Нацыянальныя каштоўнасці і падвоеныя стандарты

Здарылася нечаканае: на днях у Беларусі былі затрыманыя тры выразна прарасейскіх дзеяча: карэспандэнты імперскага парталу «Рэгнум» Паўлаевц, Алімкін і Шыптэнка. На іх узбуджаная крымінальнай справа па арт. 130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варажнечы). Нагодай сталі іх артыкулы на сайце «Рэгнум», у якіх яны бэсцяць беларускую ўладу, адмаўляюць магчымасць існавання беларускай дзяржавы і кпяць з беларускай мовы і культуры.

Выпадак для Беларуі беспрэцэдэнтны. Нашая краіна заўсёды ішла ў фарватары расейскай ідэалагічнай палітыцы, і нават для негалоснай «мяккай беларусізацыі» пасадка адразу трох прарасейскіх журналістаў — вельмі рэзкі крок.

Магчыма, такія дзеянні з’яўляюцца асіметрычным адказам Лукашэнка на нядаўнія перадачы ў расейскіх СМІ, у якіх беларускія ўлады прама абвінавачваюцца ў «потворстве русофобии», а ледзь заўважная беларусізацыя — за «подготовку украинского сценария». І хаця афіцыйная прэса паднесла гэтыя арышты як «спыненне тых, хто сее варожасць паміж Расіяй і Беларуссю», на кулуарным, непублічным ўзроўні гэты крок — яўнае паказванне зубоў Пуціну і прарасейскай пятай калоне. У гэтым, дарэчы, добра праследжваецца крывадушнасць і элітарнасць беларускай знешняй палітыкі. Для ўнутранага спажывання насельніцтву даецца адна карціна (мір, сяброўства,саюзная дзяржава,мы з Расеяй браты), для сапраўднага ж адрэсату гэтыя крокі маюць на ўвазе зусім іншае. Важны момант: афіцыйна Расея дагэтуль ніяк не адрэагавала на затрыманні сваіх прапагандыстаў, хаця прайшло ўжо два дні. Каментарамі адзначыліся толькі адыёзныя імперскія парталы, такія як newsbalt.ru, www.politnavigator.net, «Ритм Евразии», «Новостной фронт» і падобныя на іх. Безумоўна, дазвол на правядзенне затрыманняў даваў асабіста Лукашэнка — бо аб’ект дзеянняў вельмі чуллівы, і геапалітычная рызыка даволі высокая. І, робячы гэта, ён, безумоўна, добра ўзважыў магчымыя наступствы, бо ў буйным канфлікце з Расіяй ён зацікаўлены менш за ўсё. Гледзячы па ўсяму, былі прыняты ва ўвагу наступныя фактары: глабальная палітычная ізаляцыя Расеі, санкцыі і катастрафічны недахоп саюзнікаў на міжнароднай арэне, цяжкае эканамічнае становішча, загразласць у працяглых канфліктах у Сірыі і Украіне і жаданне захаваць хаця б той геапалітычны ўплыў, што есць. Узважыўшы іх, Лукашэнка і прыняў такое рызыкоўнае рашэнне, спадзяючыся, што Расея не прыме сур’ёзных контрмер. І пакуль што гэтае спадзяванне спраўджваецца. Мэта ж гэтых арыштаў даволі простая: прыцішыць яўную Пуціна ў Беларусі, якая спрабуе аспрэчыць нацыянальны суверэнітэт Беларусі (чытай: непадзельнае права Лукашэнкі і яго сям’і кіраваць на дадзенай тэрыторыі), зменшыць магчымую пагрозу сваёй уладзе. Нагадаем, вышэй азначаныя журналісты ўжо шмат гадоў пішуць аб тым, што беларусаў не існуе, а Беларусь павінна вярнуцца да «маці-Расеі», але затрымалі іх толькі пасля таго, як пачаліся выпады непасрэдна ў бок Лукашэнкі.

Казаць аб тым, якія прысуды будуць вынесеныя прапагандыстам, пакуль рана. Хутчэй за ўсе, яны стануць чарговым прадметам гандлю паміж Лукашэнка і расейскай уладай — у прэзідэнта Беларусі вялікі досвед утрымання людзей у закладніках і выкарыстання іх у якасці разменнай манеты ў палітычных гульнях не толькі з Еўрасаюзам (узгадаем палітычных вязняў Плошчы і «справы анархістаў»), але і з Расіяй (справа топ-мэнэджера БКК Баўмгертнера).

Але што робіць гісторыю з затрыманнямі яшчэ больш цікавай, так гэта рэакцыя грамадзянскай супольнасці. Шэраг палітычных дзеячаў (Вольга Карач, Таццяна Караткевіч, Павел Стэфановіч) выказаліся аб тым, што затрыманыя з’яўляюцца палітвязнямі і што зробленае КДБшнікамі з’яўляецца актам палітычных рэпрэсій. За гэта на іх адразу абрынўся шквал крытыкі а тое і абраз з боку больш нацыяналістычнай, чым ліберальнай апазіцыі. Вышэй азначаных палітычных дзеячаў назвалі «агентамі Крамлю», «здраднікамі» «беларусафобамі» і гэтак далей. Раздавалася крытыка і ў адрас праваабаронцаў. Маўляў, статусу палітвязня заслугоўваюць толькі прыхільнікі незалежнасці Беларусі, тыя хто змагаецца за «нацянальныя каштоўнасці», а ні ў якім разе не ватнікі і прыхільнікі «рускага свету».

