Як паведамляецца, гарадскія ўлады Магілева прынялі рашэнне запрасіць на канцэрт у Дзень Незалежнасці расейскіх артыстаў: Алега Газманава, Льва Лешчанка і Аляксея Вараб’ёва.
Дырэктар Магілёўскай філармоніі Дзяніс Шаблінскі паведаміў журналістам, што выбіралі спевакоў сыходзячы з фінансавых магчымасцяў бюджэту і ўмоваў тэндару (пра самі ўмовы — не паведамляецца).
Пры гэтым Шаблінскі заўважыў, што адной з прычын, чаму быў абраны Лешчанка, было тое, што ніхто лепш за яго не выканае песню «День победы».
Што тут можна дадаць? Напэўна тое, што застаецца толькі парадавацца за жыхароў Магілева: горада, у якім, відавочна, ужо адрэмантаваныя ўсе школы (і з бацькоў не трасуць грошы штомесяц), арганізаваныя бесплатнае лячэнне і абследванні тым, хто мае ў гэтым патрэбу (ды і неабходнае абсталяванне даўно закупленае — стаіць новенькае, з іголачкі), гарадскі ўніверсітэт ім. Кулешова ўвогуле не бярэ грошай за навучанне студэнтаў, ды і грамадскі транспарт, па ўсяму гледзячы ўжо стаў бесплатным.
А гэта значыць што чыноўнікі з чыстым сэрцам могуць патраціць 84 тысячы даляраў бюджэтныя грошаў на тое, каб панастальгаваць па песням свайго дзяцінства і пусціць скупую слязу пад «День победы»…