У лісце з турмы да сястры Ігар Аліневіч апісаў здзекі за кратамі.
«…Пасля Плошчы пачаўся масавы прэс. У СІЗА нагналі карнікаў у масках. Пастаянна раўлі, рэгулярныя шмоны. Гэта душыла волю. Пасля Новага года збілі тройчы за непадпарадкаванне зневажальным загадам. Ініцыятарам гэтай «творчасці» стаў начальнік СІЗА КДБ Арлоў, — мяркуе палітвязень Аліневіч.
— Забралі ТБ. Пасля вярнулі, але круцілі перадачы пра ўсялякую містыку, чачэнцаў, жыдамасонскую змову і іншае. Гэта моцна ціснула на псіхіку, але глядзець — абавязкова.
Адвакатаў не пускалі да канца следства. Бліжэй да лютага 2011 пачалося ўзмацненне жорсткасці. Прымушалі голым стаяць на падлозе, без мэты прысядаць, некаторых клалі проста тварам.
Але самае жорсткае — бег з рэчамі і матрацам па калідорах і лесвіцах. Я ў выніку плюнуў і адмовіўся: вырашыў «ускрыцца», каб паехаць у бальнічку. Але начальнік «прахаваў» усё, бо ў іх у камерах відэаназіранне і [сочаць] псіхолагі, якія рэгулююць узровень ціску на чалавека. У выніку самыя жорсткія катаванні знялі, а да сакавіка і зусім адмянілі. Але ўсё перажыў нармальна. Час бавіў за чытаннем энцыклапедыі па псіхалогіі, навучаннем маляванню па дапаможніку, гульнямі ў шахматы і даміно, фізухай.
Яшчэ зімой я ведаў, чым усё скончыцца, і нават змірыўся. На судзе больш быў рады магчымасці ўбачыць бацькоў, сяброў і, канечне, сваіх таварышаў, якія духам не палі. А таксама паглядзець у вочы тым баязліўцам і здраднікам, якія мяне сюды пасадзілі.
Калі з’язджаў на Валадарку, начальнік СІЗА прыйшоў у камеру. Гаварыў пра несправядлівы прысуд і прапаноўваў застацца ў іх на прывілеяваных умовах хакерам працаваць.
Абяцалі ноўтбук. Пасля, калі адмовіўся, прапаноўвалі ў персанал абслугі пайсці. Танныя метады. …Ты ведаеш, уся гэтая сітуацыя з пратэстамі, арыштамі, палітзэкамі і падобнае дабротна ўплывае на соцыум.
Людзі пачалі знаёміцца ў ізалятарах, падчас пратэстаў, пры абмеркаванні акцыі і пры салідарнасці з палітвязнямі. Летнія пратэсты з’явіліся з самога народу — апазіцыя да іх не мае дачынення. Лета — толькі рэпетыцыя. Больш буйныя падзеі наперадзе.
Самае галоўнае, каб ты не думала, што я тут пакутую. Зразумей, у мяне сумленне чыстае. Змагаўся за праўду смела, трымаў адказ прыстойна. Мяне любяць і паважаюць. Так што на душы лёгка і радасна, а асабісты досвед і карысныя знаёмствы ўзбагаціліся, напэўна. Засталося прайсці толькі выпрабаванне часам. Яно адкіне ўсё лішняе і непатрэбнае, і я выйду зусім цэласным чалавекам».