Настроить, Войти
Справа беларускіх анархістаў

Справа беларускіх анархістаў

А. ЖЫНЕВІЧ, сацыёлаг, грамадскі актывіст

«Справа беларускіх анархістаў» была заведзена пасля нападу на расійскае пасольства ў Мінску 30 жніўня 2010 года, калі нікому не вядомая група «Друзья свободы» (ДС) кінула кактэйль Молатава ў машыну, прыпаркаваную на стаянцы ля дыпламатычнага прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі. Паводле заявы ДС, гэта была своеасаблівая акцыя салідарнасці з расійскімі палітычнымі зняволенымі, пратэст супраць рэпрэсій у Расіі. Сама акцыя прывяла не да вызвалення актывістаў суседней краіны, а да пераследу ўжо беларускіх анархістаў. Другім вынікам стала ўзрослая, але павярхоўная цікавасць да анархісцкага руху з боку СМІ – як апазіцыйных, так і афіцыйных. Па-за праваабарончым аспектам справы, эвалюцыя гэтай палітычнай плыні адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага актывізма ў Беларусі.

Недахоп кісларода

Заходнія грамадствы ўжо прызвычаіліся да паведамленняў аб сутыкненнях паміж анархістамі і паліцыяй, карабінерамі, спецназам і інш. Моладзевыя бунты, радыкальныя студэнцкія пратэсты, абарона сквотаў, пратэсты супраць палітыкі верхаводаў свету – усё гэта стала ўжо практычна будзённым для заходнееўрапейскага абывацеля. Сёння, у кантэксце крызіса капіталістычнай эканомікі і радыкалізацыі сацыяльных рухаў анархісты становяцца яшчэ і зручным аб’ектам дэманізацыі з боку неаліберальнай прапаганды (чыт. артыкул Пудзіла экстрэмізма).

У 1999 годзе ў Сіэтле падчас канферэнцыі Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі была ўжытая тактыка радыкальнай канфрантацыі. З тых часоў кожная падобная падзея суправаджаецца блакадамі, шэсцямі, мітынгамі, намётавымі лагерамі, падчас якіх часта здзяйсняюцца вулічныя пагромы, нацэленыя на сімвалы і прадстаўніцтвы ўлады і ТНК.

Усе гэтыя акцыі для анархісцкага руху насілі асаблівы сэнс. Па-першае, гэта былі акцыі сілы, якія перакладалі вектар апазіцыйнай палітычнай актыўнасці з паражэнчага ў наступальны, яны дэманстравалі рашучасць паўстання, а не проста выпрошванне нейкіх змен. Часцяком дзеянні г. зв. Чорнага Блока сапраўды прыводзілі да зрыву пасяджэнняў буйных міжурадавых інстытутаў, што ўладараць лёсам чалавецтва. Па-другое, Чорны Блок стаў школай вулічнай барацьбы для цэлага пакалення анархістаў.

Тактыка Чорнага Блока на Захадзе стала губляць эфектыўнасць тады, калі паліцыя краін, у якіх праводзяцца разнастайныя G8, G20, з’езды МВФ, НАФТА, СГА і г.д., навучылася даваць адпор нават добра зладжаным групам. У сувязі з гэтым ажывіліся дыскусіі аб метадах барацьбы, у якіх праглядвала думка аб мэтазгоднасці “партызанскай вайны”: губляецца сэнс нападаць на ненавісныя структуры пад прыкрыццём масавасці і прэзумпцыі невінаватасці, калі паліцыя проста арыштоўвае ўсіх людзей у чорным і ў далейшым ужо больш старанна шукае доказы вінаватасці кожнага з іх. Больш слушным пачынае лічыцца шлях бесперапыннай канфрантацыі, калі горад не так запаланёны паліцыяй і нападаў ніхто не чакае. У “партызанскіх” метадаў ёсць шмат пераваг, такіх як непасрэднасць і амаль стопрацэнтная верагоднасць данясення «паслання» адрасату, магчымасць разведкі і, як вынік, планавання страт, і ў разы меншая верагоднасць сустрэцца з паліцыяй, а галоўнае – іх прымянімасць нават пры адсутнасці шырокамаштабных хваляванняў і пратэстаў. Ёсць і шэраг умоў, такіх як неабходнасць адмовіцца ад публічнасці, старанна прадумваць наступствы сваіх дзеянняў у бягучым палітычным кантэксце і рэальна ацэньваць магчымасці супрацьстаяння рэпрэсіям з боку ўлады ў дачыненні да ўжо “засвечаных” таварышаў.

