Настроить, Войти
Хронікі знішчэньня гістарычнай спадчыны Віцебска
автор гость, дата 2007-05-21 23:46, журнал модерации, комментариев: 1

Па матэрыялах http://news.vitebsk.cc

11 траўня 2007 У Віцебску на плошчы Свабоды, дзе раней стаяў праваслаўны Свята-Мікалаеўскі сабор (былы паезуіцкі касцёл Св. Язэпа), вядуцца працы па пракладцы дзюкера і пабудове каналізацыйнага калодзежа. З боку, які бліжэй да Віцьбы выкапаны катлаван дыяметрам больш за 3 метры і глыбінёй каля 2 метраў. У катлаване добра бачныя парэшткі муроў зруйнаванай за савецкім часам святыні, на некаторых кавалках захавалася атынкоўка і фрагменты роспісу. Працы вядзе “Віцебсквадаканал”. Прадстаўнік гэтай арганізацыі, які не пажадаў прадставіцца, патлумачыў, што катлаван выкапаны дзеля каналізацыйнага калодзежа, працы абумоўленыя неабходнасцю пабудовы дзюкера (напорнага водаадвода, які пракладаецца пад рэчкай або каналам) праз Віцьбу, бо існуючая сістэма каналізацыі не спраўляецца.

12 траўня 2007 Працы працягваюцца. Сёння, нягледзячы на прадпісанне загадчыка аддзела культуры аблвыканкама Ніны Сулецкай спыніць усялякую дзейнасць на месцы, дзе раней стаяў комплекс будынкаў Свята-Мікалаеўскага сабора, катлаван значна пашырылі — ён сягае каля 7 метраў у даўжыню, 5 метраў у шырыню і мае глыбіню да 2 метраў. Паводле слоў спадарыні Сулецкай, пракладку камунікацый на тэрыторыі плошчы Свабоды для будучага моладзевага забаўляльнага цэнтра замовіў “Віцебскводаканалу” гарадскі выканаўчы камітэт Віцебска. Аднак, паколькі працы адбываюцца на тэрыторыі, дзе могуць быць рэшткі пабудоў яшчэ з 12 стагодзьдзя, патрэбнае ўзгадненне інстытутам гісторыі Акадэміі навук. Выканаўцы такога дазволу не маюць, аб чым Ніна Сулецкая ды іншыя адказныя асобы склалі пратакол, засведчыўшы факты парушэння закону пра ахову гістарычнай спадчыны. Парэшткі будынкаў, якія вымаюцца з-пад зямлі экскаватарамі вывозяцца ў не вядомым накірунку. Такім чынам знішчаюцца артэфакты, якія маюць бясспрэчную археалагічную каштоўнасць, і наносіцца непапраўныя страты гістарычным аб’ектам.

13 траўня 2007 У Віцебску працягваюць бурыць зямлю на плошчы Свабоды, дзе некалі быў Свята-Мікалаеўскі сабор і шэраг іншых культавых будынкаў. Сёння месца земляных працаў наведаў старшыня гарвыканкама Пётр Драздоў. Ён загадаў сваім падначаленым “дать штраф, а если возобновят работы — опять оштрафовать”. Да прыезду кіраўніка гарадской адміністрацыі працы былі прыпыненыя, аднак пасля абеду яны аднавіліся. Зноў на поўную моц запрацавала буравая ўстаноўка, а на плошчу Свабоды прыгналі ажно тры экскаватары і некалькі самазвалаў ды трактары з прычэпамі. Пад вечар у цэнтры Віцебска, дзе чыніцца акт вандалізму, сабралася купка моладзі і вернікаў, якія занепакоеныя знішчэннем парэшткаў помніка дойлідства 18 стагоддзя. Стыхійна на агароджу катлавана сталі чапляць чорныя жалобныя стужкі. Прысутная грамада прапанавала такім чынам выказаць свой пратэст усім неабыякавым да лёсу гістарычнай спадчыны горада — прыйсці і прывязаць чорную стужку на плошчы Свабоды. У гэты ж час пракантраляваць ход пракладкі каналізацыі прыехаў кіраўнік “Віцебскводаканала” Міхаіл Грынберг. На пытанне журналістаў, чым матывавана разбурэнне гістарычных каштоўнасцяў ён даў досыць няўцямны адказ: “В туалет все хотят ходить. А без этой трубы канализацыя работать не может”. Застаецца загадкай — ці то раней віцябляне ў прыбіральню хадзілі радзей, ці то гадзіць сталі мацней... Працы працягваліся і тады, калі на горад апусцілася цёплая травеньская ноч. На буравой устаноўцы запаліліся фары. Аднак вандалы не разлічылі майстэрства нашых продкаў дойлідаў — пад час праходжання мура кляштарнага будынка, які зараз выконвае функцыі апорнай сцяны, зламаўся бур. Таму прыкладна ў 22:30 працы былі спыненыя і частка тэхнікі пакінула плошчу Свабоды.

