У Менску сустрэліся праваабаронцы і бацькі трох бабруйскіх анархістаў, асуджаных за напад на будынак КДБ да 7 гадоў зьняволеньня. Бацькі просяць прызнаць іх сыноў палітвязьнямі, спадзеючыся, што гэта дазволіць дамагчыся вызваленьня.
На сустрэчы праваабаронцаў і палітыкаў 5 кастрычніка быў узгоднены сьпіс палітвязьняў, вызваленьня якіх дамагаецца грамадзянская супольнасьць Беларусі. Гэты сьпіс, ужо накіраваны ў эўрапейскія структуры, пабудаваны паводле формулы 11+3. У першую частку формулы ўключаныя зьняволеныя экс-кандыдаты на прэзыдэнта, іншыя вязьні Плошчы, Аўтуховіч, Бяляцкі, Дашкевіч, Лобаў, а таксама тры засуджаныя ў Менску анархісты. Тры зьняволеныя, якія застаюцца па-за дужкамі, — гэта Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў, якім прысудзілі за спробу падпалу бабруйскага КДБ сямігадовыя тэрміны. Гаворыць бабуля аднаго з асуджаных, Тамара Васьковіч:
«Я разьлічваю на дапамогу ўсёй грамадзкасьці, бо ён палітвязень. Ён, выступаючы на судзе, не прасіў літасьці, а сказаў, што адстойвае свой пункт гледжаньня: «Жыцьцё кароткае, а радзіма адна, і я павінен яе абараняць».
У калёніі Яўген Васьковіч адмовіўся «працаваць на рэжым» і большую частку часу праводзіць у штрафным ізалятары з-за адмовы падпарадкавацца адміністрацыі калёніі.
Адзін зь менскіх анархістаў, якія ўжо прызнаныя палітвязьнямі, Ігар Аліневіч 11 кастрычніка ўпершыню за час зьняволеньня патэлефанаваў маці. Валянціна Аліневіч паведаміла, што першым было пытаньне сына: а чаму бабруйскіх хлопцаў не прызналі палітвязьнямі?
Беларускія праваабаронцы тлумачаць, што бачаць ва ўчынку бабруйскіх анархістаў, у іхнай спробе кінуць дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю ў будынак КДБ нямірны характар. Старшыня БХК Алег Гулак:
«Усё ж казаць пра яўна незаконныя выракі, як гэта было па ўдзельніках падзей 19 сьнежня, па менскай справе анархістаў, пакуль мы ня можам, зыходзячы з выраку і з той інфармацыі па бабруйскай справе, — гэта два прынцыпова розныя выпадкі».
Другая прычына таго, што пра бабруйскіх актывістаў забыліся, — тое, што іх бацькі да апошняга часу маўчалі, амаль не зьвярталіся ў прэсу і да праваабаронцаў. Маці Паўла Сырамолатава Галіна кажа, што іх запалохвала сьледзтва:
«Мы падавалі ўсе скаргі, як і Пракапенкі, але сюды зьвяртацца баяліся. Бо нас папярэджвалі, што гэта можа кепска адбіцца на дзецях».
Бацька Арцёма Пракапенкі кажа, што дзяржава сама зрабіла іх дзяцей палітвязьнямі, сурова засудзіўшы іх за пратэстны ўчынак, які нанёс шкоду каля 30 даляраў. Анатоль Пракапенка:
«Гэта ж дзеці яшчэ, ім па 19–20 гадоў. Так, у іх юнацкі максымалізм, свае погляды, якія яны выказалі не зусім прымальным спосабам… Мы будзем выкарыстоўваць усе даступныя мэтады для таго, каб вызваліць нашага сына. Дапаможа гэта ці не — паглядзім».
Палітыкі Ўладзімер Раманоўскі з АГП і Віталь Рымашэўскі з БХД заявілі, што іх партыі адназначна прызнаюць бабруйскіх анархістаў палітвязьнямі:
«Цяперашняя ўлада ўвесь час правакуе грамадзтва на супраціў у той ці іншай форме. І ў гэтым палягае палітычны фактар, палітычная аснова гэтай праблемы», — зазначыў Уладзімер Раманоўскі.
«Самае галоўнае ў тым, што гэта палітычная справа і што іх трэба вызваліць, і мы павінны быць салідарныя ў гэтым, павінны быць разам, — лічыць Віталь Рымашэўскі. — Калі мы будзем зараз гаварыць пра тое, мелі яны намер ці не, была гэта падрыхтаваная група ці не, калі будзем па літары закону разьбіраць, то я баюся, што гэтым хлопцам па гэтай літары, грунтуючыся на іх жа паказаньнях, можна дабавіць тэрмін».
Бацькі бабруйскіх анархістаў, палітыкі, актывісты грамадзянскай супольнасьці шмат казалі пра парушэньні падчас суду над анархістамі, ціск і запалохваньні з боку сьледчага, пра празьмерна суровую кваліфікацыю іхнага ўчынку і неапраўдана суровы вырак, пра дасудовую перадузятую ацэнку іх дзеяньняў у дзяржаўных СМІ, пра тое, што ў іх не было намеру спаліць будынак, а толькі выказаць пратэст, нарэшце — пра палітычную адказнасьць тых, хто заклікае суграмадзян да барацьбы з дыктатурай.
Праваабаронцы заявілі, што праз тыдзень змогуць зрабіць нейкія высновы.
«Мы зараз будзем вывучаць тыя дакумэнты, якія ёсьць па гэтай справе: прысуд, касацыйныя скаргі, сьведчаньні, якія зможам атрымаць, — кажа Алег Гулак. — З гэтага будзем рабіць высновы. Але ўжо сёньня зразумела, што справа безумоўна палітызаваная, а з другога боку — хлопцы відавочна рабілі нямірныя дзеяньні. Падпалы мы ўсё ж ня можам абараняць як сродкі палітычнай барацьбы».