15-гадовага Улада Зялёнага, школьніка з Баранавічаў, не стала амаль восем месяцаў таму – 22 снежня 2016 года. Крымінальная справа па артыкуле “Давядзенне да самазабойства” была распачатая ў хуткім часе. Але ніхто так і не быў пакараны.
Пачалося ўсе з таго, што Ўлад пабіўся з аднакласнікам і, нібыта разбіў яму нос. Пасля гэтага жыццё хлопца ў школе стала раптоўна пагаршацца. 21 снежня 2016 года ў школе праводзілі так званы Савет прафілактыкі, на якім Улада Зялёнага публічна бэсцілі і прыніжалі за бойку з аднакласнікам. Ягоная маці Таццяна таксама там прысутнічала:
–Калі Улад зайшоў, то дырэктар Дарашэнка спытаўся, чаму яго не было ў школе ў пятніцу. Сын сказаў, што быў у стаматолага. На гэта дырэктар сказаў, што там, куды сын паедзе, зубы яму не спатрэбяцца, – кажа Таццяна. Таксама Дарашэнка казаў, што сына ненавідзіць увесь клас і што школа дасць на яго такую характарыстыку, што Улад нікуды не паступіць. Калі дырэктар сышоў, ціск працягнула намесніца дырэктара Пацэвіч. Яна выбівала з Улада прызнанне, што менавіта ён ударыў аднакласніка. Улад казаў, што ён не біў. Пацэвіч запэўнівала, што справа ў кожным разе будзе перадавацца ў міліцыю. У выніку, яна дала Уладу “апошні шанц”. Тады сын сказаў: “Няхай гэта быў я”. Для Улада ўся гэта сітуацыя была трагедыяй. І на наступны дзень ён павесіўся. Сына давялі да самагубства.
Незадоўга да гэтага да хлопца прыехала маці пакрыўджанага аднакласніка і выводзіла яго з класа на размову мама пакрыўджанага аднакласніка. Нядаўна стала вядома што яна — высокапастаўленая супрацоўніца Следчага камітэта.
Распавядае маці Ўлада:
–Улад расказваў мне, што яна “выводзіла яго за межы класа на размову”. Гэта было, калі я не блытаю, 19 снежня, за некалькі дзён да гібелі сына. Яна сказала, што напісала на Улада заяву, і, калі нешта здарыцца, аддасць гэту паперу ў міліцыю. Але ўжо ніхто не даведаецца, пра што яна там з ім размаўляла. Якое яна ўвогуле мела права?
У пачатку жніўня ўпраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці зноўку прыпыніла следства па гэтай гучнай справе.
Атрымліваецца, што Улад Зялёны звёў рахункі з жыццём праз некалькі дзён пасля гутаркі з “мамай у пагонах” і публічнага прыніжэння на Савеце прафілактыкі. Прытым адміністрацыя школы не стамляецца маляваць змрочнымі фарбамі асобу Ўлада і ягоную сям’ю.
–Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі школы №10 выказаў нам здагадку, што праблему трэба шукаць у вашай сям’і. Маўляў, Улад быў страшна праблемным хлопцам, а вы – злоўжывалі алкаголем. — кажа маці Ўлада – Гэта хлусня. Улад быў выхаваным хлопчыкам. Ён ніколі нікуды не прыцягваўся, жыў у дабрабыце, у нас пастаянна былі рэпетытары. Чаму дрэнная сям’я, я не магу зразумець. Мяркую, каб закрыць справу, трэба было выгарадзіць і маму аднакласніка, і школу. Таму вінаватасць перакінулі на нібыта дрэнных бацькоў. А я ніколі не знаходзілася ні на якіх уліках. У мяне машына, правы. Працавала ў Мінску кіроўцам тралейбуса. Я ўраўнаважаная, мне людзей давяралі.
Праз тры тыдні пасля трагедыі блізкія Улада атрымалі ліст з Брэсцкага аблвыканкама. Там было сказана, што “камісія выявіла парушэнні ў рабоце СШ №10 па арганізацыі прафілактычнай работы сярод непаўнагадовых. Да работнікаў, якія дапусцілі парушэнні, ужыты меры дысцыплінарнай адказнасці”.
Што гэта за меры – невядома. Але праўда ў тым, што дырэктар Міхаіл Дарашэнка і намесніца дырэктара Тамара Пацэвіч і сёння займаюць свае пасады, быццам нічога не здарылася.
Але ж цікава, якімі былі б «меры дысцыплінарнай адказнасці» у дачыненні да школы, калі б аналагічнае няшчасце здарылася не ў сям’і кіроўцы тралейбуса, а ў той самай высокапастаўленай чыноўніцы са Следчага камітэта? Пытанне, здаецца, рытарычнае.