У цяперашні момант урад дапрацоўвае пакет рэформ вышэйшай адукацыі.
Іх асноўны змест наступны:
1. Навучанне скарачаецца да 4-х год з наданнем звання "бакалаўр", затым для абраных навучанне можа быць працягнута (не больш, чым для 30% бакалаўраў, пераважна на платнай аснове) на 1-2 гады з наданнем звання "магістр".
2. Уводзіцца кантрактная сістэма. Яна прадугледжвае навучанне ў крэдыт ад дзяржавы, які па заканчэнні навучання павінен быць выплачаны грашыма ці адпрацаваны пацігадовым прымусовым размеркаваннем. Фактычна, гэта азначае ліквідацыю бясплатнай адукацыі. Агалошаная мэта рэформы - аптымізаваць навучальны працэс, палепшыць якасць адукацыі. Аднак некаторыя факты прымушаюць усумніцца ў чэснасці афіцыйнай пазіцыі.
Фінансаванне
У 2003 годзе доля расходаў на адукацыю ў бюджэце складала 408 млрд руб. з 6,59 трлн, г. зн. 6,2%, у 2004 годзе - 511 млрд з 13,9 трлн, г.зн. 3,7% бюджэта. Гэта тэндэнцыя. Сітуацыю робіць больш ясным дзеючае пастанаўленне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.05.2004 №605: "Старанная інвентарызацыя наяўных навучальных планаў і праграм, перагляд іх зместу ў мэтах выключэння дысцыплін, якія не аказваюць істотнага ўплыву на якасць падрыхтоўкі спецыяліста, дазволяць зменшыць тэрміны навучання, аптымізаваць змест навучання, скараціць аб'ёмы бюджэтнага фінансавання ў сферы адукацыі". Пагадзіцеся, вельмі дзіўная мэта для дзяржавы, якая з года ў год выхваляецца небывалым і стабільным эканамічным ростам (каля 10%!).
ПЛАЦІ БОЛЕЙ, ВУЧЫСЯ МЕНЕЙ ЦІ ПРАВА НА АДУКАЦЫЮ АБАРАНІ!!! РАЗАМ мы прымусім ІХ выслухаць НАС да канца
Якасць і даступнасць
Відавочна, што пры скарачэнні фінансавання ўзровень адукацыі ўпадзе. Таму рэформа прадугледжвае два пункты, што нібыта павінны кампенсаваць скарачэнне датацый:
1. Пашырэнне фінансавай аўтаноміі кіравання ў ВНУ, што ва ўмовах скарачэння фінансавання развязвае рукі мясцовай вертыкалі па ўвядзенні платных паслугаў, скарачэнні ліку бюджэтных месцаў, падвышэння коштаў платнага навучання, камерцыялізацыі магістратуры. Дарэчы, у бягучым годзе "платнікі" ўпершыню абагналі "бюджэтнікаў" - іх колькасць складае ўжо 52% ад агульнага ліку студэнтаў.
2. Узмацненне ролі самастойнай навучальнай працы студэнтаў. Як гэта адаб'ецца на якасці адукацыі - мяркуйце самі. Цыкл гуманітарных прадметаў будзе, па ўсім гледзячы, абмяжоўвацца ідэалогіяй і гісторыяй "Вялікай Айчыннай вайны".
Правы студэнтаў
На прэс-канферэнцыі 26 студзеня Лукашэнка сказаў: "Студентов надо приобщать к выработке решений на государственном уровне". Ці не будзе гэта значыць адно выдзяленне дадатковых дзяржаўных сродкаў такім арганізацыям, як БРСМ, на ідэалагічную працу з моладдзю? Улада ізноў наступае на нашыя правы і ўсё больш губляе давер. Наўздагон за змяншэннем датацый на ЖКХ і медыцыну скарачаюцца фінансаванне адукацыі. Адзіны спосаб спыніць самаўладства - патрабаваць поўнай празрыстасці і адказнасці кіраўніцтва ВНУ перад незалежнымі Радамі студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў і бацькоў, у тым ліку і ў фінансавай сферы. Толькі наўпроставым народным кантролем можна прымусіць паважаць нашыя правы. Дэмакратыя - гэта не колькасць месцаў у парламенце, дэмакратыя - гэта здольнасць грамадзян самім развязваць пытанні гаспадаркі і кіравання.
НЕ - КАМЕРЦЫЯЛІЗАЦЫІ АДУКАЦЫІ!
НЕ - ПРЫМУСОВАМУ РАЗМЕРКАВАННЮ!
ТАК - ДАСТУПНАЙ, СВАБОДНАЙ І БЯСПЛАТНАЙ АДУКАЦЫІ!
Рух за студэнцкае самакіраванне StudOrg[@]yandex.ru