Як паведамляе “Нямецкая хваля”, у Беларусі у амаль сакрэтным рэжыме пачалося будаўніцтва АЭС. Атрымаць афіцыйныя звесткі пра гэта немагчыма. Як сказалі ў Аб'яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў НАН РБ, інфармацыя пра гэта можа быць прадстаўленая выключна з дазволу прэзідэнта Акадэміі навук альбо ўраду. Але з крыніц, якія натуральна пажадалі заставацца неназванымі, было высветлена, што ў поўным аб'ёме пачынаюцца інжынерныя работы на месцы меркаванага будаўніцтва – гэтак званым Краснанапалянскім пляцы.
Гэта лясістая мясцовасць у паўднёваўсходняй частцы Беларусі: прыкладна ў 15 км на ўсход ад райцэнтра Быхаў, у 60 км ад Магілёву і прыкладна ў 100 км ад мяжы з Расіяй. Непадалёк знаходзіцца зона, у якой пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС адзначана радыёактыўнае забруджанне.
Планы па будаўніцтве АЭС запатрабуюць стварыць на прылеглай тэрыторыі надзейную інфраструктуру, а таксама вырашыць праблему астуджання рэактара шляхам будаўніцтва альбо адмысловага каналу, звязанага з Дняпром, альбо падпруджвання адной з дробных рэк Дняпроўскага басейну. Адносна недалёка ад месца меркаванага будаўніцтва АЭС будзе пабудаванае жыллё і іншыя аб'екты для людзей, якія будуць удзельнічаць у будаўніцтве, а пазней у абслугоўванні станцыі.
Пакуль гаворка ідзе пра інжынерна-геалагічныя пошукі пад будаўніцтва інжынерных аб'ектаў. Адчыненае фінансаванне шэрагу навуковых арганізацыяў Акадэміі навук і дзяржпрадпрыемстваў. Інстытуту геахіміі і геафізікі НАН і геафізічнай экспедыцыі РУП “Белгеалогія” – для правядзення геалагічных і геафізічных пошукаў, РУП “Геасэрвіс” Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва – для правядзення свідравання на тэрыторыі пляцоўкі.
Уласна будаўніцтва АЭС зойме не меньш за 7 гадоў і пачнецца пасля вывучэння прыдатнасці вылучанай пляцоўкі для аб'ектаў такога тыпу.
Вырашаецца пытанне пра будаўніцтва альбо 4 блокаў рэактараў магутнасцю прыкладна 600-620 Мегават або двух блокаў магутнасцю ў 1000 МГВ. Дарэчы, на ЧАЭС кожны з 4-х блокаў быў магутнасцю ў 1000 Мгв.
Тып рэактара яшчэ не вызначаны. Мяркуецца, што ён будзе такім жа, як на Новаваронежскай, Калініскай, Кольскай, Армянскай ды іншых АЭС на тэрыторыі былога СССР. Гэта так званы вода-вадзяны тып, які адрозніваецца ад рэактараў, пабудаваных на Чарнобыльскай і Ігналінскай АЭС.
Паводле экспертаў, праблема складаецца і ў тым, што будаўніцтва запатрабуе шматмільярдных даляравых крэдытаў, якія Беларусь можа атрымаць толькі ад Расіі. Эксперты лічаць, што ў Расіі ёсць намер прапанаваць свае рэактары, якія яна будзе пастаўляць і на свае будучыя АЭС. Нагадайма, што пасля Чарнобыльскай катастрофы будаўніцтва рэактараў у Расіі для АЭС было практычна замарожанае, і толькі цяпер там разгортваецца праграма будаўніцтва новай АЭС.