Усе ведаюць, што Беларусь — квітнеючая дзяржава, нашае грамадства — самае стабільнае, а народ — самы законапаслухмяны. Дзякуй прэзідэнту! Ніжэй — некалькі навінаў, якія, безумоўна, пацвярджаюць гэтыя тэзісы.
У нядзелю 10 красавіка ў вайсковай частцы горада Старыя Дарогі знойдзены труп салдата тэрміновай службы. Хлопца звалі Аляксандр Анкуд. Звесткі аб тым, што сталася прычынай смерці, адрозніваюцца: адны крыніцы кажуць, што цела хлопца было пакрытае гематомамі і чэрап прабіты тупым прадметам, іншыя кажуць, што ён павесіўся. Міністэрства абароны каментараў не дае, бо для іх гэта, відавочна, не такое ўжо і сур’ёзнае здарэнне.
Нагадаем, літаральна нядаўна, 13 сакавіка, іншы салдат тэрміновай службы застрэліўся на пагранзаставе ў Лынтупах.
У Ганцавіцкім раёне адбыўся суд над двума мужчынамі, якія ў лістападзе мінулага года сустрэлі на вуліцы 94-гадовага дзеда, разгаварыліся з ім і папрасілі даць ім нешта перакусіць. Той запрасіў іх да сябе дадому і накарміў. Тады мужчыны папрасілі грошай. Дзед дастаў з капшука 2 тысячы рублёў і аддаў ім. Тыя, ў сваю чаргу, заўважылі, куды ён паклаў капшук, накінуліся на яго, збілі (потым яму спатрэбілася медыцынская дапамога), адабралі грошы і з’ехалі. 31 сакавіка іх прысудзілі да 10 год пазбаўлення волі.
14 красавіка ў Рэчыцы з 9-га паверха выкінуўся інвалід. Мужчыне было ўсяго 55 гадоў, але жыць далей ён не пажадаў — у кватэры была знойдзеная перадсмяротная запіска. Нагадаем, сацыяльная пенсія па інваліднасці ў Беларусі складае ад 1 230 000 да 1 804 000 BYR (ад 61 да 90 USD). На гэтым фоне асабліва «прыгожа» глядзіцца недаўняя навіна аб пад’еме пенсіённага ўзросту.
Але, бадай, горш за фізычнае самазабойства самазабойства маральнае, якое зрабіў жыхар Мінска, пенсіянер Валер Мілевіч. Ён напісаў на сваю суседку, Галіну Лагацкую, заяву ў карныя структуры за тое што яна… удзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу ІПшнікаў 22 лютага. Па словах пенсіянера, які, відавочна, засумаваў па сталінскіх часах, яго ўзбурыў плакат, які трымала Галіна: «Прадпрымальнік сумленны чалавек, а ўлада бандыцкая». «Улада у нас не бандыцкая» — патлумачыў ён журналістам. Удзельніца мітынгу лічыць, што нагодай для гэтай кляўзы можа быць зацяжны канфлікт вакол вазочнага пакою ў пад’ездзе, канфлікт які цягнецца паміж ёю і Мілевічам праз судовыя інстанцыі ўжо доўгі час — Мілевіч стаў замыкаць на ключ пакой, які належыць усяму жыллёваму кааператыву.
Можна доўга карміць насельніцтва байкамі аб росквіце і шчасці, вінаваціць ва ўсіх бедах сусветны крызіс і пятую калону, але рэчаіснасць усё больш настойліва урываецца у тканіну паўсядзённага жыцця: жудаснымі здарэннямі, амаральнымі ўчынкамі, бязмежжам, якое адбываецца, перш за ўсё, у закрытых і непадкантрольных грамадству установах, такіх як армія. Крывадушша дзяржаўнай сістэмы бачнае ва ўсім. Заклікаючы моладзь ісці ў армію і «абараняць Радзіму» чыноўнікі і ваякі чамусьці не кажуць пра дзедаўшчыну і ледзь не штомесячныя суіцыды маладых людзей у гэтым самым апірышчы абаронцаў Радзімы. На словах усяляк расхвальваючы сацыяльную палітыку дзяржавы і падтрымку інвалідаў, улада ані слова не кажа пра жудасныя бытавыя і матэрыяльныя ўмовы, у якіх насамрэч жывуць пенсіянеры, асабліва інваліды. Адмарозкам, якія збілі дзеда, што іх жа і накарміў, можна даць хоць 10, хоць 20 гадоў, але гэта ніяк не зробіць грамадства лепш, бо такія, з дазволу сказаць, «людзі» не з месяца звальваюцца — яны жывуць паміж нас і разам з намі, упітваюць тое, чым жыве грамадства, абсарбіруюць ягоныя каштоўнасці і лад мыслення.
Усё гэта ў чарговы раз пераконвае — дзяржава не можа вырашыць ніякіх праблем, яна іх, пераважна, стварае. Вырашыць праблемы грамадства зможа толькі само грамадства, тады, калі адчуе сваю сілу. А калі гэтага не адбудзецца, мы, магчыма, хутка даведаемся аб першых даносах ў КДБ: «посещал сайты незарегистрированных организаций»…