Тое, што скандальны праект закону “Аб вышэйшай адукацыі" адкліканы з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па патрабаваньні кіраўніка дзяржавы, ніякім чынам не паўплывала на хаду рэформы вышэйшай адукацыі. Сёньня, калі пасьля гістарычнага рашэньня прайшло досьць часу, гэта ёсьць відавочным. Рэформа вышэйшай адукацыі, якая пачалася яшчэ ў сярэдзіне 90-ых, працягваецца і бяз гэтага закону, які хутчэй пакліканы легітымізаваць зьмены, што ўжо адбыліся, чым прапанаваць новую парадыгму рэформы.
Пагатоў, акрамя недарэчнага законапраекту існуюць іншыя зацьверджаныя Саветам Міністраў заканадаўчыя акты, якія і задаюць кірунак рэформы. Перадусім, з 2002 г. дзейнічае новая рэдакцыя закону “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама “Палажэньне аб ступенях вышэйшай адукацыі” (пастанова Савета Міністраў РБ № 1419 ад 14.10.2002 г.). Да таго ж, за гады рэформы дзеля ейнага ідэялягічнага абгрунтаваньня былі распрацаваныя ажно 3 канцэпцыі пераходу на дзьвюхступеневую сыстэму адукацыі. Так, яшчэ ў “Канцэпцыі разьвіцьця вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” (пастанова Савета Міністраў РБ № 1637 ад 27.10.1998) сярод мэтаў і задачаў удасканаленьня сыстэмы вышэйшай адукацыі на пэрыяд да 2005 г. было прапанавана, у якасьці структурных пераўтварэньняў, увесьці ажно 3 ступені вышэйшай адукацыі. Першая, ня менш за 2 годы навучаньня, прадугледжвала агульнанавуковую падрыхтоўку, наступны ўзровень – атрыманьне вышэйшай адукацыі з атрыманьнем ступені “дыплямаваны спэцыяліст” (што разам складала б 4-5 год), і трэцяя ступень - магістратура, арыентаваная на падрыхтоўку да навуковай і выкладчыцкай дзейнасьці (агульны тэрмін навучаньня ў гэтым выпадку складаў бы 6 год). Калі, паводле гэтай канцэпцыі, разьвіцьцё адукацыі на бюджэтнай аснове яшчэ заставалася “прыярытэтным кірункам разьвіцьця вышэйшай школы”, то “Канцэпцыя пераходу на дзьвюхступеневую сыстэму вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” ужо акрэсьлівае мэту рэформы адрозным чынам: “дасягненьне больш поўнага задавальненьня адукацыйных патрэбаў грамадзянаў краіны і забесьпячэньня рынку працы спэцыялістамі пры зьніжэньні грамадзкіх і асабістых выдаткаў на вышэйшую адукацыю”. Гэтая мэта дасягаецца “шляхам скарачэньня тэрмінаў навучаньня пры адначасовым арганізацыйным, мэтадычным і структурным пераўтварэньні вышэйшай школы”. І, урэшце, "Канцэпцыя ўкараненьня дзьвюхступеневай сыстэмы падрыхтоўкі спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй у Рэспубліцы Беларусь" (пастанова Савета Міністраў РБ № 605 ад 24.05.2004) канчаткова ўводзіць пераход на дзьвюхступеневую сыстэму вышэйшай адукацыі і замацоўвае скарачэньне бюджэтнага фінансаваньня ВНУ. У ёй прадугледжаныя наступныя этапы пераходу вышэйшай адукацыі на дзьвюхступеневую сыстэму: падрыхтоўчы (2004-2007 гг.), калі павінна распрацоўвацца неабходная нарматыўна-прававая і вучэбна–мэтадычная база; экспэрымэнтальны (2005-2009 гг.), падчас якога павінна ажыцьцяўляцца “экспэрымэнтальная апрабацыя новых падыходаў”; і этап масавага пераходу на дзьвюхступеневую сыстэму, які павінен пачацца з 2010 г., калі скончыцца перавод агульнаадукацыйнай школы на 12-гадовы тэрмін навучаньня.
