Ноччу з 6 на 7 траўня быў затрыманы IT-кансультант Глеб Рубанаў. Прыкладна ў 4:30 яму на хатні тэлефон патэлілі з просьбай выйсці ў двор разабрацца з нібы пашкоджаным аўтамабілем. Калі ён выйшаў, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Савецкі РУУС г. Мінска. Яму паведамілі пра затрыманне да суда.
Пазней на сваёй старонцы ў фэйсбуку жонка Глеба Рубанава падцвердзіла падставу для затрымання — адміністратыўнае правапарушэнне па арт. 17.11 КаАП.
Цягам некалькіх гадзінаў знаходжання ў РУУСе Глеб спрабаваў падаць скаргу на імя начальніка ўстановы з нагоды беспадстаўнага затрымання. Але на гэта яму адказвалі, што падаць скаргу ён зможа толькі пазней у судзе. З пратаколам адміністрацыйнага правапарушэння Глеб не пагадзіўся і адмовіўся ад дачы паказанняў на судзе.
— Потым па дарозе з РУУС у ЦІП мяне завезлі ў камітэт судэкспертызы на Някрасава і паспрабавалі паставіць на відэаўлік, каб занесці ў базу сістэмы аўтаматычнага распазнання твараў. Я стаў запытваць, на якой падставе, і праз нейкі час спрэчак вырашылі, што «калі чалавек не хоча, тады не трэба».
Пасля Глеба Рубанава павезлі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Там ён адмовіўся падпісваць паперу аб тым, што пагаджаецца аплочваць паслугі ізалятара. Але многія людзі ставяць подпісы, і калі выходзяць на волю, то аказваюцца без грошай.
Чытайце таксама: Поддержи свободу слова! В соцсетях проходит флэшмоб #яэкстремист https://pramen.io/ru/2019/03/podderzhi-svobodu-slova-v-sotssetyah-prohodit-fleshmob-yaekstremist/
Паколькі прывезлі затрыманых туды ў абед, то сказалі, што на харчаванне ўсіх прывезеных з ім паставяць толькі на наступны дзень, такім чынам пакінуўшы ўсіх без ежы агулам больш чым на 24 гадзіны. Перадачу ад жонкі для яго таксама не прынялі. З гэтай нагоды Глеб напісаў скаргу, што, дарэчы, у ЦІП зрабіць не так проста. Каб падаць скаргу, вязень павінен пагрукацца ў вакенца камеры і папрасіць у дзяжурнага аркуш паперы і асадку. І калі такая магчымасць будзе, то пісьмовыя прылады прадаставяць. Праз чатыры гадзіны просьбаў Глеб дамогся таго, каб яму прынеслі паперу. Асадку ўдалося атрымаць толькі пасля сустрэчы з адвакатам.
Падчас знаходжання ў зняволенні мужчына таксама напісаў скаргу на тое, што па яго матрасе поўзалі насякомыя. Паколькі да ночы з населеным насякомымі матрасам так нічога і не зрабілі, спаць на ім Глеб не змог.
— Я праінфармаваў пра гэта дзяжурнага і напісаў новую скаргу. На што дзяжурны адказаў «добра». А я адказаў яму, што гэта дрэнна, паколькі такое жорсткае абыходжанне мяжуе з катаваннямі. На што ў адказ я чую «гэта вы яшчэ не ведаеце, што такое катаванні» — і вечка камеры зачыняецца.
Гэтую скаргу да раніцы прымаць адмовіліся, Глебу ўдалося яе падаць толькі перад самым вывазам у суд Савецкага раёна Мінска.
Па прыездзе ў суд Глебу Рубанаву ўручылі позву з’явіцца на судовае пасяджэнне на 10 раніцы 16 траўня.
— Я лічу сваё затрыманне абсалютна беспадстаўным, таму што я працую дома, ні ад каго не хаваюся, і ніякіх позваў у суд мне не прыходзіла, — кажа Глеб Рубанаў. — Я не магу сказаць, што гэта было паляванне асабіста на мяне. Проста наша сістэма так працуе з-за лухты, якая прыснілася ГУБАЗіКу. Мне вельмі шкада людзей, якія, працуючы ў гэтай сістэме, парушаюць правы нашых грамадзянаў, і зычу ім знайсці нармальную працу.
Нагадаем, флэшмоб #яэкстрэміст распачаты актывістам анархісцкага руху і журналістам Міколам Дзядком. Удзельнікі флэшмоба публікуюць у сацыяльных сетках свае фотаздымкі з матэрыяламі з Рэспубліканскага спісу экстрэміцкіх матэрыялаў і хэштэгам #яэкстрэміст #яэкстремист.
Раім усім у выпадку затрымання паводзіць сябе гэтаксама ж, як Глеб: адмаўляцца падпісваць пратакол (альбо пісаць, што з ім нязгодны), не прызнаваць сваю віну, не даваць паказанні, пры малейшай магчымасці пісаць скаргі на дзеянні супрацоўнікаў карных ворганаў, а пасля вызвалення — адразу паведамляць журналістам аб усім, што з вамі адбылося.
Крыніцы: http://spring96.org/be/news/92872
https://novychas.by/hramadstva/vy-jaszcze-ne-vedaece-szto-takoe-katavanni