыяй замежных удзельнікаў. Прайд у Мінску плануюць наведаць госці з краін Еўропы, СНД, а таксама з Амерыкі.

«Безумоўна, Мінскі гей-прайд стане буйным праваабарончым мерапрыемствам у Беларусі і які эфект яно зробиць, не ў апошнюю чаргу залежыць таксама ад саміх беларусаў і беларускіх уладаў. Мы заклікаем улады прадпрыняць меры па ахове і абароне мерапрыемстваў Мінскага гей-прайда ад радыкальных фашыствуючых і рэлігійных груповак», - паведамляецца ў прэс-рэлізе аргкамітэта Мінскага гей-прайда.

Нагадаем, што мерапрыемствы Славянскага гей-прайда 2010 у Мінску праходзілі з 14 па 17 траўня, тады некаторыя мерапрыемствы сутыкнуліся з гомофобным супрацівам футбольных фанатаў і правых радыкалаў, публічная акцыя 15 мая была разагнаная спецназам, у выніку 12 чалавек былі затрыманы, пяцёра на трое гадзін і сямёра на двое сутак.

Мінскі гей-прайд 2011 будзе праходзіць пад лозунгам «Любові! Свабоды! Пераменаў!», высмейваючы такім чынам гамафобію моладзевай арганізацыі «Малады Фронт», які забараніў гей-актывістам ўдзельнічаць у акцыі «Маладога Фронту» да Дня ўсіх закаханых.

«У нашага фестывалю няма палітычнай афарбоўкі, мы выступаем за роўныя правы і магчымасці для ўсіх людзей, мы выступаем за талерантнасць і разнастайнасць», - удакладняе арганізатар Мінскага гей-прайда Сяргей Андросенка.

Паводле GayBelarus.By

Комментарии