Публікуем артыкул нашага паплечніка Міколы Дзядка з нагоды прысуду Святаславу Барановічу.
«Працэс над Святаславам Барановічам, які атрымаў тры гады калоніі за тое, што дапамагаў анархістам адбівацца ад шунявак, стаў унікальным у сваім родзе. Гэта – дэманстратыўны і выразны месендж ад улады ўсім, хто спрабуе паставіць сябе нараўне з ёй. І месендж гэты быў – для тых, хто не зразумеў – яшчэ раз выказаны Шуневічам: «Усе, хто будзе кідацца бараніць, будуць і надалей атрымліваць». Такім чынам, суд над Барановічам гэта дэманстратыўны і паказальны суд над мужнасцю, смеласцю, сумленнем. Прысуд Барановічу – прысуд самой ідэі аб тым, што ў дзяржаве людзі могуць быць роўныя перад законам.Аналізаваць гэтую справу, зрэшты, няма чаго. Можна было б паўтарыць банальнасці аб тым, што дзяржава сцвярджае сваю манаполію на гвалт, адбірае ў людзей правы распараджацца сваімі жыццямі і бяспекай і гэтак далей. Але ўсе гэта інтуітыўна ведае кожны, хто жыве ў Беларусі.Я хацеў бы сканцэнтравацца на іншым: што трэба рабіць для таго, каб не быць асуджаным як Барановіч?
Зразумела, перад чалавекам, які бачыць гвалт, заўсёды стаіць дылема – паспрабаваць спыніць яго, абараніць нявінных, альбо прайсці міма, зрабіць выгляд, што твая хата с краю. Барановіч абраў першае і, нягледзячы на тое, што прызнанне віны і пакаянне трохі змазала ўражанне ад яго мужнага ўчынку, ён усе роўна застаецца прыкладам сумлення і здаровага радыкалізму. Аднак відавочна, што тры гады – занадта высокі кошт за пару плюх міліцэйскаму гопніку. І разуменне таго, што табе прыйдзецца на такі працяглы тэрмін расстацца з сям’ёй, сябрамі і звычным укладам жыцця можа многіх спыніць ад такіх праяваў мужнасці – зрэшты, на гэта і разлічвае ўлада.
Дык што ж рабіць? Ісці на кампраміс з сумленнем і годнасцю? Дазваляць мярзотнікам збіваць сябе і астатніх? Я думаю, гэта горшае выйсце з усіх магчымых. Адпор можна і трэба даваць, але рабіць гэта варта так, каб максімальна знізіць свае шансы трапіць пад рэпрэсіўны каток.
Не буду зараз разбіраць менавіта выпадак у тралейбусе (варта падкрэсліць што анархісты, у адрозненні ад ліберальнай апазіцыі, не лічаць, што самаабараняцца можна толькі ад ментоў у цывільным; мы не думаем, што нашэнне формы дае права мусару збіваць нас) – прывяду канкрэтныя метады, правераныя часам, таго, як можна даваць адпор уладзе і пры гэтым знізіць верагоднасць пакарання:
1. Скрываць твар. Адкрываючы твар ты шматкроць спрашчаеш працу мусарам па тваёй ідэнтыфікацыі. Невядома, ці была б увогуле «справа Барановіча», калі б сам Святаслаў, як анархісты, якіх ён бараніў, меў на твары маску. Твар адкрыты, кругом відэакамеры – чаму б не апазнаць самага смелага «байца» і не ўчыніць над ім дэманстратыўны суд?
2. Непрыкметна апранацца. Не дарма анархісты ўсяго свету сфарміравалі тактыку «Чорнага блоку» — калі ўсе апранаюцца ў чорнае, пажадана як мага больш аднолькавае. Калі ўсе апранутыя як адзін, ідэнтыфікацыя вельмі ускладняецца, прыцягнуць да адказнасці сябра групы робіцца складаней. У беларускіх умовах, канешне, гэта працуе не так добра: у нас шуняўкі апазнаюць анархістаў у масках «па вачах» і «па сілуэце», ды і колькасць чорнага блока – 20-30 чалавек не параўнаць з такой у еўрапейскіх краінах — ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч. Тым не менш, аднолькавая, ці, прынамсі, непрыкметная вопратка па-ранейшаму ўскладняе ідэнтыфікацыю. А скінуць верхняе, ці вывернуць куртку другім колерам наверх пасля таго як пакінеш «месца баявых дзеянняў» — яшчэ лепш. Пераглядзіце відэа . Анархісты – адна чорная пляма, а чырвоную масцерку БЕЛАРУСКІ БОКС немагчыма не заўважыць.
3. Дзейнічаць у групе. Гэтае правіла лагічна выцякае з папярэдніх двух. Чым больш людзей – тым больш складаная і менш верагодная ідэнтыфікацыя. Узгадаем Плошчу-2010. Тыя хто быў там пацвердзяць: біліся з мянтамі вельмі многія, але далёка не ўсе былі прыцягнутыя за гэта да адказнасці. Рэсурс карнай машыны вычарпальны, і яе магчымасці не бязмежныя – хоць яны і і спрабуюць з суровым тварам зрабіць выгляд, што «знойдуць усіх» і «пакаранне непазбежнае». Гэта не так.
4. Своечасова прыцягваць грамадскасць і журналістаў. У любым выпадку рызыка быць пакараным заўсёды застаецца. І ацаніць яе трэба цвяроза. Пажадана – яшчэ перад тым, як ісці на любы смелы ўчынак. Супраціву без рэпрэсій не бывае, як не бывае прыліву без адліву і дажджу без аблокаў. Родныя і сябры таго, хто пацярпеў, павінны зразумець, што чым раней да справы будзе прыцягнутая грамадскасць, тым у большай бяспецы будзе чалавек. На ўсялякі выпадак, раю перачытаць вось гэта: [1] [2] [3] [4] перад тым як у краіне пад назвай Беларусь увогуле выходзіць на якія-небудзь палітычныя мерапрыемствы.
Фактычна, усе гэтыя парады заснаваныя на доўгім досведзе барацьбы рэвалюцыйных рухаў (і ў прыватнасці анархісцкага руху Беларусі) і зводзяцца да таго, каб кожнаму, хто выходзіць дзейнічаць больш асэнсавана, падрыхтавана і прафесійна. Кожны дэманстрант ці пратэстовец мусіць стаць бліжэй у сваіх звычках і дзеянні да прафесійнага актывіста – і тым самым зрабіць свой лёс больш бяспечным. Рэальна ацэненая рызыка, пільная падрыхтоўка, разуменне таго што ты робіш, падтрымка сяброў, паплечнікаў і грамадзянскай супольнасці – вось зброя супраць дэманстратыўнага хамства і бязмежжа ўлады. Бараніць сваіх можна і трэба. Калі сёння перастанем гэта рабіць, заўтра за нашэнне масак будзе не адміністрацыйная а крымінальная адказнасць, а такім як Барановіч будуць даваць не тры гады, а дзесяць. Годнасць і сумленне можна адстаяць толькі праз супраціў. Альтэрнатывы няма.»
Крыніца: https://www.facebook.com/happymikola/posts/623311108019918
Нагадаем, дапамагчы Святаславу Барановічу вы можаце, пералічыўшы грошы АЧК-Беларусь.