Анархісцкі рух Усходняй Еўропы шмат у чым спрабуе пераймаць вопыт у заходніх актывістаў, але мясцовае становішча вельмі адстае ад агульнаеўрапейскіх тэндэнцый. Тут няма наогул ніякай падтрымкі нават негвалтоўных анархісцкіх ініцыятываў з боку даволі кансерватыўнага насельніцтва. Што датычыцца Беларусі, само насельніцтва яшчэ вельмі непаваротлівае ў плане адстойвання сваіх правоў і свабод, якія павольна, але дакладна звужаюцца не толькі пры дапамозе законаў, але нават аднымі дырэктывамі прэзідэнта альбо публічнымі заявамі прадстаўнікоў улады.

Частка беларускай моладзі ўсё ж дапускае думкі аб неабходнасці кардынальных сацыяльных пераўтварэнняў, а некаторыя сяк-так здольныя ўспрыняць анархісцкія ідэі. Пры гэтым свядомасць моладзі часта абмежаваная агульнапрынятай аксіёмай, што ад цябе тут нішто не залежыць і ўсё ўжо вырашана за цябе – амаль 18 гадоў патэрналізму Лукашэнкі выгадавалі цэлае пакаленне… Адначасова няма ніякай магчымасці для публічнага палітычнага самавыяўлення. Пры адсутнасці якога б там ні было дыялогу ўлады і грамадства самым рашуча настроеным актывістам адстойванне сваіх поглядаў здаецца магчымым толькі шляхам канфрантацыі.

Інстытуты, якія павінны наладжваць узаемадзеянне дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, у Беларусі знаходзяцца ў зачаткавым стане. Грамадскія аб’яднанні не могуць удзельнічаць у кіраванні ні на мясцовым, ні на рэспубліканскім узроўні. Такія структуры, як Федэрацыя Прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), даўно ўжо не адстойваюць правы працоўных. Заснаваць незалежны прафсаюз у краіне не рэальна… А лепшае, на што здольныя падкантрольныя беларускія прафсаюзы – гэта кантраляваць сваіх удзельнікаў і дапамагаць дасягаць «пагаднення» паміж работнікам і наймальнікам, дзе інтарэсы работніка заўсёды аказваюцца на заднім плане.

Па гэтых прычынах 1 мая 2010 года, у міжнародны дзень салідарнасці працоўных, група анархістаў абрала сваёй мэтай менавіта будынак Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі. Ля ўваходу ў будынак было разбіта некалькі шыб, усярэдзіну закінуты фальш-фаер. Побач пакінуты надпіс: “Далоў бюракратаў!”. Прэс-рэліз быў апублікаваны на сайце belarus.indymedia.org, на якім публікацыя навін ажыццяўляецца па адкрытым прынцыпе. Але следства гэта не хвалявала: яно наўрад ці і падазравала аб магчымасці існавання сайтаў, на якіх могуць публікавацца розныя ініцыятывы. На гэтым жа сайце вісела запрашэнне ад зусім іншай групы на адкрыты семінар адукацыйнай ініцыятывы “Беспартшкола”, куды прыйшлі не толькі жадаючыя пашырыць свой кругагляд, але і атрад спецназу і людзей у цывільным. “Беспартшкола” і яе наведвальнікі не мелі ніякага дачынення да нападу на ФПБ – праз некалькі гадзін усіх адпусцілі. Але гэты семінар стаў апошнім. Абсалютна мірная ініцыятыва, якая збірала ад 20 да 50 наведвальнікаў за вечар, не была гатовая да такіх налётаў. Прэзумпцыя невінаватасці ў Беларусі не ратуе ад пабояў, прымусовага зняцця адбіткаў пальцаў, фатаграфавання.

Далейшае закручванне гаек прывяло да таго, што і ў сваім субкультурным асяроддзі анархічна настроеная частка моладзі не магла самарэалізоўвацца: нават канцэрты зноў сталі падвяргацца нападам рэпрэсіўных органаў.

