Гэты вольны рымэйк знакамітай цытаты пастара Марціна Німёлера найбольш адлюстроўвае стан беларускага грамадства і яго стаўленне да наступу дзяржавы на ўсе магчымыя правы і свабоды.
Чалавек, у якога ёсць улада, вельмі хутка «ўваходзіць у густ», і робіць гэта тым хутчэй, чым менш супраціву яму аказваюць. Да складаных палітычных сістэм гэта адносіцца таксама. Апошнія год-два мы бачым, як нашая ўлада, увайшоўшы ў густ канчаткова і беспаваротна, крыміналізуе адну групу насельніцтва за другой.
Раптам апынулася, што купка людзей, якая воляю лёсу (і, што таіць грэх, воляю многіх з нас) стала кіраваць намі, зараз лёгка і без згрызотаў сумлення вырашае, хто з грамадзян Рэспублікі Беларусь можа лічыцца паўнавартасным (больш-менш), а хто — толькі па прыкмеце сваёй ідэнтычнасці — асоба другога гатунку, якую можна біць, абражаць, класці тварам у падлогу і адпрацоўваць на ёй разнастайныя рэпрэсіўныя механізмы.
Крыміналізаваных груп набралося ўжо шмат. Але рэакцыя шырокіх колаў грамадства на пазбаўленне гэтых груп элементарных чалавечых правоў пакуль не тое што квёлая — яна амаль адсутнічае.
Аднымі з першых «пад раздачу» трапілі анархісты. Не, я зараз не пра адказ дзяржавы на сімвалічныя падпалы, якія яны зрэдку ладзяць. У Беларусі нормай стаў пераслед анархістаў проста па факце таго, што яны анархісты. За адны толькі палітычныя погляды. Масавае затрыманне пасля дазволенага мітынгу 15 сакавіка 2017 года, сямігадзінны захоп загараднай сустрэчы анархістаў у Крупках, адвольныя затрыманні пэўных асоб час ад часу, «маскі-шоў» на любых адкрытых мерапрыемствах, і вобшукі, вобшукі, вобшукі — яны сталі ўжо руцінай. І, галоўнае, на кожнае з гэтых дзеянняў знаходзіцца легальнае абгрунтаванне, раз за разам усё больш абсурднае. То нашэнне масак, то «незаконная высечка дрэваў», то «распаўсюд нацысцкай сімволікі», а тое і проста пастанова з РУУС, згодна з якой па вашым адрасе могуць знаходзіцца зброя і выбуховыя рэчывы.
Пры ўсёй павазе да актывістаў апазіцыі, якія таксама пакутуюць ад дзяржрэпрэсій, варта сказаць, што іх прасуюць, як правіла, усё ж за канкрэтныя дзеянні, а не за факт існавання (выключэнне — прэвентыўныя хапуны перад пратэстнымі акцыямі).
Але да пераследу палітычных радыкалаў усе звыклі. «Самі ведаюць, на што ідуць, законы не паважаюць, дый увогуле ва ўсім свеце так, нават у дэмакратыях» — кажа сабе гартальнік навінавай стужкі.
Пад прэсам пасля вясны-2017 апынуліся і тыя, хто даводзіць да грамадства факт рэпрэсій: незалежныя журналісты і блогеры. Толькі за 5 месяцаў 2018 года журналістаў штрафавалі 39 разоў. Некаторых штрафуюць па тры разы на дзень. Пабачылі што эфекту няма — перайшлі да крымінальных спраў. А якія артыкулы! «Незаконны выраб прадукцыі СМІ» і «Паклёп». Усё, заўважым, у межах закону.
Сярэдзіна 2014 года: прыйшоў час футбольных фанатаў. Усе асноўныя «фірмы» разгромленыя, фанаты МТЗ-РІПА атрымалі да 12 гадоў, лік ультраправых фанатаў, якія сядзяць за кратамі, ідзе ўжо за дзясяткі. Артыкулы: хуліганка, наркотыкі.
