Настроить, Войти
Аб выхадзе са складу мадэратараў

Сёньня, ў дзень абвяшчэньня прысуду хлопцам, я хачу афіцыйна скласьці з сябе мадэратарскія паўнамоцтвы, і выйсьці са складу “зачыненай групы бясьпекі” беларускай індымэдыі.

Паводле падзеяў пасьля 30.08.2010 варта даць нейкія каньчатковыя тлумачэньні. Вось яны.

У верасьні некаторыя з нас шчыра верылі, што акцыі ля амбасады і ІВС — праект беларускага КГБ ці расейскага ФСБ, якія вырашылі спекульнуць тэмай “анархістаў-падпальшчыкаў” у сваіх перадвыбарчых гульнях. Верылі, бо пасьля шматразовага рацыянальнага аналізу гэтыя гіпотэзы былі адзіным, што выглядала верагоднасьцю, а не фантастыкай.

Так, заставалася маленькая доля няўпэўненасьці. Яе можна было выправіць толькі інтуітыўным, але хуткім выбарам. Шмат хто (ў тым ліку й я) такі выбар зрабілі. І пачалі рабіць тое адзіна правільнае, што варта рабіць, калі на анархічнай паляне пачынаюцца гэбоўска-эфэсбэшныя гульні.

Мадэратары (у тым ліку я) пачалі вынішчаць тэксты, якія лічылі падстаўнымі. Пацьвярджаю і нагадваю, што дакладна такі плян дзеяньняў у сітуацыі адкрытага канфлікту са спецслужбамі абмяркоўваўся яшчэ на самай першай публічнай сустрэчы па заснаваньні беліндымэдыі ў кастрычніку 2004 году. Мы не “захоплівалі ўладу”, не “ўводзілі цэнзуру” і не “перакройвалі правілы гульні” — мы дзейнічалі паводле шмат гадоў вядомага пляну бясьпекі, часткова (але як аказалася, крыва) фармалізаванага ў пункце 9.2.4 грамадзкай дамовы і разьлічанага на найгоршую магчымую сытуацыю — мэтанакіраваны разгром анарха-сцэны спэцслужбамі з выкарыстаньнем індымэдыі.

Тыя, хто меў хоць які персанальны ўплыў на сяброў-журналістаў (як мінімум, я), прыватным чынам пераконвалі ўсіх, да каго маглі дацягнуцца, у “падстаўна-гэбэшнае прыродзе” абодвух акцыяў. Мэты былі тыя ж самыя.

Я дагэтуль лічу, што дзеяньні былі суб’ектыўна правільнымі і за іх ня варта прасіць прабачэньня. У сітуацыі гэбоўскіх гульняў гэта была б адзіная магчымасьць сарваць правакацыі і спыніць разгром ды рэпрэсыі.

Але выглядае на тое, што няправільнай была сама ацэнка сітуацыі.
Падобна, што мы памыліліся.

Сёньня пракуратура і суд лічаць, што амбасаду і ІВС атакаваў Аліневіч. Ігар лічыць, што амбасаду і ІВС атакаваў нехта іншы. Я ня ведаю праўды і не магу ведаць. Але няважна, хто атакаваў амбасаду. Важна, што з кожным днём і кожным фактам у мяне расьце асабістая ўпэўненасьць, што гэта былі сумленныя людзі, а не ГБ. А гэта значыць, што ў верасьнёўскае ацэнцы сітуацыі я памыляўся.

Кожная памылка мае свой кошт. Я ведаю, што некаторыя з асуджаных сёньня і арыштаваных раней маральна падтрымлівалі акцыі ля амбасады і ІВС. Я разумею, што тагачасныя дзеяньні па дыскрэдытацыі гэтых акцыяў, як “гэбоўскіх праектаў” маглі стаць моцным дэмаралізуючым фактарам для тых, хто апынуўся ў турме, і тых, хто быў на волі.

Калі мы памыляліся, значыць, вынік нашых дзеяньняў не быў варты той шкоды, якую яны нанесьлі.

Ізноўку падкрэсьлю — мы не ведаем праўды і не можам ведаць стоадсоткава, чым сапраўды былі гэтыя акцыі. Але прыслухаўшыся да інтуіцыі тады, было б неразумна не зрабіць гэта цяпер. Інтуіцыя кажа — мы памыліліся.

У гэтай сітуацыі я не лічу магчымым больш мець паўнамоцтвы мадэратара індымэдыі. Я скарыстаў свой шанец на памылку і не лічу, што ў людзей з доступам да тэхнічнае ўлады такіх шанцаў мусіць быць больш за адзін. Я не жадаю таксама, каб у беларускага IMC была рэпутацыя цэнтра, дзе ўладныя паўнамоцтвы ня маюць натуральных анархічных абмежаваньняў

Таму ад сёньняшняга дню я добраахвотна складаю з сябе ўсе абавязкі мадэратара і права доступу да каналу камунікацый “закрытай групы бясьпекі” беларускага незалежнага мэдыя-цэнтру.

Хачу зрабіць гэта менавіта сёньня, каб такім чынам зрабіць хаця б маленькі сімвалічны падарунак тым з асуджаных, якія былі абураныя дзеяньнямі мадэратарскага складу індымэдыі, нязгодныя з нашай ацэнкай сітуацыі і лічылі неабходнай ратацыю мадэратараў на IMC.

Шчыра жадаю, каб тэрмін гэтай улады апынуўся значна карацейшы за прызначаны вам — і мы пабачылі вас на волі, а лукашысцкую сістэму на звалцы гісторыі.

Санітар.

Комментарии
  • автор АЧК-Беларусь, дата 2011-05-27 21:43, ссылка

    Думаецца, им будзе прыемна. Не таму, што ты сыходзиш, а таму, што знайшоу у сабе моц, каб прызнаць памылку.