31 траўня актывіст кампаніі Legalize Belarus Пётр Маркелаў, якая змагаецца за лібералізацыю заканадаўства ў дачыненні да кантраляваных рэчываў, правеў адзіночны пікет ля будынку МУС з заклікам «Заблакуйце 86.57.250.202» (айпі-адрас МУС РБ). Гэтая акцыя была зробленая ў знак пратэсту супраць блакіроўкі Мінінформам шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў.
У пятніцу, 1 чэрвеня Пятра Маркелава выклікалі на прафілактычную размову ў Маскоўскае РУУС, адкуль ён не вярнуўся — паспеў толькі паведаміць, што на яго складаюць пратакол па ч.3 арт. 23.34 КаАП (добры прыклад таго, што ня варта хадзіць на «размовы» з міліцыянтамі без павесткі, выдадзенай пад роспіс, у якой указаны працэсуальны статус).
Выходныя ён правеў у ЦІП на Акрэсціна.
Адміністрацыйны разгляд справы пачаўся сёння, у каб. 124 суда Маскоўскага раёна г. Мінска. У судзе Пётр Маркелаў заявіў, што парадак не парушаў, ніякі плакат не трымаў.
Падтрымаць актывіста прыйшло шмат людзей. Зала на словы «Прошу всех встать, суд идёт!» ніяк не адрэагавала, аднак суддзя Таццяна Мотыль усё роўна адказала: «Спасибо, можете садиться!» Пасля трох перапынкаў пратакол Пятра Маркелава адправілі на дапрацоўку ў Маскоўскае РУУС. У супрацоўніка міліцыі Астаф’ева, які склаў пратакол, не было ніякіх доказаў здзяйснення актывістам правапарушэння 31 траўня, акрамя апублікаванага артыкула.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Як абыйсці блакіроўку: http://bit.ly/2qB6Uzh
Дарэчы, у бліжэйшыя дні адбудзецца суд па нестандартнай адміністрацыйнай справе: актывістку Віку Біран будуць судзіць за тое што яна сфатаграфавалася з плакатам «Самі вы падробка» (таксама адрасаваным МУС у адказ на іх нядаўнюю заяву аб «традыцыйных каштоўнасцях) на фоне Дома Урада, будынкаў МУС і КДБ. Зараз Біран будуць судзіць адразу ў трох судах: Ленінскім, Цантральным і Маскоўскім.
Крыніца: spring96.org