На фоне таго, што адбываецца, аргументы прыхільнікаў “партызанскай тактыкі” пачалі падавацца больш слушнымі, а менавіта наступныя высновы: па-першае, публічнасць толькі падстаўляе актывістаў пад удар, па-другое, у існуючых умовах легальная і паўлегальна дзейнасць ледзь выконвае сваю задачу прыцягнення новых людзей, па-трэцяе, уплыў мірных ініцыятыў на шырокія масы з дапамогай СМІ застаецца мінімальным. Рэпрэсіі ўладаў і інертнасць мас спрацоўвалі як выклік да канфрантацыі. Таму 2009 і 2010 гады былі асабліва багатыя на радыкальныя акцыі, адказнасць за якія на сябе бралі беларускія анархісцкія групы.

Ад словаў да справы

«Зыходным пунктам» пераходу ад пікетаў і раздач улётак да больш прыкметных дзеянняў было антываеннае шэсце супраць сумесных расійска-беларускіх ваенных вучэнняў, праведзенае каля будынку Генеральнага Штаба Арміі ў верасні 2009 года. Гаворкі з нагоды дарагіх шырокамаштабных вучэнняў кіпелі сярод той часткі грамадства, якая сочыць за навінамі, але выказаць пратэст адважыліся толькі анархісты. Яны прайшліся каля Генштаба з банерамі і з лозунгамі «Народ галадае – палітыкі гуляюць», «Улада нараджае паразітаў» і «Войска – рабства», і напрыканцы на тэрыторыю Штаба прыляцела дымавая шашка.

Пасля антываеннага шэсця сталі адбывацца і іншыя акцыі, дзе выкарыстоўваліся не толькі ўлёткі, банеры і мегафоны, але і піратэхніка і кактэйлі Молатава: напад на казіно “Шангры-Ла” ў Мінску з выкарыстаннем лямпачак з фарбай і фальш-фаера ў знак пратэсту супраць масавага адкрыцця расійскіх казіно ў Беларусі пасля ўказа, які забараняе казіно ў Расіі; атака апорнага пункта міліцыі ў Салігорску, прымеркаваная да адзіных дзён дзеянняў супраць паліцэйскага свавольства ў Беларусі (у разбітае акно кінуты фальш-фаер); атака на ФПБ, пра якую гаворка ідзе вышэй; падпал дзвярэй аддзялення Беларусбанка ў Мінску ў знак пратэсту супраць існуючай фінансавай сістэмы.

Нягледзячы на выкарыстанне новых метадаў, гэтыя акцыі працягвалі насіць сімвалічны характар – шкоду ад іх нельга назваць значнай. Іх галоўны плюс – гэта медыя-эфект. Аднак, прэс-рэліз перадрукоўвалі толькі асобныя апазіцыйна настроеныя СМІ. Афіцыйныя ж у лепшым выпадку абмяжоўваліся канстатацыяй факту, у горшым – прыводзілі здагадкі і меркаванні, якія выстаўляюць анархістаў нематываванымі агрэсарамі і бязмозглымі хуліганамі, што наогул з’яўляецца характэрнай іх рэакцыяй на любую апазіцыйную дзейнасць у Беларусі.

Атака расійскага пасольства кактэйлямі Молатава, якая адбылася 30 жніўня 2010 года і пазбавіла задняга шкла аўтамабіль, прыпаркаваны на яго тэрыторыі, паслужыла спускавым кручком рэпрэсій, што абрынуліся на беларускі лібертарны рух. На допытах некаторым так і было сказана: «Мы вас доўга цярпелі, але вы зусім абнаглелі».

Паводле прэс-рэлізу, акцыя была накіравана супраць арышту актывістаў руху за захаванне лесу ў падмаскоўным горадзе Хімкі. Упершыню ўсе пачулі пра існаванне ў Беларусі нейкай радыкальнай групы «Друзья Свободы». Гэта быў тэарэтычна правільны ход з пункту гледжання закранання іншых актывістаў: калі раней усе называлі сябе анархістамі, незалежна ад абраных метадаў працы, то зараз вылучылася асобная радыкальная група, да якой настроеныя мірным чынам актывісты не маюць адносін. Гэта спрацавала б, калі б гэтая акцыя не прыйшлася на пік абвастрэнняў адносін паміж кіраўніцтвам Расіі і Беларусі. Сам прэс-рэліз быў апублікаваны на той жа belarus.indymedia.org са спазненнем на тры дні, за якія ўлады дзвюх краін паспелі ўзаемна абвінаваціць адно аднаго ў правакацыях. МЗС Расіі запатрабавала дбайнага расследавання гэтай справы – для нармалізацыі адносін катастрафічна неабходна было разблытаць клубок здагадак і тэорый правакацый.

