Настроить, Войти
Мікалай Дзядок у карцары
автор АЧК-Беларусь, дата 2012-03-16 13:01, оригинал, история, textile

Сення ў папраўчай калоніі №15 бацькам Мікалая Дзядка паведамілі, што той пакараны 5 суткамі штрафнога ізалятару. Выйдзе з карцару Мікалай ужо заўтра, 17 сакавіка. Прычына – чарговае парушэнне правілаў калоніі.

Гэта ўжо шостае парушэнне правілаў унутранага распарадку, якое мае Дзядок – папярэдне яго пазбавілі 1 перадачы і знізілі суму для набыцця прадуктаў першай неабходнасці да 1 базавай велічыні (35 000 рублёў) на год.

У сувязі з гэтым на паседжанні камісіі па вырашэнні пытання аб замене пакарання больш мяккім, якое прайшло 6 сакавіка 2012 г., Дзядку было ў замене адмоўлена “да змены ступені атэстацыі”, гэта значыць, калі ён перастане лічыцца злосным парушальнікам правілаў калоніі. Нагадаем, што кожнае парушэнне доўжыцца мінімум 1 год.

Таксама вядома, што 1 сакавіка Мікалая ў калоніі зноў наведаў супрацоўнік ГУБОП Аляксандр Ліцвінскі, які кіраваў зачысткай анархістаў восенню 2010 году. Ён быў надта незадаволены тым, што інфармацыя пра яго папярэдні візіт была апублікаваная ў незалежных СМІ.

Да ўсяго, Мікола ўжо 3 тыдні не атрымлівае лістоў ад сваёй жонкі, Валерыі Хоцінай. У сувязі з гэтым на імя начальніка калоніі была накіравана адмысловая скарга.