У абарону фанатаў не падняўся ніхто, акрамя невялікай часткі журналісцкай супольнасці. Нават сябры па фанацкіх групоўках (колькасць якіх у свой час ішла на сотні) абмежаваліся сімвалічнымі акцыямі і матэрыяльнай падтрымкай. Пра «фанацкі рух» у Беларусі на сёння казаць не прыходзіцца.
Не менш унікальная і значная для Беларусі панк-хардкор субкультура — пад сталай атакай падчас усяго кіравання Лукашэнкі, але апошнія шэсць гадоў прэсінг дасягнуў нечуваных маштабаў. Варта ўзгадаць «маскі-шоў» на канцэрце-бенефіце «Ежа замест бомбаў» у 2012 годзе. Зараз стаянне ля сцяны на расцяжцы, здзекі і збіцці, затрыманні рэгулярна здараюцца на панк-канцэртах пару-тройку разоў на год. Шукаюць экстрэмісцкую літаратуру, перапісваюць дадзеныя тых, хто, на іх меркаванне, можа ў будучыні стаць экстрэмістам. Афіцыйная нагода амаль заўсёды — пошук наркотыкаў.
Дарэчы, наркаспажыўцы зараз таксама першыя ворагі дзяржавы. Абвешчаная на словах вайна супраць наркагандлю абярнулася вайной супраць наркаманаў ці проста людзей, якія калісьці выпадкова мелі пры сабе наркотыкі. Тут, трэба прызнаць, нейкае варушэнне грамадства ўсё ж назіраецца: ад Legalize Belarus да «Матчынага руху 328» — таму што вялізная колькасць пацярпелых ад рэпрэсіўнага антынаркатычнага заканадаўства: гэта тысячы людзей, пераважна маладзёнаў.
Аднак, гледзячы на каментары, бачна што вялізная частка беларусаў па-ранейшаму на словы «наркатычныя рэчывы» рэагуе дзеясловамі «пасадзіць», «расстраляць», і сцверджаннем «так ім і трэба», нават не ўдумывючыся ў дэталі і ў той факт, што сярод небяспечных наркабаронаў з сённяшнім заканадаўствам заўтра лёгка можа апынуцца іх дзіцё, сябра ці сваяк.
Пераслед ЛГБТ-супольнасці адбываецца ў лепшых традыцыях таталітарных дзяржаў, і ўжо выклікае ўсё меней увагі СМІ. У клубы, якія маюць рэпутацыю гейскіх\лесбійскіх таксама прыходзіць спецназ у масках, зганяе людзей у нейкія памяшканні, як статак, адвольна дапытвае і затрымлівае. За што? Проста за тое, што гэтыя людзі такімі нарадзіліся. Калі ў выпадку анархістаў ці фанатаў вычварэнскую логіку дзяржавы яшчэ можна зразумець (іх прасуюць, каб перасталі быць «экстрэмістамі»), то прэсінг ЛГБТ пазбаўлены нават рэпрэсіўнага сэнсу: хіба яны перастануць быць геямі і лесбійкамі пасля таго, як іх дадзеныя перапішуць?
Рэакцыя беларускай грамадскасці, у тым ліку дэмакратычнай (так і хочацца ўзяць гэтае слова ў двукоссі) прадэманстравала, мякка кажучы, інфантыльнасць і недальнабачнасць. Замест таго, каб асэнсаваць небяспеку таго, што адбываецца, і паспачуваць ахвярам міліцэйскага тэрору, многія сустрэлі гэты ціск абыякавасцю ці нават ухвальным улюлюканнем. І нават многія з тых, хто сам ледзь не штомесяц катаецца на «суткі» за супрацьстаянне рэжыму, не спяшаюцца салідарызавацца з ЛГБТ, адное што цвердзяць: «вычварэнцы» і яшчэ нешта там пра нацыянальныя каштоўнасці.
Пачаўшы прэсаваць людзей за іх сэксуальную арыентацыю, дзяржава перайшла небяспечную і выразную мяжу, пакрочыўшы са сферы палітычнага, грамадскага, у сферу прыватнага. Віншуем — зараз нашым гаспадарам ёсць справа не толькі да мітынгаў, але і да таго, з кім мы спім!