Таму 3 верасня 2010 г. 7 чалавек былі затрыманыя ўпраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і змешчаны ў ІЧУ. У гэты час адбываецца яшчэ адна радыкальная акцыя: «Друзья Свободы» атакуюць кактэйлямі Молатава вароты ІЧУ, дзе ўтрымліваюцца затрыманыя, а ў прэс-рэлізе заяўляюць, што ўлады захапілі не тых людзей, і бяруць на сябе адказнасць за ўсе радыкальныя эпізоды, па якіх затрыманыя актывісты анархічнага руху.

Аднак адзін з затрыманых, Аляксандр Францкевіч, асуджаны на 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, усё ж прызнаўся, што здымаў напад на пункт міліцыі ў Салігорску на відэа. Таксама яму інкрымінуюць узлом сайта Наваполацкага гарвыканкама, на якім быў змешчаны анархісцкі памфлет пад назвай «Хто скраў наша шчасце?». Вось некаторыя вытрымкі з яго: «Навошта мы жывем? Для таго, каб трэць свайго жыцця праводзіць на працоўным месцы? Для таго, каб, як заведзеныя, рабіць адное і тое ж на працягу тыдняў, месяцаў, гадоў? … Жыццё абсалютнай большасці з нас – гэта спектакль, распісаны да апошняй дробязі, і распісаны, у асноўным, без нашага ўдзелу…» У сваім апошнім слове ў судзе Аляксандр скажа: «Адзіная кропка спатыкнення, па маім вопыце зносін, – гэта пакорлівасць: пакорлівасць пракурору, пакорлівасць суду, пакорлівасць прызнаць віну…».

Другі, Мікалай Дзядок, утрымліваецца ў ІЧУ, кожныя тры дні яго перазатрымліваюць па новай справе. Заганная практыка бесперапынных перазатрыманняў з-за адсутнасці канкрэтных падстаў да абвінавачвання была ўзятая на ўзбраенне і ўжывалася і да іншых актывістаў; адвакаты не маглі знайсці сваіх падапечных па некалькі сутак, у той час як працэсуальны кодэкс гарантуе абаронцу на працягу 24 гадзін. У цэлым па краіне прайшлі праз “гутаркі” (неафіцыйныя допыты), допыты і ператрусы каля сотні чалавек. Нарэшце Мікалаю прад’яўляюць абвінавачанне ў арганізацыі акцыі супраць ваенных вучэнняў Захад-2009. Мікалай цвёрда адмаўляе сваю віну. Яму пагражаюць фізічнай расправай, праблемамі ў камеры і па месцы адбывання пакарання з іншымі вязнямі, але гэта не спрацавала – прызнальных паказанняў ад яго так і не дамагліся, а ніякіх іншых доказаў не было. За гэты час органы знаходзяць сведак, якія пад ціскам следства сцвярджаюць, што ён таксама арганізаваў акцыі супраць казіно і Дома прафсаюзаў, што дае падставу асудзіць Мікалая на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Сведкам пагражалі праблемамі на працы і па месцы навучання, у тым ліку і праблемамі ў бацькоў, на Акрэсціна пагражалі сэксуальным гвалтам, з некаторых патрэбныя паказанні спрабавалі выбіць фізічна.

