Адвакаты актывістаў анархісцкага руху Ігара Аліневіча і Аляксандра Францкевіча падалі ў Вярхоўны суд скаргі на вынесеныя ім прысуды. Днямі скаргу ў Вярхоўны суд накіруе і Мікалай Дзядок.
У канцы траўня адбыўся суд над актывістамі анархісцкага руху Беларусі, якіх прызналі вінаватымі ў нападзе на шэраг будынкаў, у тым ліку амбасаду Расеі ды ізалятар на Акрэсьціна, а таксама ў правядзеньні акцыі пратэсту каля Мінабароны. Тры актывісты атрымалі тэрміны ад 3 да 8 гадоў, яшчэ двух пакаралі ўмоўна. Як адбываюць пакараньне тыя, каго пасадзілі за краты?
Найбольшае пакараньне — 8 гадоў — атрымаў мянчук Ігар Аліневіч. Яго затрымалі год таму ў Маскве, куды малады чалавек зьехаў, як кажа сьледзтва, хаваючыся ад суду. Падчас сьледзтва Ігара Аліневіча трымалі ў ізалятары КДБ, там ён засьпеў час, калі ў «амэрыканку» пасадзілі некалькі дзясяткаў удзельнікаў Плошчы, у тым ліку кандыдатаў на прэзыдэнта. Жорсткае абыходжаньне ахоўнікаў, пра якое распавядалі пазьней вязьні «амэрыканкі», зьведаў і Ігар Аліневіч. Адбывае пакараньне Ігар Аліневіч у Наваполацкай калёніі. Мінулыя выходныя зь ім упершыню мелі доўгатэрміновае спатканьне бацькі. Бацька вязьня Ўладзімер Аліневіч распавёў:
«У карцэр яго не саджалі, стаўленьне да яго, як і да іншых. Не скажу, што добрае ці дрэннае, а роўнае, як да ўсіх. А да таго былі кароткатэрміновыя спатканьні, нам не адмаўлялі ў гэтым. Наконт працы — сталай няма. Калі ёсьць праца, нешта з дрэваапрацоўкай зьвязанае, то выходзяць, але ўвесь час такога няма».
Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Ігара Аліневіча на прысуд Заводзкага суду, але вязень і ягоны адвакат не саступаюць і падалі скаргу ў Вярхоўны суд. Дзень разгляду скаргі яшчэ не прызначаны.
Чакаюць разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе і сваякі Аляксандра Францкевіча, якому яшчэ адбываць у зьняволеньні год і 9 месяцаў. Трымаюць Францкевіча ў Івацэвіцкай калёніі, дзе сядзіць актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў. Як і Лобаву, раней Францкевічу адміністрацыя прапаноўвала напісаць прашэньне аб памілаваньні, але актывіст адмовіўся, бо лічыць сябе невінаватым. «Больш сыну такіх прапаноў не рабілі», — кажа маці вязьня Тацяна Францкевіч, якія нядаўна бачылася з Аляксандрам:
«Больш не прапаноўваюць, але і не чапаюць. Здароўе ў яго, так бы мовіць, сярэдняе. У яго ж адна нырка. Ледзь дамаглася, каб дазволілі перадаць яму адмысловыя лекі, каб падтрымаць яго. Але дазволілі».
Тацяна Францкевіч паведаміла таксама, што апошнія месяцы ад сына сталі рэдка даходзіць лісты і яму скарацілі колькасьць званкоў дамоў — з трох да аднаго на месяц.
4 з паловай гады калёніі атрымаў яшчэ адзін актывіст анархісцкага руху — студэнт ЭГУ Мікалай Дзядок. Ужо ў зьняволеньні Мікалай Дзядок пабраўся шлюбам з Валерыяй Хоцінай. Жонка вязьня магілёўскай 15-й калёніі распавяла, што за нязначныя парушэньні турэмнага рэжыму Мікалая ўжо некалькі разоў каралі:
«Выйшаў, не зашпіліўшы гузік, і яго пазбавілі дня са спатканьня. Потым пазбавілі адной перадачы, прыйдзецца яе прапусьціць, наступная будзе толькі ў лютым, і яшчэ скарацілі суму грошай, якую можна патраціць у турэмнай краме. Раней было 210 тысяч на месяц, зараз толькі 35».
Мікалай Дзядок сам складае скаргу ў Вярхоўны суд, якую днямі мае адправіць.