Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі пасля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю узяты пад варту.
Як паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка, Бяляцкі затрыманы на трое сутак у якасці падазраванага па крымінальнай справе, заведзенай па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
«Я думаю, гэта звязана з тым, што мы аказвалі не толькі прававую, але і матэрыяльную падтрымку ахвярам рэпрэсій. Думаю, звязана менавіта з гэтым», — заявіла супрацоўніца «Вясны» Таццяна Равяка.
Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ўзначальвае Бяляцкі, дзейнічае з 1998 года. У 1999 годзе ён быў зарэгістраваны як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне. У кастрычніку 2003 года «Вясну» ліквідавалі рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай ліквідацыі стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. У сакавіку 2004 года цэнтр «Вясна» быў прыняты ў склад Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы тройчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова.
У Беларусі праваабаронцы «Вясны» аказалі дапамогу сотням, калі не тысячам рэпрэсаваных.