Міжнародная кампанія шырылася: акцыі салідарнасці пракаціліся па Еўропе, Расіі, дзе праводзіліся ў асноўным мірныя пікеты, і нават Мексіцы, дзе адбыліся напады на банкі.

solidarity1.jpg

Аднак і ў Беларусі радыкальныя метады знайшлі свой працяг. У кастрычніку ў знак салідарнасці быў атакаваны кактэйлямі Молатава аддзел КДБ у Бабруйску. Цікава, што група, якую пазней асудзяць за гэты інцыдэнт, таксама назвалася «Друзья Свободы», аднак пазнаёміліся яны з астатнімі фігурантамі «справы анархістаў» толькі ў зале суда. Яўген Васьковіч, які наогул не быў анархістам, а быў сябрам… кансерватыўнай (незарэгістраванай) партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і мясцовай ячэйкі Маладога Фронту, быў злоўлены не адразу, а толькі 19 снежня, у час масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў чарговых выбараў прэзідэнта. Яму, як і яго паплечнікам, Паўлу Сырамолатаву і Арцёму Пракапенка, прысудзілі 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Довады абвінавачвання будаваліся на здагадках, што магло б адбыцца, але не адбылося: абвінавачванне нафантазіравала 2 мільярды беларускіх рублёў магчымай шкоды пры 253 тысячах фактычнай. У сваім апошнім слове Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб зробленым: ён спрабаваў абараніць спрадвечныя беларускія каштоўнасці і перанясе ўсе цяжкасці, з якімі яму прыйдзецца сутыкнуцца ў турме.

17 лістапада затрыманы Дзяніс Быстрык, яму кажуць, што раней схоплены Максім Веткін прызнаў сваю віну ў нападзе на расійскае пасольства і Беларусбанк і сведчыць супраць яго. Дзяніс у сваю чаргу прызнаецца, што здымаў на відэа інцыдэнт ля расійскага пасольства. Яму прапаноўваюць дапамагчы следству знайсці двух уцекачоў, абвінавачаных па справе анархістаў: не трэба было нічога рабіць – проста выйсці на сувязь і дамовіцца з імі пра сустрэчу. Аднак гэта ў планы Дзяніса не ўваходзіла: яго адпускаюць пад падпіску аб нявыездзе, і ён пакідае краіну. Пасля ён пісьмова адмаўляецца ад сваіх паказанняў і сцвярджае, што падпісаў іх пад ціскам, але на зыход справы гэта ніяк не ўплывае.

Выгоды і кошт вымушанага збліжэння з апазіцыяй

Аднак такі план спрацоўвае з іншым затрыманым – Антонам Лапцёнкам. Ён згаджаецца прызначыць сустрэчу з уцекачамі, у той час як за ім пачалі сачыць. У Маскве Ігар Аліневіч і Дзмітрый Дубоўскі прыйшлі на сустрэчу з ім. Антон Лапцёнак не прыйшоў – замест яго прыбылі супрацоўнікі КДБ. Дзмітрый паспеў збегчы і да гэтага часу не злоўлены дзякуючы сваёй крайняй асцярожнасці, Ігар – не паспеў. Ні пра якія правілы экстрадыцыі не ішло й гаворкі. Паводле яго словаў, на працягу сутак падчас транспарціроўкі ён быў скаваны кайданамі, частку дарогі ехаў з насунутай на твар кепкай, галавой уткнуты ў сядзенне. У СІЗА КДБ адразу не дапытвалі, а прымушалі прызнацца, ужывалі дасканалы псіхалагічны ціск, які мы не можам уявіць, седзячы ля экранаў манітораў, інсцэніравалі званкі да хворай бабулі сярод ночы, каб паведаміць пра яго затрыманне. Ён доўгі час утрымліваецца ў ізалятары КДБ і абвінавачваецца ў нападзе на расійскае пасольства, нападзе на ІЧУ па вул. Акрэсціна, а таксама ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця. Ігар прызнае, што ўдзельнічаў у вышэйзгаданым шэсці, але злачынствам гэта не лічыць. Праваабаронцы таксама ўпэўненыя, што гэта абвінавачванне зусім не ўтрымлівае складу крымінальнага злачынства. Што тычыцца астатніх эпізодаў, сваю віну Ігар не прызнае, аднак шэраг ускосных доказаў і выбітых паказанняў дазваляе суду асудзіць яго на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У сваім апошнім слове ён кажа: «Дзеянні праваахоўных органаў па прыцягненні мяне ў якасці злога генія я лічу спробай аказаць ціск на анархісцкі рух Беларусі, паказаць, што любы можа быць абвінавачаны, усё роўна – актыўны ўдзельнік або проста спачувае».

