Сістэму я называю капіталістычнай, таму што стварыў яе капіталізм, дзякуючы якому адбылася індустрыялізацыя.
Сістэму (у сэньсе тэхналягічнай структуры) ІМХО варта захоўваць і развіваць у напрамках, якія адпавядаюць інтарэсам разумнага грамадзтва, капіталістычнай эксплуатацыі—пазбаўляцца па ўсім грамадзтве (а не толькі на “выспачках”).
Disclaimer: Ніжэй я адмыслова абвастраю супярэчнасьці, выключна каб палеміка была прадуктыўнай. Я не перакананы ў сваёй праваце, і ня хачу пакрыўдзіць нікога з апанентаў ніякім чынам. :)
Па, першае, яшчэ раз: гаворка ня йдзе пра самаізаляцыю. (гл. першы пост). Маецца на ўвазе, што татальнасьць Сыстэмы перабольшаная: у ёй непазьбежна існуюць нішы, дзіры і г.д., якія і варта захопліваць (прыкладна, як не было татальнай нямецкай акупацыі, што дазваляла ствараць партызанскія зоны, дзе ўвогуле праз усю вайну ня бачылі немца).
Альтэрнатывай капіталізму, якая яго пазьней зьнішчыць, такая структура можа стацца толькі, калі яна здольная самастойна забяспечыць альтэрнатыўную жыцьцёвую інфраструктуру для ўсяго грамадзтва (але ня толькі яго рэв. прадстаўнікоў). Г.зн. альтэрнатыўную мэдыцыну, камунікацыі, транспарт і вытворчасць. Паўстае пытаньне—ці варта вынаходзіць ровар?
Прыклад с савецкімі партызанамі працуе на карысць маіх аргументаў. Найперш, яны (як і немцы, і як любыя герыльерас) былі элітарным часткова паразытычным клясам (бо былі меншасцю, валодалі палітычнай уладай, спажывалі прадукт, які выраблялі сяляне, і не забяспечвалі грамадзкай вытворчасці). Па другое, яны былі не самастойнай сілай. Яны былі фактычнай аўтаномнай часткай савецкай арміі.
Ідэя пра пацукоў з няржавеючай сталі вельмі прыгожая, але пракарміць грамадзтва, будучы ў прынцыповай меншасці—сумняюся што магчыма. Пацукі могуць існаваць толькі там дзе ёсьць бэтонная падлога са шчылінамі каб хавацца, і крошкамі, каб пад’есці. Зруйнуй сцяну—пацук ня здолее вырасціць хлеб.
А мы ж пра зруйнаванне сцяны кажам?
А пра які ўплыў ідзе гаворка? Праз партыі? Прафсаюзы? Яны ўсе так ці йнакш інкарпараваныя ў сыстэму (як зрэшты й кожны, хто вытварае “прыбавачны прадукт” і плаціць падаткі).
Праз страйкі. Праз захоп часткі прадукту і перадачу яго грамадзтву. Праз выкарыстаньне капіталістычных каналаў камунікацыяў у антыкапіталістычных мэтах. Праз ўплыў на спосабы вытворчасці і спосабы камунікацыяў. Праз выяўленне і абвастрэньне крызысаў між эксплуататарамі і прыгнечанымі. Праз кантакт нароўні са звычайнымі працаўнікамі і прапаганду дзеяннем, урэшце.
Зразумела, што проста пакорліва працаваць у капіталістычнай сістэме і плаціць падаткі—гэта ўзмацняць эксплуатацыю. Працаваць і змагацца праз свой доступ да сродкаў вытворчасьці—іншы выбар. Абстрагавацца ад сістэмы, каб займацца творчасцю—трэці.
Заўжды варта чымсьці ахвяраваць. У першым выпадку ў ахвяру прыносіцца магчымасць любых лібэртарных дзеяньняў у абмен на эканомію высілкаў. У другім выпадку—часткова ахвяруем рамантыкай на карысьць тэхнічных магчымасьцяў, у трэцім—наадварот.
Балянс заўжды можна знайсці і для кожнага мяжа гэтага балянсу—унікальная. Адзінай праўды тут не існуе і быць ня можа.
Не ідзе гаворка пра замену нечага нечым. А пра захоп нішаў, якія па меры разрастаньня даюць трэшчыну ў маналітнай пародзе.
Існуе клясычная фромаўская пара катэгорыяў “Свабода ад/Свабода дзеля”. Есьць над чым паразважаць.
Аўтаномныя выспы ставяць на мэце не “захаваньне/разьвіцьцё”, а ВЫКАРЫСТАНЬНЕ гэтай самай інфраструктуры ў сваіх мэтах.
Калі гэтыя мэты адрозныя ад мэтаў грамадзтва, атрымліваецца партызанскі паразытызм. Пакуль аўтаномы выкарыстоўваюць інфраструктуру, захоўваць і развіваць яе будуць прыгнечаныя працаўнікі у інтарэсах капіталіста. Цікавы малюнак… :(
Гэта сапраўды, спосаб існаваньня (а менавіта, штодзённага жыцьця) на тэрыторыі эксплуататарскай эканомікі, але ўсё ж такі ПА-ЗА яе межамі.
Які ўсё адно грунтуецца на капіталістычнай індустрыі, што забяспечвае аўтаномаў базавай інфраструктурай для жыцьцядзейнасьці. Прычым, паколькі “аўтаноміка” адмаўляецца ствараць альтэрнатыву капіталізму, яна будзе “падсвядома” зацікаўленая ў яго існаваньні—прынамсі да тых часоў пакуль не зьявяцца камуністы ці яшчэ якая трасца, што возьмуць кіраваньне той жа самай сістэмай (умоўна кажучы, працай каналізацыі) у свае рукі :).
З-за такіх відавочных паралеляў са станам дробнай буржуазыі марксысты і любяць гнабіць аўтаномаў штампам “дробнабуржуазнасьці”.
Увогуле, адзначаныя супярэчнасьці ня ёсьць непераадольнымі. Але каб іх пераадолець, іх варта прамаўляць і вызначаць.