У аргументах беларускіх нацыяналістаў за пасадкі сваіх палітычных апанентаў разабрацца вельмі цікава, бо яны адлюстроўваюць узровень палітычнай свядомасці і спеласці вышэй азначанай публікі. Зараз прарасейскім блогерам пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Калі за словы, напісаныя ў блогу, саджалі ў турму палітвязняў Пальчыса і Пачобута, нацыяналісты на чым свет стаіць лаялі «крывавы рэжым» і яго рэпрэсіўную палітыку. Калі тое ж самае робяць з ватнікамі — хлопаюць у далоні і кажуць што так і трэба, спасылаючыся на беларускі закон (з годна з якім саджалі і іх), які, маўляў, парушаць нельга.

Зараз становіцца вядома, што пасадкам папярэднічалі даносы нацыянальна свядомых грамадзян у Міністэрства інфармацыі. І хаця, канешне, не яны з’яўляюцца прычынай арыштаў, але не можа быць сумневаў, што заўтра такія ж даносы могуць быць напісаныя на каго заўгодна – на анархістаў ці “недастаткова патрыятычных” сацыяльных актывістаў.


donos001

 

Аналагічнае ўжо даўно адбываецца ва Ўкраіне, дзе нацыяналісты і нацысты даўно запісваюць кожнага, хто крытыкуе Парашэнка, у “пуцінскія найміты” і “маскалі”.

Часцей за ўсе ў апраўданне пасадак рускамірцаў раздаюцца аргументы, што тыя, маўляў, ставяцца варожа да нацыянальных каштоўнасцяў і ставяць пад пагрозу суверэнітэт Беларусі. Але па-першае, нацыянальныя каштоўнасці — гэта фікцыя. Няма і не можа быць аднолькавых каштоўнасцяў у людзей розных класаў, і груп, якія маюць рознае доступ да ўлады. Якія могуць быць агульныя каштоўнасці ў АМАПаўца і хлопца, на якога ён памачыўся? У дырэктара прадпрыемства і працоўнага, якога, звальняючы, пакідаюць без сродкаў да існавання? У настаўніцы і бізнесмена, які за адзін вечар у рэстаране прасаджвае тры яе месячных заробкі? Прапануючы нам нацыянальныя каштоўнасці, нам прапануюць штучна ўтвораны міф, выгадны дзяржаве для сплачэння насельніцтва.

Што ж датычыцца закону, які парушылі рускамірцы, то ў такім выпадку нацыяналісты павінны былі асудзіць і сваіх дзеячаў, якія фармальна таксама парушылі закон: Пальчыса, Дашкевіча, Лобава і іншых. Калі заўтра Лукашэнка прыме закон аб увядзенні манархіі і адмене выбараў — яго таксама трэба будзе прыняць за дадзенае?

Прыхільнікі нацыянальных каштоўнасцяў ніяк не хочуць зразумець, што свабода слова альбо есць для ўсіх, альбо яе няма ўвогуле. Калі ж ты выступаеш за свабоду слова «толькі для сваіх», то гэта проста падвоеныя стандарты і крывадушша ў палітычнай вокладцы

Без усялякага сумневу, погляды затрыманых журналістаў — рэакцыйныя і пачварныя, варожыя любой свабодзе, і наўрад ці нармальны чалавек будзе падтрымліваць гэтых платных прапагандыстаў у зняволенні. Але ці заслугоўвае чалавек з любымі, нават вычварэнскімі поглядамі таго, каб за словы яго саджалі ў турму? Словы – гэта не дзеянні, і абмяжаванне права на выказванні гэта цэнзура, як яе не назаві. Беручы за падставу анархісцкую мадэль грамадства, да якой мы імкнёмся, можна ўпэўнена сказаць, што ў ёй, нягледзячы на ўвесь яе гуманізм і роўнасць, могуць завесціся людзі, напрыклад, антысеміцкіх ці аўтарытарных поглядаў. Але нават грамада не ў праве пазбаўляць іх свабоды за адны толькі выказванні. Змагацца са шкодным словам неабходна гэтаксама: словам. Абвяргаць, высмейваць, ізаляваць, публічна асуджаць — але не прымяняць карныя механізмы, бо варта толькі ўжыць іх адзін раз, і сфера ўжывання будзе няспынна пашырацца. Так нас вучыць гісторыя, у тым ліку гісторыя непаспяховых рэвалюцый.

Увогуле, рэакцыя нацыяналістычнай супольнасці яшчэ раз пацвярджае пэўнае збліжэнне яе ідэалагічных пазіцый з уладнымі. Ужо некалькі год таму, пасля Майдана, стала відавочна, што пэўная частка апазіцыі гатова кансалідавацца вакол Лукашэнка супраць Пуціна. Прынцып «спачатку незалежнасць, правы чалавека — потым» стаў гучаць усё часцей. А гэта кажа аб тым, што нам, анархістам і антыаўтарытарыям, трэба яшчэ актыўней артыкуляваць сваю павестку – класавую салідарнасць працоўных, безумоўную свабоду слова і прамую ўладу народа, — каб у пэўны момант не аказацца слабымі і бездапаможнымі паміж двума варожымі сіламі: аўтарытарнымі аматарамі нацыянальных каштоўнасцяў і пра-імперскімі шавіністамі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.