Таму нядаўная сумесная аперацыя ГУПНіСГЛ і САХР супраць сэкс-вечарыны свінгераў — абсалютна заканамерны вынік. Дзяржава ўвайшла ў густ. А мы — грамадства — збіраем ураджай сваёй пасіўнасці. Зараз не вы, дарагі чытач, а Цаюн і Шуневіч вырашаюць, якія формы сексуальнага кантакту прымальныя, а якія — не. І за непрымальныя формы вы будзеце несці адказнасць «в саатвецтвіі з дзействуюшчым заканадацельствам». Артыкул знойдзецца, не сумнявайцеся.
Талерантнасць да рэпрэсій ў беларускім грамадстве, насамрэч, мае два бакі: пазітыўны і адмоўны. Пазітыўны (пераважна для актывістаў) у тым, што рэпрэсіі перастаюць быць нечым надзвычайным, траўмай і трагедыяй, канцом жыцця. Прыходзіць здаровая думка: кожнае дзеянне нараджае супрацьдзеянне, і калі я выступаю супраць моцнага, моцны будзе мяне за гэта біць, а я мушу быць да гэтага гатовы.
Адмоўны, аднак, палягае ў тым, што грамадства, што прызвычаілася да рэпрэсій, успрымае іх як норму і перастае рэагаваць. Пабілі кагосьці? Ну і ладна. Пасадзілі на суткі? Хіба першы раз?! Зараз каб людзі звярнулі ўвагу на факт рэпрэсій, неабходна каб здарылася нешта надзвычайнае. Каб камусьці нешта зламалі, адправілі ў рэанімацыю, далі турэмны тэрмін з двузначных лічбаў, а лепш за ўсё забілі. Тады грамадства будзе ўзбурацца. Але не раней.
Слухаючы людзей і чытаючы іх каментары, атрымліваеш стойкае разуменне таго, як у іх спрацоўвае механізм прыстасавання да навакольнага пекла. Здаровыя, добрыя, разумныя людзі часта здольныя абвінавачваць ахвяру ў тым што адбылося («няма чаго парушаць закон», «ведаеце, у якой краіне жывяце») і гэтак далей, але не таму што яны сапраўды так думаюць: гэта псіхалагічны механізм пазбягання рэчаіснасці. Жывучы побач з несправядлівасцю і злом штодзень, не маючы смеласці выступіць супраць, чалавек кажа сабе: «Я не веру, што ўсё можа быць так дрэнна. Мусіць, ахвяры самі вінаватыя і нечым справакавалі дзяржаву!» Гэткая хада думак, насамрэч, з’яўляецца ад нежадання прызнацца сабе самому ў рэальным стане рэчаў. А стан рэчаў такі, што ў адсутнасці грамадскага супраціву дзяржава крыміналізуе ўсіх, хто адмаўляецца хадзіць у шыхце і пляскаць у ладкі па першай камандзе. Што дзяржава — і яе канкрэтныя прадстаўнікі — вырашаюць, што ў вас, мяне, усіх нас, няма ніякага права на саміх сябе. Што мы не можам вырашаць, як нам жыць, што чытаць\пісаць у сацсетках, якую ліаратуру захоўваць і з кім спаць. Не-а, не можна. Гэта за нас вырашаць яны. Мы — іх уласнасць.
А пачалося гэта, паўтаруся, не сёння. Тэставая крыміналізацыя адбывалася патроху, адпрацоўвалася на маленькіх і неабароненых сацыяльных групах, пад маўклівае ўхваленне ці нават плясканне ў ладкі канформных грамадзян, якія думаюць у адным напрамку з Шуневічам. Астатнія апусцілі галаву, сцішыліся, змірыліся — авось пранясе? Не бачна ані вулічных акцый, ані грамадзянскага непадпарадкавання. Сцішаны, паслухмяны абывацель ці нават «свядомы» ўздыхне і прамармыча тысячу апраўданняў: «А навошта? Усё роўна большасць за ўладу», «Я маленькі чалавек, што я магу зрабіць?».
Не можаш? Тады сядзі і чакай, пакуль прыйдуць за табой.
Крыніца: http://novychas.by/hramadstva/kali-pryjszli-za-svinherami-ja-pramauczau-bo-j