ІТ-кансультанта Глеба Рубанава абвінавачвалі ў тым, што 5 сакавіка ён распаўсюдзіў у Фэйсбуку абрэвіятуру AСAB, прызнаную экстрэмісцкай.
«Нарэшце стала вядома што мне інкрымінуюць размяшчэнне чатырохлітарнай абрэвіятуры ПАД постам (у каментарах) на старонцы Hleb Rubanau. Прычым тэхнічна гэта выглядае так: каментар ад імя Hleb Rubanau пад постам утрымлівае лінк на пост іншага карыстальніка Фэйсбук. Фэйсбук аўтаматычна адлюстроўвае preview таго поста, на які ідзе спасылка, і ў межах гэтага preview бачна фатаграфія, на якой выяўлены плакат з абрэвіятурай. І нават калі другі карыстальнік памяняе фатаграфію ў сваім допісе (напрыклад, дадасць выяву з забароненай абрэвіятурай), яна гэтак жа зменіцца і ў лінку карыстальніка з іменем Hleb Rubanau, — заявіў Глеб Рубанаў перад пачаткам судовага пасяджэння. — У мяне вельмі шмат пытанняў, і я буду намагацца, каб яны былі разгледжаныя ў гэтым жа пасяджэнні».
Глеб вінаватым сябе не прызнаў, таму што не ўстаноўленая асоба, якая размясціла выяву з абрэвіятурай у сетцы Фэйсбук. Як IT-спецыяліст, Глеб лічыць, што ўстанаўленне МУС такіх асоб прынцыпова немагчыма. Такімі дадзенымі валодае толькі амерыканскі сегмент Фэйсбука. Адзіная інфармацыя, якую могуць дакладна ўстанавіць беларускія сілавікі разам з Фэйсбукам, — гэта ІР-адрас карыстальніка. Аднак наўрад ці карпарацыя Фэйсбук выдасць беларускім сілавым органам, з якога ІР-адрасу быў пакінуты пэўны каментар. Нават калі так — даказаць асобу, якая размясціла допіс, амаль немагчыма. Гэта можа быць любы чалавек, які, напрыклад, ведае пароль ад вай-фая. Так што магчымасці ідэнтыфікаваць асобу ў сеціве амаль няма, калі справа не з’яўляецца выключнай і да яе не падключаць Інтэрпал.
ІТ-кансультант адмовіўся адказваць на пытанне суддзі, ці зарэгістраваны ён у сетцы Фэйсбук, паколькі ён не павінен даказваць сваю невінаватасць і сведчыць супраць сябе.
Як патлумачыў Глеб Рубанаў у судзе, 21 сакавіка паміж 19 і 20 гадзінамі вечара яму на хатні тэлефон пазваніў чалавек, які прадставіўся як участковы Белы, і запрасіў прыйсці на гутарку ў рамках праверкі па справе флэшмобу «#яэкстрэміст». Глеб спытаў, у якім статусе яго запрашаюць. Капітан Белы сказаў, што адміністрацыйнага працэсу няма, праводзіцца праверка. Аднак у той момант у Глеба не было магчымасці прыйсці ў апорны пункт. Капітан Белы прапанаваў прыйсці дамоў да Глеба, але апошні не меў магчымасці стасункаваць з супрацоўнікамі міліцыі ў той вечар.
Глеб прапанаваў сустрэцца ў наступныя дні, але яму сказалі, што гэта немагчыма. Пры гэтым ён заўважыў, што гатовы з’явіцца ў апорны пункт пры належным афармленні выкліку.
Аднак міліцыянты не здолелі гэтага зрабіць. Тады яны склалі некансістэнтны пратакол і без подпісаў асобы, у дачыненні да якой вядзецца справа, накіравалі ў суд. Але суд вярнуў яго назад.
Затым 16 красавіка Глебу ў Вайбер без якіх-кольвечы каментароў з нумару, падпісанага іменем Дзяніс, даслалі фатаграфіі пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні з незразумелай фабулай. Таксама былі дакументы з тлумачэннямі правоў і абавязкаў і аб накіраванні справы ў суд. Аднак і іх суд завярнуў.
І вось у 4.30 раніцы 7 траўня Глебу Рубанаву зноў пазванілі на хатні і паведамілі, што нейкі вандал граміць у раёне машыны, і папрасілі выйсці на вуліцу, каб агледзець Глебаў аўтамабіль. Як выявілася, дадзеная аперацыя была разыграная для таго, каб выманіць ІТ-кансультанта з кватэры. Яго завезлі ў Савецкі РУУС (прычым ён паехаў туды добраахвотна, але ў пратаколе напісана, нібыта затрыманне ўжо адбылося). На Глеба склалі новы пратакол, але па-ранейшаму з некансістэнтнай фабулай. Мужчына правёў 30 гадзін пад вартай на Акрэсціна. Аб тым, што супраць яго вядзецца адміністрацыйны працэс, Глебу стала вядома толькі 7 траўня падчас знаходжання ў РУУС.
У суботу 11 траўня Глеба зноў выклікалі ў РУУС і склалі новы, ужо трэці пратакол. Разгляд справы па ім прызначылі на сёння, 13 траўня. Глеб звяртае ўвагу, што ў гэты дзень сыходзіць максімальны тэрмін для прыцягнення яго да адказнасці. Ён не выключаў, што на гэтай падставе справу хацелі спыніць. Да таго ж пасяджэнне пачалося ў 10 гадзін, а на 10.30 у суддзі Галаўкова, якая яго вяла, ужо быў прызначаны наступны працэс.