Натуральна, гэтыя пастановы ніхто не адмяняў. Рэформа працягваецца. Таму ў БДУ, “пілётным унівэрсітэце”, ажыцьцяўляецца экспэрымэнт з увядзеньнем ступеняў бакаляўраў ды магістраў; таму скарачаецца колькасьць навучальных гадзінаў, у БНТУ, напрыклад, за кошт профільных дысцыплінаў; таму ўзмацняецца кантроль над разьмеркаваньнем – выпускнікі гэтага году змогуць паехаць за мяжу на працяглы тэрмін, напрыклад, з мэтай працягнуць адукацыю, толькі пры наяўнасьці пісьмовага дазволу ад Міністэрства адукацыі.
Нагадаем, што 26 студзеня падчас паседжаньня па структуры вышэйшай адукацыі законапраект, які быццам бы зьбіраліся ўхваліць ужо ўвесну, быў раскрытыкаваны за “недакладнасьць тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў дакумэнце, і адсутнасьць адзінага падыходу ў вызначэньні парадку ўвядзеньня бакаляўрскай і магістарскай ступеняў навучаньня”.
Такая аргумэнтацыя падаецца недастатковай, бо насамрэч закон утрымліваў ня проста недакладнасьці - невядома, ці магчыма было яго наагул правесьці ў жыцьцё, бо ў ім супярэчылі адно аднаму падставовыя прынцыпы. Напрыклад, скарачэньне тэрміну навучаньня на першай, масавай бакаляўрскай ступені ў ВНУ, згодна з праектам закону, фактычна, павінна было наблізіць бакаляўраў да выпускнікоў ПТВ і тэхнікумаў, калі ўлічваць скарачэньне тэрмінаў навучаньня, зьвязанае зь ім зьніжэньне якасьці адукацыі ды неканкурэнтаздольнасьць дыплёмаў гэткіх “недавучаных спэцыялістаў”. А абавязковае разьмеркаваньне для бюджэтнікаў у законапраекце дзіўным чынам спалучалася з увядзеньнем такога рынкавага стымулу падвышэньня пасьпяховасьці, як штогадовы перавод студэнтаў бюджэтнай формы навучаньня на платную па выніках атэстацыі.
Цалкам магчыма, што сваю ролю адыграла і грамадзкая думка: законапраект выклікаў абурэньне і гучныя спрэчкі. Магчыма, яго вырашылі часова зьняць з разгляду, каб не правакаваць выступленьні студэнцтва і выкладчыкаў, бо, калі спрэчкі сьціхнуць і ўсе забудуцца на яго, законапраект можна будзе лёгка правесьці зь мінімальнымі касмэтычнымі зьменамі.
Існуе таксама вэрсія, што настрой паседжаньня па структуры вышэйшай адукацыі стаў адлюставаньнем канфлікту дзьвюх адукацыйных лобі. Так, прапанаваны законапраект закранаў інтарэсы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, бо, згодна зь ім, ВНУ атрымалі б значную самастойнасьць. Дзіўнае супадзеньне, але за два дні да гістарычнага паседжаньня па БТ з крытыкай праекту закону выступаў намесьнік ВАКа, Анатоль Рубінаў. Ён спыніўся на ўвядзеньні дзьвюхступеневай сыстэмы вышэйшай адукацыі (яна, - якая прадбачлівасьць! - стала галоўным аб’ектам крытыкі з боку Лукашэнкі падчас паседжаньня 26 студзеня), і прапанаваў замест ступені “бакаляўр” ўвесьці ступень “спэцыяліст”, і пакінуць тэрмін навучаньня ў магістратуры цягам аднаго году. Канфлікт паміж ВАКам і Рэспубліканскім саветам рэктараў ВНУ, прадстаўнікі якога зацікаўленыя ў пашэрыньні ўласных паўнамоцтваў, прывёў на паседжаньні па структуры вышэйшай адукацыі да часовай перамогі лобі ВАКа, бо законапраект быў адкліканы.
