У кола анархістаў бессэнсоўна ўкараняць агентаў, бо анархісты дзейнічаюць аўтаномнымі групамі.
Анархісты ня сьвецяцца перад СМІ, каб праз мэдыі за іх перасоўваньнямі не сачылі «органы».
Анархісты — не арганізацыя, а філязофія і рух.
Анархісты выступаюць за сьвет, у якім няма дзяржаваў, а ёсьць самакіраваньне людзей праз наўпроставую дэмакратыю.
На апошніх сацыяльных акцыях пратэсту асабліва вылучаліся анархісты. Дзе-нідзе яны ачольвалі шэсьце і мітынг. Міліцыя найбольш жорстка абышлася з анархістамі ў Менску на акцыі 15 сакавіка.
Чаму органы вылучаюць анархістаў з шэрагу іншых грамадзкіх актывістаў?
Адказвае Стас Пачобут — адзін зь першых анархістаў у незалежнай Беларусі, лідэр гарадзенскага гурту «Deviation». Стас браў удзел у шматлікіх акцыях і пэрформансах анархістаў у 1990-я — пачатку 2000-х. Цяпер грае на закрытых канцэртах па ўсёй Беларусі.
«Анархісты выступаюць супраць дзяржавы як інстытуцыі. Мы лічым, што грамадзтва можа самаарганізоўвацца на асновах наўпроставай дэмакратыі. Гэтым мы адрозьніваемся ад іншых палітычных сіл.
Другое вельмі моцнае адрозьненьне, тое, што не дае спэцслужбам паламаць анархісцкі рух, —— гэта тое, што ў анархістаў няма «важдзізму». Няма кіраўнікоў. Кожны мае права veto і права дзеяньня. Калі ловяць нейкіх умоўных лідэраў, гэта не ўплывае на агульную карціну, на агульную дзейнасьць, не зьмяняе моцы руху.
Цяперашні моцны ўсплёск дзейнасьці анархістаў у Беларусі зьвязаны з сацыяльным характарам пратэстаў. Акцыі, прывязаныя да гістарычных дат, менш блізкія.
Спэцслужбы адпрацавалі сыстэму, як стрымліваць палітычны рух. Гэта ўваход у палітычныя арганізацыі, затрыманьне кіраўнікоў. А з анархісцкім рухам гэта не працуе. Таму на сацыяльных акцыях супраць «дармаедзкага» дэкрэту спыніць анархістаў было немагчыма.
Мне забаўна часам чытаць пра нейкі «расейскі сьлед» беларускіх анархістаў. Я такое пра сябе чуў яшчэ ў 1994 годзе. Усе, хто не падпарадкаваны афіцыйнай апазыцыі, усе яны «зьвязаныя з Расеяй». Гэта проста сьмешна.
Важна падкрэсьліць, што анархісты — не арганізацыя. Кожны анархіст можа прадстаўляць пэўную сацыяльную нішу. Яны могуць быць рабочымі, клеркамі, антыфашыстамі, футбольнымі фанатамі, мець розныя погляды на тыя ці іншыя палітычныя падзеі. Але заўжды падтрымліваюць барацьбу працоўных за свае правы. А ў Беларусі дзяржава, апроч рэпрэсіўнай функцыі, яшчэ выконвае ролю капіталіста-манапаліста.
Анархісты рэгулярна ладзяць акцыі, але пра іх мала ведаюць у СМІ, бо калі пра месца і час ведаюць журналісты, то першымі туды прыедуць міліцыянты. А ідэя акцыяў — прапаганда сярод насельніцтва: раздаць улёткі, паказаць, што ёсьць людзі, якія не баяцца.
Хоць, з аднаго боку, анархісты адмаўляюцца ад прасоўваньня сваіх ідэяў праз СМІ, зь іншага — яны робяць сваю дзейнасьць больш бясьпечнай, а гэта прыцягвае новых людзей, найперш маладых.
І вось цяпер запатрабаванасьць у такіх людзях значна падвысілася. Мы гэта бачым па актыўнасьці анархістаў на „дармаедзкіх“ акцыях і нэрвовай і жорсткай рэакцыі на іх улады».