Што такое Індымэдыя?
Індымэдыя - гэта скаардынаваная сетка Незалежных мэдыя-цэнтраў, мэта якой - радыкальна, дакладна і эмацыйна казаць людзям праўду. Нас аб'ядноўвае захапленьне і натхнёнасьць людзьмі, якія працягваюць барацьбу за лепшы сьвет, насуперак перакручваньню фактаў у карпаратыўных мэдыя і іх нежаданьню казаць пра тых, хто працуе дзеля вызваленьня чалавецтва.
Гісторыя Індымэдыі
Незалежны мэдыя-цэнтар (http://www.indymedia.org) быў заснаваны рознымі незалежнымі і альтэрнатыўнымі мэдыя-арганізацыямі і актывістамі ў 1999 годзе дзеля таго, каб забясьпечыць як мага больш шырокую інфармацыйную падтрымку пратэстам супраць Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) (http://www.wto.org) у Сыэтле. Цэнтар працаваў як месца збору і абмену інфармацыяй для журналістаў, і распаўсюджваў апошнія навіны, фота-, аўдыё- і відэаматэрыялы з дапамогай свайго вэб-сайту. Незалежны мэдыя-цэнтар Сыэтлу (http://seattle.indymedia.org) выкарыстаў гэтыя матэрыялы для стварэньня сэрыі зь пяці дакумэнтальных фільмаў, якія штодня перадаваліся на сатэліт і распаўсюджваліся на грамадзкія тэлестанцыі па ўсіх Злучаных штатах.
Цэнтар таксама выдаваў газэту, якая, як і сотні аўдыёфрагмэнтаў, распаўсюджвалася ў Сыэтле і іншых гарадох праз інтэрнэт. Мікра- і інтэрнэт радыёстанцыя Studio X, што знаходзіцца ў Сыэтле і працуе 24 гадзіны ў дзень, транслявала апошнія рэпартажы зь месца падзеяў. На сайце, дзякуючы дэмакратычнай сыстэме адкрытых публікацыяў, было зьмешчана больш чым 2 мільёны паведамленьняў, і інфармацыю зь яго выкарыстоўвалі America Online, Yahoo, CNN, BBC Online і шматлікія іншыя сайты. Цягам аднаго году пасьля падзеяў у Сыэтле сотні мэдыя-актывістаў, якія аб'ядналіся ў дэцэнтралізаваную і аўтаномную сетку, заснавалі незалежныя мэдыя-цэнтры ў Лёндане, Мэхіка, Празе, Бэльгіі, Францыі і Італіі. Сёньня незалежныя мэдыя-цэнтры працуюць на кожным кантынэнце, і працэс пашырэньня гэтае супольнасьці нішто ня спыніць.
Больш разгорнутая інфармацыя зьмешчаная ў FAQ Індымэдыі.