15 траўня месца пракладкі каналізацыі на плошчы Свабоды, дзе раней стаяў езуіцкі кляштар і касцёл Святога Язэпа (пасля праваслаўны Свята-Мікалаеўскі сабор) наведала Вольга Ляўко — доктар гістарычных навук, якая курыруе гэтую тэрыторыю. Яна сустрэлася з прадстаўнікамі “Віцебскводаканала” і фірмы, якая выконвае буравыя працы, і абмеркавала сітуацыю з парушэннем гістарычных і археалагічных каштоўнасцяў. Па словах сп. доктара гістарычных навук катлаван зроблены большы, чым было дамоўлена. Ніякіх сур’ёзных захадаў да спыненню працаў і пакаранню парушальнікаў яна не зрабіла, і ў хуткім часе пакінула месца правядзення працаў. На цяперашні момант адна труба ўжо пракладзеная, і на вуліцы Леніна, праз Віцьбу ад плошчы Свабоды, усталяваны каналізацыйны калодзеж. “Народным навінам Віцебска” стала вядома, што працы будуць працягнутыя, каб злучыць гэтую трубу з магістраллю каналізацыі. Для гэтага на вуліцы Леніна ў раёне плошчы зробяць яшчэ адзін катлаван і зноў будуць бурыць у яго накірунку (гл. план). Пасля чаго на плошчы і вуліцы усталююць яшчэ два каналізацыйных калодзежы. На жаль грамадскасць Віцебска не аказала шырокага супраціву вандалам, якія знішчаюць нашу гістарычную спадчыну. Ні адна з палітычных партыяў ці грамадскіх арганізацыяў горада не зрабіла захадаў па абароне археалагічных каштоўнасцяў. Таксама маўчаць каталіцкі касцёл і праваслаўная царква, чые культавыя будынкі стаялі некалі на гэтым месцы. Супраціў аказваюць адно паасобныя грамадзяне, аднак яны мала арганізаваныя і іх дзейнасць абмяжоўваецца дасланымі скаргамі і павязанымі на агароджу вакол катлавана чорнымі стужкамі. 17 траўня 2007 Працы па правядзенню каналізацыі на плошчы свабоды ў Віцебску, пад час якіх былі пашкоджаныя парэшткі муроў езуіцкага кляштара і ўзнікла пагроза для парэшткаў касцёла Святога Язэпа (Свята-Мікалеўскі сабор), прыпыненыя да 21 траўня. Пра гэта ўчора ў прыватнай размове паведаміў адзін з буравікоў. Па яго словах засталося пракласці трубу ў бок вуліцы Леніна, дзе будзе выкапаны яшчэ адзін катлаван каб злучыць яе з магістраллю каналізацыі. Перапынак звязаны з тым, што чакаюць археолагаў пад наглядам якіх будуць даводзіць справу да канца.

19 траўня 2007 Позна ўвечары 18 траўня, калі сцямнела, на плошчы Свабоды аднавіліся працы па пракладцы каналізацыі. Трактары пры дапамозе адмысловых прыстасаванняў рэжуць ды ламаюць асфальт на тым месцы, дзе будзе яшчэ адзін катлаван.

Комментарии