Настроить, Войти
Рэпартаж з дабрачыннага выступа
автор гость, дата 2007-01-03 00:32, исходное сообщение

24 снежня ў музеі “Дом Ваньковічаў” адбылася незвычайная калядная імпрэза. Упершыню на публіку прадстаўлялі сваю творчасць удзельнікі тэатральнай студыі "Alter Ego", што цягам 6 месяцаў працуе ў псіханеўралагічным інтэрнаце №3 горада Мінска.

Акторы відавочна хваляваліся перад выступам: як ўсё пройдзе, ці прымуць, ці зразумеюць іх мастацтва гэтыя незнаёмыя людзі, якія сабраліся ў невялікай залі музея. Ды і сама абстаноўка прымушала хвалявацца. Уявіце сабе, што гэта значыць, упершыню пабываць у маёнтку XIX стагоддзя, з незвычайнай мэбляй, карцінамі, аздабленнем. А тут – такое адказнае мерапрыемства. Да таго ж, людзі з тэлебачання здымаюць на камеру.

Аднак усе хваляванні і трывожная напруга зніклі, як толькі распачалася імпрэза. Шчырасць і радасць ігры актораў перадалася гледачам. Выступоўцы знайшлі своеасаблівыя шляхі перадачы эмоцыяў і перажыванняў сваіх персанажаў, і стварылі непаўторныя вобразы Пігмаліёна і Бабніка, ці то Мураша, Вароны, Лісы з баек Крылова. Найбольш экспрэсіўнай была сцэнка, што прадстаўляла бойку ката з сабакам, над якімі пасмейвалася гусь. А найбольш эмацыянальным быў выступ праніклівага дуэту мініятурнай спявачкі і вусатага гарманіста.

Акторы даказалі, што сапраўднае мастацтва можа нараджацца і існаваць у любых сценах, у тым ліку ў сценах інтэрната. Людзі з псіхафізічнымі асаблівасцямі і інтэлектуальнымі абмежаваннямі могуць быць таленавітымі акторамі. Трэба толькі даць ім такую магчымасць.

Мастацтва паўстае з больш глыбокага духоўнага ўзроўню, чым інтэлект і мова. Яно адпавядае адмысловаму, уласна мастацкаму мысленню, якое больш архаічнае, чым інтэлект. Для інтэлектуальна абмежаваных людзей, якія могуць мець цяжкасці з маўленнем, неабходна ствараць умовы для творчага выяўлення і развіцця. Бо ў мове мастацтва – у карцінах, музыцы, танцы ці пантаміме, - яны здольныя перадаць тое, што яны перажылі і адчулі, сваё бачанне свету.

Страшная рэчаіснасць у тым, што жыццё ў псіханеўралагічных інтэрнатах зведзенае да абмежаванага задавальнення матэрыяльных патрэбаў. Аднак духоўныя патрэбы адыгрываюць не менш важную ролю. Патрэба ў творчай самарэалізацыі ёсць грунтоўнай чалавечай патрэбай, у ажыццяўленні якой людзям, якія пражываюць у псіханеўралагічных інтэрнатах часцяком адмоўлена. Майстэрні, мастацкая і тэатральная студыя, якія існуюць дзякуючы намаганням валанцёраў і некалькіх энтузіястаў з персаналу, ствараюць для жыхароў інтэрнату магчымасць рэалізаваць свае творчыя здольнасці.

Паводле словаў Анае-Мары Грызенгер, якая ўзначальвае Федэральнае таварыства па падтрымцы жыцця людзей з інтэлектуальнымі абмежаваннямі ў Нямеччыне, “з-за сваёй інтэлектуальнай абмежаванасці людзі не павінны быць ізаляваныя ад свету мастацтва... Памылкова лічыць, што ў сферы мастацтва яны будуць толькі тымі, хто бярэ. Калі яны выяўляюць свае адчуванні, патрэбы, жаданні і фантазіі, яны адкрываюць для нас новы спосаб бачання, акцэнтуюць увагу на тых аспектах свету, якія, без іх дапамогі, верагодна, засталіся б закрытымі для нас. Іх творчасць – гэта спосаб узаемнага духоўнага ўзбагачэння, нашая карысць і задавальненне. Адмовіцца ад іх мы не можам ужо з-за сваіх уласных інтарэсаў. Бо інакш страчваюць як тыя людзі, раскрыццё творчых здольнасцей якіх ускладняецца інтэлектуальнай абмежаванасцю, так і тыя, хто, дзякуючы іх творчасці, маглі б прылучыцца да багацця, якое нясуць гэтыя працы”.