Напачатку пасяджэння Глеб Рубанаў заявіў хадайніцтва аб выкліку сведак — маёра Варанішча і капітана Белага. Першы непасрэдна затрымліваў Глеба і вядзе супраць яго адміністрацыйны працэс. Другі ўзгаданы як выканаўца ў многіх дакументах справы. Суддзя хадайніцтва задаволіла.
Другое хадайніцтва Глеба тычылася візуальнага агляду справы, каб пераканацца, што дакументы ў суддзі маюць той жа выгляд, з якімі знаёміўся Глеб з адвакатаму РУУСе. Суддзя гэтае хадайніцтва таксама задаволіла.
Яшчэ адно пісьмовае хадайніцтва — аб разглядзе законнасці затрымання Глеба 7 траўня. Ён лічыць яго адвольным, што парушае артыкул 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Глеб папрасіў прызнаць за ім права на кампенсацыю шкоды, нанесенай затрыманнем.
І, нарэшце, хадайніцтва даследаваць пратакол агляду прадметаў і дакументаў ад 14 скавіка, які знаходзіцца ў матэрыялах справы, на прадмет фальсіфікацыі.
«У пратаколе ўказана дата 5 сакавіка 2019 года, час 15.13. Гэты час Фэйсбук фіксуе як час пакідання каментара са спасылкай. Але на скрыншоце са звестак сеткі Фэйсбук таксама бачна, што фізічна ён быў зроблены праз 9 тыдняў пасля 5 сакавіка. Я паглядзеў па календары — гэта 7 траўня, дзень майго затрымання. Такім чынам ёсць вялікая верагоднасць, што пратакол агляду (які і з’яўляецца нібыта падставай для пачатку адміністрацыйнага працэсу) быў складзены пасля таго, як я быў змешчаны пад варту альбо непасрэдна перад маім затрыманнем, а не 14 сакавіка», — зазначыў Глеб Рубанаў
Адвакат Аляксандр Галіеў папрасіў накіраваць згаданы пратакол не ў Савецкі РУУС, а дзеля ацэнкі ў Следчы камітэт па Мінску.
У судзе старшы ўчастковы Савецкага РУУС маёр міліцыі Дзяніс Варанішча распавёў, што 7 траўня 2019 года каля 4 — 5 раніцы ён затрымаў Глеба Рубанава ў двары аднаго з дамоў на вуліцы Гамарніка па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.
«Выклікала падазрэнні ваша машына: было спушчана кола, дах і капот мелі пашкоджанні. Вы былі выкліканыя аператыўным дзяжурным для агляду», — патлумачыў участковы. Ён пацвердзіў, што Глеб пагадзіўся праехаць у РУУС добраахвотна, але пры гэтым затрыманне адбылося пасля пасадкі ў міліцэйскую машыну.
Адміністрацыйны працэс пачаўся 14 сакавіка, з моманту складання пратаколу агляду старонкі ў Фэйсбуку. Ён сцвярджае, што час даследавання старонкі — 16.09. Аднак гэтыя звесткі разыходзяцца з тым, што напісана ў пратаколе агляду.
І яшчэ адзін момант: 10 траўня матэрыялы былі накіраваныя ў суд, а з пратаколам Рубанаў з адвакатам змаглі азнаёміцца толькі 11 траўня.
Варанішча сказаў, што Глеб быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, аднак у пратаколе сказана, што — для забеспячэння ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе. «Гэта не супярэчанне, а ўдакладненне», — патлумачыў участковы.
Якім чынам устанавілі, што акаўнт Hleb Rubanau у Фэйсбуку належыць Глебу Рубанаву, яму невядома — гэтым займалася ГУБАЗіК.
Наступны сведка, участковы Аляксандр Белы, патлумачыў, што ведае Рубанава, паколькі складаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Таксама сведка сцвярджае, што Рубанава запрашалі прыйсці ў міліцыю, у тым ліку дасылалі позву па пошце.
Глеб Рубанаў заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд начальніка ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па супрацьдзеянні экстрэмізму, які ўстанаўліваў асобу Рубанава ў сетцы Фэйсбук. Да таго ж асоба Рубанава нібыта была ўстаноўленая 18 сакавіка, а пратакол агляду быў складзены 14 сакавіка. Аднак суд хадайніцтва адхіліў.
Глеб перакананы, што асоба, якая здзейсніла правапарушэнне, не ўстаноўленая, а грамадская небяспека ад яго — вельмі малая. Таму ён лічыць, што адміністрацыйны працэс у адносінах да яго неабходна спыніць за адсутнасцю падзеі правапарушэння.
У сваю чаргу адвакат Аляксандр Галіеў звярнуў увагу на поўную некампетэнтнасць і прававы нігілізм супрацоўнікаў МУС. Праз гэта чалавек, у якога на ўтрыманні знаходзіцца маці-інвалід 1 групы і чатырохгадовае дзіця, апошнія дні вымушаны амаль не спаць, пакутаваць ад павышэння ціску, а ўся яго сям’я — жыць у нервовай абстаноўцы.
Аднак суддзя Галаўкова палічыла, што гэтага недастаткова, і аштрафавала Глеба Рубанава на 40 базавых велічынь (1020 рублёў).
Источник: https://abc-belarus.org/?p=12393