Настроить, Войти
Першыя дні на пратэстах супраць саміта "вялікай васьмёркі" ў Нямеччыне
автор qwerty, дата 2007-05-29 15:21, исходное сообщение, история, textile

Асноўны аўтар ня я, мае дробныя дапаўненьні й набор. Напісана увечар 27 траўня.

Каманда беларускай Індымедыі піша першы рэпартаж з пратэстаў супраць самміта В8 у Хайлігендаме. Спадзяемся, у нас атрымаецца й надалей зьмяшчаць зьвесткі з палёў.

Мяжу прайшлі надзіва лёгка. Відаць памежнікі яшчэ не атрымалі каманду шманаць усіх людзей падазроннага выгляду, дый апраналіся мы “па гапаце”.

Бэрлін сустрэў ня дужа ветліва – ужо на вакзале пабачылі багата “рабакопаў” – мянтоў у адмысловых камізэлях для боек з дэманстрантамі, у сяго-таго і дакумэнты праверылі. Але тыя, хто прыехаў на два дні раней, нічога такога ня бачылі.

Наведваньне Кройцберга замяніла агляд славутасьцяў цэнтра. Былі ў знакамітым сквоце Кёпі (Köpi), нядаўна прададзеным з аўкцыёна, але яшчэ населенага панкамі. Жыхары Кёпі так проста не аддадуць: плянуюць дэманстрацыі ды іншыя віды супраціву. А пакуль у сквоце абсталяваны інфапункт для тых, хто мабілізаваўся на пратэсты.

Другі інфапункт месьціцца ў Нью-Ёрку (New Yorck), у адным квартале ад Кёпі. Нью-Ёркам называецца жыльлёвы каапэратыў былых удзельнікаў камунітарнага праёкту Yorck 59. Інфапункт на 2-м паверсе, людзі жывуць на 3-м, а Нью-Ёрк займае толькі частку вялізнага будынка. Ёсьць камрутары са свабодным выхадам у Сеціва, стаяць вялікія стэнды для бясплатнай раздачы. Калі Кёпі выглядае домам для ветэранаў панку, дык у Нью-Ёрку жывуць больш “цывільныя” з выгляду людзі. Ёсьць у Нью-Ёрку і кухня, дзе гатуюць адмыслова для гасьцей дома.

Кройцбэрг насамрэч аказаўся турэцкім раёнам. Апрача туркаў тут сустракаюцца і нэгры, і арабы, нават немцы часам прабягаюць. Раён прыемны, спакойны. Значная частка забудовы паходзіць з канца 19-пачатку 20 ст.

Некаторыя трапілі на мітынг і дэманстрацыю супраць адукацыйнай палітыкі палітыкі В8. Пачатак быў заплянаваны на тры, але яшчэ без дзесяці тры паліцыі было больш, чым дэманстрантаў. Копы стаялі па пэрымэтры Лаузітцэрпляц, абмацвалі кішэні, правяралі сумкі, не давалі прахордзіць са шклянымі пляшкамі.

Затое загадзя расклаліся трацкісты з КРІ. Мы перадалі прывітаньне іхным маскоўскім калегам, але купляць газэты ня сталі. Народ усё такі падцягнуўся, набралася колькі соцень чалавек. Мітынг быў для нас нудным, бо амаль ніхто нямецкае ня ведае. Але й немцы збольшага сядзелі на траве, а ня слухалі прамоўцаў на трыбуне.

І мітынг, і дэма былі даволі доўгімі – мы не датрывалі да канца. Але пасьпелі прагуляцца ш калёне міма Кёпі й пабегаць разам зь немцамі – адзін з улюбёных трукаў Кройнцбэрскіх дэма – ісьці сабе спакойненька, а потым нечакана рвануць на пару соцень мэтраў.

У Бэрліне бавіліся ня доўга – перабраліся ў Ростак. У Ростацкі Цэнтар Збору мы трапілі позьнім вечарам 26/05. Былая школа была яшчэ паўпустой – актывістаў пакуль зьехалася няшмат, але наступным днём пастаянна падцягваліся сьвежыя сілы.

Уваход карпаратыўнай прэсы ў будынак быў абмежаваны. Наагул не дазвалялася здымаць відэа і рабіць фота – каб не “спаліць” актывістаў перад паліцыяй. Дарэчы, забарона на фыта і відэаздымкі распаўсюджваецца на ўсе інфапункты і цэнтры збору ў Бэрліне і Гамбургу.

Прэсе дазволена наведваць толькі тры паверхі аднаго крыла чатырохпавярховай школы. Для гэтага адкрыты асобны ўваход. У гэтым крыле на 2-м паверсе знаходзіцца офіс attac – рэфармісты і настаялі на тым, каб карпаратыўная прэса магла заходзіць у будынак. Каля “аттаку” – бар, дзе амаль штовечар адбываюцца канцэрты і дзе можна набыць піва. Паверхам вышэй – кантора прэс-групы “Кампінскі” (нямецкая) і “Media g8way” (міжнародная). На чацьвёртым – індымэдыя цэнтар, які пакуль толькі абсталёўваецца.

Інфапункт абсталяваны ля ўваходу. У іншым крыле – кухня, сталоўка, пакой з вольным інтэрнэт-доступам.

Усё трымаецца выключна на самаарганізацыі – анархія ў дзеяньні. Кожны займаецца тым, што лічыць патрэбным. Мыцьцё прыбіральняў, прыбіраньне ў пакоях, гатаваньне ежы, абсталяваньне цэнтру – агульныя справы. Ёсьць людзі, якія ўзялі адказнасьць за тую ці іншую дзялянку й каардынуюць працу па ёй. Але прызначаных на пасады няма, дзейнасьць грунтуецца выключна на ўласным жаданьні і замацоўваецца толькі вуснай дамовай.

Пастаянна ідуць майстэрні ці трэніроўкі, дыскусіі, гутаркі рабочых груп. Учора хтосьці вучыўся быць салдатам арміі клоўнаў-бунтароў і дапамагаў на кухні, а хтосьці наводзіў парадак на складзе і быў на сходзе індымэдыі.

Полавая прыналежнасьць мала шплывае на род дзейнасьці, жанчын ніхто ня гоніць на кухню, а мужчын – укручваць лямпачкі. Існуе рабочая група па абароне жанчын ад гвалту, якая “падключыцца” ў выпадку неабходнасьці.

Кожны дзень а 10-й раніцы адбываецца агульны сход (планёрка), дзе робяцца абвесткі, будуюцца агульныя пляны і разьвязваюцца агульныя для ўсяго цэнтра праблемы. А калі нехта праспаў планёрку, то можа прачытаць абыесткі на стэндзе ля ўвахода.

У двары стаіць і ляжыць шмат велікаў, якія можна скарыстаць для вандроўкі на мора (менш за 10 км) ці ў цэнтар Ростака. Але звычайна тэмп жыцьця такі, што на мора не стае ані часу, ані сілаў.