Настроить, Войти
Турэмныя універсітэты беларускіх анархістаў

Адвакат Ігара Аліневіча падаў скаргу ў прэзыдыюм менскага гарадзкога суду на прысуд, паводле якога актывіст анархісцкага руху адбывае 8-гадовае турэмнае пакараньне. Працягваюць абскарджваць прысуды і іншыя фігуранты справы аб падпале расейскай амбасады, ізалятара на Акрэсьціна ды іншых будынкаў.

Мянчук Ігар Аліневіч атрымаў найбольшы тэрмін за ўдзел у нападзе на расейскую амбасаду — 8 гадоў калёніі прысудзіла яму судзьдзя Жана Хвайніцкая з Заводзкага суду Менску. Гэта было ў канцы траўня. У чэрвені ў Менгарсудзе разгледзелі скаргу на прысуд і пакінулі яго бязь зьмены. Нядаўна адвакат падаў скаргу ў прэзыдыюм Менгарсуду. Бацька асуджанага анархіста Ўладзімер Аліневіч кажа, што калі і гэтым разам ім адмовяць, яны ўсё роўна ня спыняць спробаў дамагчыся апраўданьня, бо віну сына лічаць недаказанай:

«У канцы месяца будзе разглядаць прэзыдыюм, як я ведаю. Калі адмовяць, то зьвернемся ў Вярхоўны суд і потым да старшыні».

Ігар Аліневіч быў накіраваны для адбыцьця пакараньня ў Наваполацкую калёнію. Ён яшчэ ў карантыне, кажа бацька вязьня:

«З апошняга ліста зразумела, што яшчэ не перавялі з карантыну. А ўвогуле справы такія: стаўленьне да яго роўнае, піша, што пакуль ціску на сябе не адчувае. Чакае пераводу ў атрад».

4 з паловай гады ўзмоцненага рэжыму атрымаў яшчэ адзін фігурант справы аб нападзе на амбасаду Расеі — студэнт ЭГУ Мікалай Дзядок. Ён адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15. Бацька вязьня Аляксандар Дзядок кажа, што сын хацеў працягваць вучобу дыстанцыйна, але гэта немагчыма, бо ў беларускіх турмах няма доступу вязьняў да інтэрнэту. Сям’я Дзядкоў таксама не пагадзілася з прысудам і працягвае яго абскарджваць:

«Мы, як і іншыя асуджаныя, абскардзілі прысуд у наглядную інстанцыю, у прэзыдыюм Менгарсуду, але баюся, што вынік будзе такі самы. Але мы будзем і далей абскарджваць і пройдзем усе інстанцыі».

Бацька вязьня паведаміў, што пра ціск на сябе з палітычных прычын сын не казаў, але на размове ў спэцчастцы пабываў. Праз тыдзень у Мікалая Дзядка дзень народзінаў — яму спаўняецца 23 гады.

Двойчы трапіў у карцэр у Магілёўскай калёніі Яўген Васьковіч, якога асудзілі на 7 гадоў за пашкоджаньні будынка КДБ у Бабруйску. Першы раз — за тое, што трымаў у сябе Біблію, што не дазволена. Прычына другога пакараньня карцэрам невядомая, кажуць сябры вязьня.

Аляксандар Францкевіч, якога асудзілі на 3 гады за тое, што зьняў адну з акцый анархістаў на відэа, адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Вядома, што нядаўна зь ім бачылася маці. Сябры вязьня, зь якімі ён лістуецца, кажуць пра скаргі на турэмную ежу.

Ці лічацца беларускія анархісты, асуджаныя за напады на будынкі і пратэстныя акцыі, палітычнымі вязьнямі? Журналіст Аляксандар Ярашэвіч адмыслова вывучаў гэтае пытаньне:

«Я размаўляў на гэты конт зь „Вясной“, дык яны іх занесьлі ў сьпіс палітычных вязьняў. Вось калі заходзіш на сайт „Вясны“, ціскаеш на „напішы ліст палітвязьню“ — то яны там ёсьць. Яны кажуць, што гэта палітвязьні, бо сядзяць за свае погляды. А вось наконт „Міжнароднай амністыі“ — тыя кажуць, што ня могуць прызнаць іх вязьнямі сумленьня, бо яны ўчынілі гвалтоўныя дзеяньні».

Беларускія анархісты ладзілі розныя акцыі. У жніўні 2010 году на тэрыторыю амбасады кінулі бутэльку з запальнай вадкасьцю, ад чаго пацярпеў аўтамабіль амбасады. Суд палічыў даказаным, што гэта зрабілі «анархісты», але ніхто з асуджаных гэтага не прызнаў. А вось ад удзелу ў акцыі каля Міністэрства абароны беларускія анархісты не адмовіліся. Тады актывісты выйшлі да Генштабу з плякатам супроць беларуска-расейскіх манэўраў і кінулі на тэрыторыю дымавую шашку, ад якой ніхто не пацярпеў.

Крыніца