Асноўныя вынікі дакладу Freedom House за 2017 год:
1. Свабода ў інтэрнэце змяншаецца сёмы год запар
2. Часцейшымі становяцца адключэньні мабільнага інтэрнэту (у тым ліку з палітычных прычынаў і ў раёнах пражываньня этнічных ці рэлігійных меншасцей)
3. Пачасціліся фізычныя і тэхнічныя атакі на незалежныя мэдыі і актывістаў.
4. Фэйкавыя навіны ў сацсетках сталі важным фактарам у выбарах.
Найгоршым ворагам свабоды ў інтэрнэце застаецца трэці год запар Кітай, сьледам ідуць Сырыя і Эфіёпія. 36% насельніцтва Зямлі жыве без свабоды ў інтэрнэце (у ліку такіх і Беларусь). Цалкам свабодны доступ да інтэрнэту ёсьць толькі ў 23% (Заходняя Эўропа, ЗША, Канада, Аргентына, Паўднёвая Афрыка, Аўстралія). Найбольш свабоды ў карыстальнікаў з Эстоніі і Ісляндыі.
Анлайн-маніпуляцыя інфармацыяй і дэзынфармацыя адыгралі ролю ў выбарах кіраўніцтва 18 дзяржаваў (у тым ліку ЗША). Фэйкавымі навінамі і акаўнтамі-ботамі, якія ствараюць бачнасьць падтрымкі фэйкаў і праўладных думак, карыстаюцца ня толькі Кітай і Расея, а, паводле дакладу, тры дзясяткі краінаў, у тым ліку Вэнэсуэла, Мэксыка, Турэччына.
Усё больш краінаў (34 сёлета супраць 25 летась) ужываюць хакерскія атакі на СМІ і ўзломы старонак палітычных актывістаў. Мэдыі «затыкаюць» DDoS-атакамі — у Вэнэсуэле пад такую атаку трапіла нават арганізацыя падтрымкі людзей з ВІЧ/СНІД, якая інфармавала людзей пра распаўсюд лекаў.
Некаторыя ўрады цяпер блякуюць жывыя відэатрансьляцыі (стрымы) або доступ да мабільнага інтэрнэту падчас палітычных акцыяў, адкуль спрабуюць весці стрымы (апошняе было ў тым ліку ў Беларусі, у час акцыяў сувязь абрывалася), а відэаблогераў штрафуюць і садзяць за краты. Некаторыя робяць хітрэй: напрыклад, пасьля таго, як Зімбабвэ разблякавала доступ да мэснджэру WhatsApp, урад падвысіў цэны на мабільны інтэрнэт у пяць раз.
Шэраг краінаў змагаецца са сродкамі ананімнасьці ў інтэрнэце (у Беларусі яны юрыдычна забароненыя, але блякаваньне Tor дала адваротны эфэкт — ім пачалі часьцей карыстацца). Некаторыя ўрады (у тым ліку Расея і Вялікая Брытанія) патрабуюць ад кампаніяў даваць сродкі расшыфроўкі перапіскі — рабіць «бэкдоры» («чорныя хады») ў шыфравальных альгарытмах.
Але некаторыя краіны блякуюць частку інтэрнэту як адказ на фэйкі і маніпуляцыі — як то зрабіла Ўкраіна з расейскімі сацсеткамі і сэрвісамі. Freedom House называе гэта «трывожнай тэндэнцыяй».
Нагадаем, больш за год таму быў заблакаваны і наш сайт: www.pramen.io. Для доступу да яго вам спатрэбіцца Tor Browser, VPN альбо ананімайзеры.
Крыніца: https://www.svaboda.org/a/net-freedom-2017/28852714.html