Учора ўвечары ў крэатыўнай прасторы «Punkt» зайгралі рознымі колерамі фарбы паралельнага свету. Адбылася прэзентацыя кнігі экс-палітвязня, удзельніка анархісцкага руху і журналіста газеты «Новы Час» Мікалая Дзядка «Фарбы паралельнага свету».
Каб паслухаць аўтара і набыць кнігу сабралася не менш за 50 чалавек. Сам аўтар называе жанр, у якім напісаная кніга «турэмнай аналітыкай». «Фарбы паралельнага свету» — зборнік з трынаццаці аповедаў, прыкладна палова з якіх напісаная падчас пяцігадовага зняволення ў турмах і калоніях Беларусі.
Мікалай Дзядок — адзін з арыштаваных па «справе анархістаў»: у 2010 годзе, калі ўлады, выкарыстаўшы ў якасці нагоды напад на расійскую амбасаду, пачалі маштабную зачыстку анархісцкага руху. Мікалай быў затрыманы і пазней атрымаў 4,5 гады пазбаўлення волі. За некалькі дзён да сканчэння тэрміну суд дадаў яму яшчэ год па артыкуле 411 КК РБ («Злоснае непадпарадакаванне адміністрацыі папраўчай установы»).
У кнізе былы вязень аналізуе тое, як працуе сістэма і якімі інструментамі карыстаецца для падаўлення асобы, прыводячы пры гэтым канкрэтныя прыклады з пабачанага ім у няволі.
Распавядаючы пра кнігу, аўтар зрабіў асаблівы акцэнт на «дэсакралізацыі метадаў аператыўнікаў». Супрацоўнікі карнага апарату акружылі сябе і свае практыкі арэолам таемнасці, што дазваляе ім дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі перамолваць людскія лёсы. “Сарваць фіранку з гэтых метадаў, каб пазбавіць людзей страху” — і ёсць, па выказванню аўтара, адна з мэтаў кнігі. Падчас прэзентацыі таксама было адзначана, што для ўтрымання падначаленых у падпарадкаванні і ажыццяўлення кантролю ўлада карыстаецца аднымі і тымі ж прымітыўнымі метадамі як у турме так і на волі, таму і метады супраціву ў вольных і турэмных рэаліях прыкладна аднолькавыя.
Мікалай Дзядок таксама адказваў на пытанні прысутных. Адказваючы на пытанне, ці будзе ў гэтай кнігі працяг, аўтар заўважыў, што хаця турэмная тэматыка не адпусціць яго ужо да канца жыцця, наступная кніга, якая будзе ім напісаная, не будзе датычная непасрэдна карных структур, аднак канкрэтную тэму не назваў.
На такой інтрыгуючай ноце прэзентацыя скончылася. А тыя, хто набыў твор пайшлі дамоў, каб акунуцца ў атмасферу таго паралельнага свету, які лепш за ўсе спасцігаць толькі з кніжных старонак…
Нагадаем, у 2011-м годзе таксама была апублікаваная кніга «Еду в Магадана» другога вязня па справе анархістаў — Ігара Аліневіча, прысвечаная ягонаму скраданню ў Расіі і знаходжанню ў СІЗА КДБ.
Крыніца: http://novychas.by/palityka/mikalaj-dzjadok-prezentavau-svoj-paralelny-svet