Аднак тут неабходна ўдакладніць: пад жорсткую крытыку падпала не дзьвюхступеневая сыстэма вышэйшай адукацыі як такая, а хутчэй назва першай, скарочанай ступені навучаньня. Вось не падабаецца ўладным колам (таму ж Рубінаву) назва “бакаляўр”, і ўсё тут. Справа ў тым, што ад дзьвюхступеневай сыстэмы адукацыі ніхто адмаўляцца не зьбіраецца. 26 студзеня Лукашэнка даручыў разгледзіць “магчымасьці скарачэньня тэрмінаў навучаньня ў шэрагу ВНУ па асобных спэцыяльнасьцях, і, адпаведна, ажыцьцявіць аптымізацыю навучальных праграмаў”. Відавочна, што розьніцы паміж такім скарочаным дыплёмам і прапанаванай у законапраекце ступеньню бакаляўра ніякай.
Скараціць тэрміны атрыманьня вышэйшай адукацыі значыць ахвяраваць перш за ўсё яе якасьцю, аднак такое скарачэньне найлепшым чынам адпавядае галоўнай мэце рэформы. Яна палягае ў наступным: "скараціць аб'ёмы бюджэтнага фінансаваньня ў сфэры адукацыі" (паводле пастановы Савета Міністраў № 605 ад 24.05.2004), што заплянавана ажыцьцявіць, па-першае, шляхам скарачэньня тэрмінаў навучаньня, і, па-другое, цераз наданьне большай эканамічнай самастойнасьці адміністарцыі ВНУ (што і прадугледжвалася ў адкліканым законапраекце). Сутнасьць жа ўвядзеньня дзьвюхступеневай сыстэмы вышэйшай адукацыі акурат у тым, што яна выдатна дазваляе “эканоміць дзяржаўныя сродкі”, бо прадугледжвае падзел вышэйшай адукацыі на масавую (першая ступень) і элітную (другая ступень), пры гэтым навучаньне на другой ступені будзе пераважна платным, і “колькасьць тых, хто навучаецца па праграмах другой ступені можа складаць да 30 % ад ліку выпускнікоў першай ступені” (паводле "Канцэпцыі ўкараненьня дзьвюхступеневай сыстэмы падрыхтоўкі спэцыялістаў…”). Такім чынам, для большасьці тэрміны навучаньня скарачаюцца да 3-4 год, і, адпаведна, павялічваецца доля смастойнай працы для студэнтаў, ліквідуюцца шматлікія “непатрэбныя” дысцыпліны і навучальныя курсы (што цягне за сабою звальненьне выкладчыкаў).
Тое, як падзел на вышэйшую адукацыю першага і другога гатунку адбіваецца на якасьці адукацыі, можна прасачыць на прыкладзе БДУ, дзе на старэйшых курсах працягваецца экспэрымэнт з увядзеньнем ступеняў бакаляўра, дыплямаванага спэцыяліста і магістра. Ажыцьцяўленьне падрыхтоўкі на бакаляўра за чатыры гады стала магчымым толькі за кошт значнага скарачэньня аб'ёму навучальных праграмаў, скасаваньня шматлікіх спэцкурсаў, павелічэньня колькасьці матэрыялаў, якія пакідаюць на "самастойнае вывучэньне". Дзеля таго, каб запоўніць усе тыя прагалы, якія застаюцца ў выніку такой прысьпешанай нізкаякаснай падрыхтоўкі, нібыта прымеркаваная магістратура, куды трапляюць толькі адзінкі. Такім чынам, элітную ступень вышэйшай адукацыі - магістратуру - спрабуюць узьвесьці на падмурку нізкаякаснай масавай вышэйшай адукацыі першай ступені.
