Усе, хто наведвае ўстанову ля самага месца масавых растрэлаў, фіксіруюцца ў адмысловым спісе.
Грамадскія актывісты, задзейнічаныя ў Курапацкай варце, стварылі базу дадзеных наведвальнікаў рэстарана «Паедзем паядзім» (мінулы «Бульбаш-хол»), які быў пабудаваны карупцыйным шляхам ля самага месца масавых растрэлаў сталінскіх часоў.
Як паведамляюць стваральнікі базы, установа ў апошні час робіцца клубным месцам для прыхільнікаў «Рускага міру». Туды прыходзяць не проста выпадковыя мінакі, а тыя, каму блізкая ідэалогія сталінізма і рускага нацыянал-шавінізма. Яны рэгулярна ўступаюць у канфлікты з курапацкай вартай, абражаюць іх і нават збіваюць.
Нагадаем, грамадская варта на месцы масавых растрэлаў стаіць у Курапатах з мая 2018 года, калі ля самага ўрочышча адкрыўся рэстаран «Паедзем паядзім». Звычайна гэта ад 2 да 10 чалавек, якія спыняюць аўтамабілі, што едуць у рэстаран і праводзяць з людзьмі тлумачальную працу аб тым, чаму едзіць туды нельга. Рэстаран нясе страты, ягоныя ўладальнікі ўвесь час канфліктуюць з актывістамі. Адзін з уласнікаў рэстарана, Аркадзь Ізраілевіч, у інтэрвью Белгазеце сказаў, што ў Курапатах «ляжаць тыя, каго, магчыма, і трэба было расстраляць» (http://kyky.org/news/mozhet-v-kuropatah-byli-te-kogo-i-nuzhno-rasstrelyat-sem-tsitat-izrailevicha-v-intervyu-belgazete).
Курапаты — месца масавых растрэлаў у сталінскія часы. Ва ўрочышчы пад Мінскам ляжыць, па розных ацэнках, ад 30 да 200 тысяч чалавек: інтэлігенцыі, пралетарыяў, сялян, забітых у гады «вялікага тэрору». Раскопкі на месцы ўрочышча пачаліся ў 1988 годзе.