Настроить, Войти
Страйк на «Чырвоным кастрычніку»
автор гость, дата 2006-12-09 18:14, textile, язык: ru, перевод: pl, связано с: Працоўны рух

У пятніцу, 8 сьнежня каля сарака работніц 1-га закройнага цэху абутковага прадпрыемства “Чырвоны кастрычнік” адмовіліся ўключаць станкі й спынілі працу. Гэтак яны вырашылі пратэставаць супраць нематываванага, на іхны погляд, зьніжэньня заробкаў.

Атрымаўшы напярэдадні разьліковыя квіткі, супрацоўніцы “Чырвонага кастрычніка” ўбачылі, што заробкі за мінулы месяц паменшалі прыкладна на 100 тысяч рублёў. Гэта й стала асноўнай прычынай страйку. Удзельніцы акцыі пратэсту апавялі таксама, што й дзяржаўнае прадпрыемства “Чырвоны кастрычнік”, і акцыянэрнае таварыства “Марка” выконваюць аднолькавыя працоўныя заданьні. Аднак заробкі на дзяржаўным прадпрыемстве нашмат ніжэйшыя.

(Спадарыня: ) “У мінулым месяцы мы атрымалі хто 300 тысяч, хто крыху болей. Але ў гэтым месяцы атрымалася яшчэ менш! І таму нас дужа цікавіць такое пытаньне: чаму ў нас расцэнкі працы, як на “Марка”, а тарыфы нашы ніжэйшыя на “Чырвоным кастрычніку”. Гэта значыць, што на “Марка” атрымліваюць 600 тысяч за месяц, а калі з суботамі, то і 700. А ў нас — 300 зь нечым, найбольш — 400. А мы працуем штодня, і ў нас нават няма перапынку на абед: нехта адбегся паесьці, а нехта і ўвогуле без абеду”.

Свае патрабаваньні страйкоўцы выклалі ў лісьце дырэктару “Чырвонага кастрычніка” й паведамілі пра страйк адміністрацыі. Жанчыны кажуць, што чакалі рэакцыі кіраўніцтва, аднак на перамовы да іх ніхто не зьявіўся.

(Спадарыня: ) “Вось мы сёньня страйкуем, а да нас ніхто так і не прыйшоў. Генэральны дырэктар, кажуць, сёньня ў Менску, а дырэктар вытворчасьці выклікала да сябе майстроў, але ў цэх да нас так і не прыйшла”.

Дырэктарка вытворчасьці, намесьніца галоўнага інжынэра Ларыса Воюш катэгарычна адмовілася размаўляць і з журналістамі, сказаўшы, што ніякага страйку на “Чырвоным кастрычніку” няма, а ў жанчын з 1-га закройнага цэху “звычайны перапынак”. Дарэчы, журналістаў спадарыня Воюш паспрабавала абвінаваціць у парушэньні прапускнога рэжыму й спрабавала высьветліць у супрацоўнікаў аховы, хто зь іх прапусьціў пабочных асобаў на тэрыторыю прадпрыемства. Спадарыня Воюш загадала высьветліць, хто з работнікаў паведаміў пра страйк у сродкі масавае інфармацыі.

Страйк у 1-м закройным цэху пакуль выніку не прынёс, але працаўніцы вырашылі працягваць яго і ў панядзелак — калі да іх ня прыйдзе дырэктар і не пачнуць вырашаць грашовыя праблемы.

Удзельніцы страйку згадваюць, што летась падобная акцыя пратэсту адбылася ў кравецкім цэху “Чырвонага кастрычніка”, і тады ўдалося дамагчыся выкананьня патрабаваньняў.

Крыніца: Радыё Свабода http://www.svaboda.org/articlesfeatures/society/2006/12/335B26B6-1FC8-44EF-B176-B4DC12387E39.html

Тэги