Іншых абвінавачаных прызнальныя паказанні не выратавалі: Максім Веткін асуджаны на 4, а Яўген Сілівончык – на 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Аднак галоўныя сведкі Захар Канафальскі і Юнес Акдзіф застаюцца на свабодзе, нягледзячы на непасрэдны ўдзел у акцыях.

Падчас спрэчкі бакоў пракурор заявіў, што справа не з’яўляецца палітычнай. Пры гэтым ён зазначыў: “Яны супрацьпастаўляюць сябе грамадству. Яны – супраць усіх: супраць МУС, дзяржавы, пасольстваў. Яны не прызнаюць законаў, акрамя законаў фізікі і хіміі”.

Праваабаронцы пасля канстатуюць: у ходзе судовага разбіральніцтва не ў поўнай меры выконваўся прынцып роўнасці бакоў па прадстаўленні доказаў; абгрунтаваныя хадайніцтвы абароны, у тым ліку аб допыце сведак, часта судом не задавальняліся, што не дазваляла аб’ектыўны і ўсебаковы разгляд справы судом і сведчыла аб абвінаваўчым ухіле судовага працэсу ў цэлым.

Усе гэтыя падзеі адбываліся на фоне падрыхтоўкі да пераабрання прэзідэнта А.Г.Лукашэнкі і ўжо пасля выбараў. З большага гэтым можна растлумачыць мітуслівы і напружаны ход следства, узаемадзеянне МУС і спецслужбаў, якія ў Беларусі першапачаткова канфліктуюць.

Анархісцкі рух у Беларусі на восень-вясну 2010-2011 гадоў быў вымушаны прыпыніць бягучую актыўнасць і заняцца ўнутранымі пытаннямі і такімі ініцыятывамі, як Анархічны Чорны Крыж – міжнародная сетка ўзаемадапамогі і салідарнасці са зняволенымі таварышамі. На жаль, ён аказаўся не гатовым да падобных рэпрэсій з-за сваёй нешматлікасці і адноснай аўтаномнасці, дзякуючы якой мог заставацца незалежным рухам. Усе папярэднія гады анархісты былі досыць асцярожнымі: яны не маглі дазволіць сабе працяглыя акцыі ў цэнтры горада, пасля якіх арышт гарантаваны на 95%, як магла беларуская апазіцыя дзякуючы наяўнай фінансавай і юрыдычнай падтрымцы з Захаду, і вельмі рэдка падвяргаліся арыштам «на месцы здарэння». Яны адмаўляліся ісці па пракладзенай дарожцы і папаўняць спісы свядомых ахвяр рэжыму. З-за гэтага іх часам спрабавалі абвінаваціць нават у супрацоўніцтве з органамі дзяржаўнай бяспекі (!sic). Але пазбегнуць рэпрэсій усё ж не атрымалася, таму ў ходзе кампаніі падтрымкі ўсё ж было наладжана ўзаемадзеянне з апазіцыйна настроенымі СМІ і праваабаронцамі, некаторым актывістам прыйшлося выйсці з ценю, было зроблена шмат высноў. Быць анархістам у Беларусі толькі падаецца зручным: на самой справе гэта патрабуе вялікай рашучасці і пастаяннага напружання розуму. Для анархістаў не існуе дырэктыў і гарантаваных заступнікаў, ёсць толькі ўласнае сумленне і пастаянная неабходнасць выпрацоўкі новых стратэгій, якія паступова пераймаюцца іншымі апазіцыйна настроенымі рухамі.

І ў той час як “дзекабрысты” маюць усе шанцы неўзабаве выйсці на волю (рэжым вымушаны будзе вызваліць усіх палітзняволеных, спадзеючыся такім чынам хоць неяк нармалізаваць адносіны з Еўропай), то для асуджаных па “справе анархістаў” гэтая перспектыва не з’яўляецца настолькі ж відавочнай. Калі меркаваць па несуразмернасці “злачынстваў” (якія яны таксама не прызналі) і пакаранняў, абсалютна лагічным было б уключыць іх у гэты спіс. Але ці будзе каму за іх заступіцца ў еўраструктурах?

Крыніца

Части
Комментарии
  • автор Gordon, дата 2011-09-04 22:16, ссылка

    Убрал из названия статьи сайт-оригинал. В конце концов уж больно это агрессивная реклама какая-то получается на страницах индимедии.