Кіраўнік дзяржавы заявіў: “Аб’ём фінансаваньня вышэйшай школы ня зьменшыцца, а зэканомленыя сродкі можна будзе накіраваць на матэрыяльную падтрымку выкладчыцкага складу, будоўлю і рамонт інтэрнатаў, набыцьцё абсталяваньня”. Аднак статыстычныя дадзеныя сьведчаць пра цалкам адваротнае: бюджэтныя выдаткі на адукацыю штогод зьмяншаюцца: так, у 2004 г., у параўнаньні з 2003 г., доля фінансаваньня адукацыі з бюджэту скарацілася амаль у два разы (у 2003 г. гэтая сума складала 402 млрд. ад 6,59 трлн., т.б. 6,1%, а ў 2004 г. - 511 млрд. ад 13,9 трлн. - т.б. толькі 3,7%). Дарэчы, доля ад бюджэту, што выдаткоўваецца на адукацыю, у Беларусі сёньня ніжэй, чым у такіх краінах, як Гвінэя-Бісаў (4,8 %) ці Ярданія (5 %). Ня кажучы пра тое, што ў Гішпаніі, напрыклад, гэтая лічба складае 11,3 %, а ў Нарвэгіі – 15,6 %. У нашай сытуацыі скарачаць выдаткі на адукацыю значыць пазбаўляць краіну будучыні. Іінвэстыцыі на адукацыю і эканамічны рост шчыльна ўзаемазьвязаныя, як даводзяць, напрыклад, вынікі дасьледаваньняў, якія ЮНЭСКА ды Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР) ажыцьцяўлялі ў 16 краінах, што разьвіваюцца. А Індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ПРААН пацьвярджае, што якасьць жыцьця вышэйшая ў краінах, што дасягнулі больш высокага ўзроўню адукаванасьці. Вынікі злачыннага грэбаваньня вышэйшай адукацыяй мы пабачым год праз 15-20, калі недахоп высокаадукаваных спэцыялістаў, жыцьцёва неабходных дзеля пераадоленьня бясконцага адставаньня ад краінаў, якія сёньня выдаткоўваюць на адукацыю значна большыя сродкі, ужо немагчыма будзе кампэнсаваць за кошт старых рэзэрваў.
Сёньня ж, ва ўмовах скарачэньня дзяржаўнага фінансаваньня, адміністрацыі ВНУ вымушаныя эканоміць на якасьці адукацыі і шукаць іншыя крыніцы сродкаў, т.б. перакладваць выдаткі на студэнтаў і бацькоў. Уласна адукацыйная дзейнасьць у ВНУ, якія ўсё больш нагадваюць камэрцыйныя ўстановы, адыходзіць на другі плян, а студэнтаў пачынаюць разглядаць перадусім як дойных кароваў.
Павелічэньне колькасьці платнікаў (сёлета іх ужо 52%), скарачэньне набору на бюджэт пры росьце агульнай колькасьці студэнтаў, ператварэньне калісьці бясплатных паслугаў у платныя, падвышэньне коштаў за навучаньне, - усе гэтыя працэсы сьведчаць пра тое, што ў краіне адбываецца імклівая камэрцыялізацыя адукацыі, якая ёсьць вынікам скарачэньня дзяржаўнага фінансаваньня. Яна ў першую чаргу адбіваецца на прадстаўніках незаможных групаў насельніцтва, для якіх цяжар платнай адукацыі ёсьць непасільным. Камэрцыялізацыя адукацыі, фактычна, зачыняе перад імі дзьверы навучальных установаў, спрыяе элітарызацыі вышэйшай адукацыі і замацаваньню сацыяльнай няроўнасьці.
Кірунак, у якім ажыцьцяўляецца рэформа, задавальняе, з адгнаго боку, дзяржапарат, які дамагаецца магчымасьці скараціць выдаткі на адукацыю, а зь іншага – адміністрацыі ВНУ, якія ўзамен атрымліваюць эканамічную самастойнасьць і права зарабляць грошы на студэнтах, спасылаючыся на неабходнасьць пераводу вышэйшай адукацыі на рынкавыя рэйкі. Аднак ён супярэчыць інтарэсам шэраговых студэнтаў і выкладчыкаў.
Як зафіксавана ў артыкуле 13 Канвэнцыі ААН аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, вышэйшая адукацыя зьяўляецца правам чалавека і павінна быць даступнай для кожнага, каму яна патрэбная. Увядзеньне аплаты за навучаньне - гэта замацаваньне маёмаснай дыскрымінацыі. Так, паводле меркаваньня ESIB, эўрапейскага аб'яднаньня 48 нацыянальных студэнцкіх прафсаюзаў, "у краіне, дзе ўводзіцца плата за навучаньне, абмяжоўваецца доступ да вышэйшай адукацыі для людзей зь ніжэйшым сацыяльна-эканамічным падмуркам і тых, хто традыцыйна знаходзіцца па-за вышэйшай адукацыяй".
Яшчэ не вядома, ці дазволіць увядзеньне дзьвюхступеневай сыстэмы адукацыі Беларусі ўвайсьці ў агульнаэўрапейскую адукацыйную прастору, але тое, што яна дазваляе значна скараціць дзяржаўныя выдаткі на адукацыю за кошт скарачэньня тэрмінаў навучаньня і камэрцыялізацыі магістратуры, зразумела ўжо сёньня. Дзьвюхступеневая сыстэма вышэйшай адукацыі з дадатковымі прамежкавымі іспытамі на права, атрымаўшы дыплём бакаляўра, працягваць адукацыю, калі колькасьць бясплатных месцаў у магістратуры (былы 5-ы курс) абмежаваная, стварае фільтар для адсейваньня большасьці студэнтаў ці пераводу іх на платную форму навучаньня. Што, дарэчы, супярэчыць прынцыпу роўнага доступу і бясплатнасьці на конкурснай аснове вышэйшай адукацыі, якія замацаваныя ў артыкуле 49 Канстытуцыі і прадубляваныя ў артыкуле 3 "Закону аб адукацыі".
Звальненьне выкладчыкаў і скарачэньне шматлікіх дысцыплінаў і навучальных курсаў таксама з'яўляюцца наступствамі зьмяншэньня дзяржаўнага фінансаваньня ВНУ. Такім чынам, бягучая рэформа ня толькі спрыяе камэрцыялізацыі адукацыі і ёсьць несумяшчальнаю з правам на агульнадаступную і якасную адукацыю, але яшчэ і цягне за сабою шматлікія парушэньні сацыяльных і працоўных правоў студэнтаў і выкладчыкаў.
Да таго ж, сродкі, што выдаткоўваюцца з бюджэту на сацыяльную сфэру, у тым ліку на адукацыю, ня ёсьць сродкамі ўласна дзяржаўнымі – яны фармуюцца за кошт падаткаў грамадзянаў. Увядзеньне аплаты за адукацыю значыць, што грамадзяне вымушаныя плаціць за права на навучаньне двойчы, а агульнае скарачэньне дзяржаўнай падтрымкі сацыяльнай сфэры, дарэчы, сьведчаць пра тое, што грошы, якія грамадзяне сплочваюць у выглядзе падаткаў, скіроўваюцца ў нейкі іншы, невядомы бок.
Спэцыялісты, якія распрацоўваюць рэформу вышэйшай адукацыі, відавочна лічаць, што ня варта спыняцца на дасягнутым скарачэньні фінансаваньня ў два разы. Адно толькі застаецца незразумелым, чым абумоўленая гэткая патрэба эканоміць сродкі на вышэйшай адукацыі, якая, як вядома, з'яўляецца перадумовай развіцьця і дабрабыту не толькі кожнай асобы, але і ўсяго грамадзтва, у краіне, што з году ў год выхваляецца беспрэцэдэнтным і стабільным эканамічным ростам.