Дзённік галадоўкі

Навіны аб галадоўках у беларускіх турмах у апошні час ўжо перасталі быць рэдкасцю і моцнай інфармацыйнай нагодай. Пачынаючы са жніўня 2020 году дзясяткі палітзняволеных адмаўляліся прымаць ежу, пратэстуючы такім чынам супраць несправядлівага пазбаўлення волі або нечалавечых умоў утрымання. У розны час абвяшчалі галадоўку анархіст і музыка Ігар Банцар, блогеры Ігар Лосік ды Вольга Такарчук, адвакат і юрыст Максім Знак, філосаф Уладзімір Мацкевіч, політзняволеныя Наталля Хершэ, Дзмітрый Фурманаў, Вольга Гарбунова,Таццяна Батура ды шмат хто іншы. У кастрычніку 2021 года ў магілёўскай турме №4 20 сутак галадаў анархіст Мікіта Емельянаў, пасля таго, як ён чарговы раз быў змешчаны ў карцар на чарговыя 20 сутак. Лістапад 2021 года адзначыўся масавай галадоўкай — ў ЦІП на Акрэсціна трымала галадоўку цэлая камера — жаночая камера №15, умовы ўтрымання ў якой ствараліся максімальна невыноснымі. У снежні 2021 года пасля сухой галадоўкі трапіў у шпіталь Анатоль Каханчык, гаспадар знакамітай бел-чырвона-белай хаты. У ліпені 2022 года больш 20 дзён трымаў сухую галадоўку Мікалай Аўтуховіч. А ў верасні 2022 года ў жодзінскай турме №8 аб’явіў галадоўку нават анархіст Ігар Аліневіч, які раней заўсёды выступаў супраць падобнай формы пратэсту. Ён трымаў галадоўку больш за 20 дзён, але дасюль дакладна невядома калі ён яе спыніў і пры якіх абставінах, бо ліставанне з Ігарам вельмі абмежавана і доўгі час да яго не пускалі адваката.

За гэты час мы бачылі галадоўкі індывідуальныя і масавыя, сухія і звычайныя, паспяховыя і ня вельмі, але паспяховасць галадоўкі — пытанне дыскусійнае. Калі глядзець з боку, то можа падавацца, што амаль усе галадоўкі праваліліся, але ўсё не так проста. Зачыняючы чалавека ў камеру, улады ствараюць такія ўмовы ўтрымання, каб чалавек ніяк не мог уплываць на сітуацыю: 24/7 лёс чалавека залежыць ад настроя супрацоўніка пенітэнцыярнай ўстановы. Ён поўнасцю кантралюе кожную хвіліну зняволеных: колькі часу яны будуць спаць, спаць будуць на матрасе ці на падлозе, 1 чалавек будзе ў камеры ці 15 у двухмясцовай, будзе свежае паветра ў камеры ці туды зальецца вядро з хлоркай, будзе прагулка і душ ці не будзе іх месяцамі, нават наяўнасць туалетнай паперы залежыць толькі ад яго. У нейкай кропцы воля чалавека можа зламацца, але часам адбываецца наадварот — чалавек пратэстуе супраць гэтага і павышае стаўкі, рызыкуючы сваім здароўем і жыццём. І гэтая гатоўнасць пакласці жыццё за прынцыповасць вяртае чалавеку пачуццё, што ён усё яшчэ на штосьці ўплывае. Для некаторых гэта адчуванне больш, чым проста неабходнасць і яны ніколі не пагадзяцца з меркаваннем, што яны нічога не дасягнулі.

2 гады таму, 17 лістапада 2020 года, пасля таго, як суд у баранавіцкім СІЗА №4 назначыў мне чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту, я таксама абвесціў галадоўку у зале суда, якую трымаў да поўнага свайго вызвалення. На працягу гэтых 12 сутак я рабіў заметкі ў фармаце дзённіку, у якіх дакументаваў стан здароўя, свае думкі і самыя важныя (на самой справе не) падзеі, якія адбыліся ў нашай камеры.

Лістапад 2020 года — гэта перыяд, калі ўжо не было той жэсці ў ІЧУ і ЦІП, якая ўзрушыла грамадства у першыя дні пратэстаў, а новая хваля пагаршэння ўмоў утрымання яшчэ не пачалася. Час ад часу была магчымасць схадзіць у душ і на прагулку, раз на тыдзень — дзень перадач, у некаторых месцах заставалася магчымасць ліставання. За наступныя 2 гады адбылася значная дэвальвацыя гэтых умоў і на сённяшні дзень умовы ўтрымання на лістапад 2020 года выглядаюць не такімі ўжо і жудаснымі.

Лістапад 2020 года — гэта перыяд, калі колькасць выпадкаў перазатрымання пасля адміністрацыйнага арышту была вельмі нізкай.

Лістапад 2020 года — гэта перыяд, калі меркаванні «мы победили» сталі значна цішэй, але яшчэ не зніклі канчаткова. На працягу месяца праз адну камеру са мной прайшлі каля 100 чалавек і аналізуючы іх настроі цяжка было не заўважыць, як пазітыў у пачатку месяца пачаў змяняцца на як мінімум неадназначнасць.

Лістапад 2020 года — гэта перыяд, калі ўлады збіралі ў адным месцы лепшых людзей краіны, якія замест таго, каб пакутаваць у зняволенні, толькі зараджалі энергіяй адзін аднаго.

Лістапад 2020 года — гэта своеасаблівая атмасфера, якую я паспрабаваў перадаць гэтым дзённікам і такім чынам захаваць яе ў гісторыі.


Дзень 0

Падыходзілі да канца 18 суткі ў зняволенні. Па ашчушчэніям было ўжо каля 16 гадзін, але судзіць мяне неяк не спяшаліся. 72 гадзіны пасля затрымання павінны былі скончыцца ў 18.30. У гэты ж час павінен быў высвабадзіцца Руслан, медык-неўролаг, які быў затрыманы на 3 дні пазней за мяне. Адсядзеўшы свае 15 сутак, ён ужо сабраў свае рэчы і чакаў пакуль для яго адчыняцца дзверы. Дзверы адчыніліся, але вызвалі не яго, а мяне. Я ў шутку запытаўся «З рэчамі?» Але старшына, якога перавялі ў СІЗА для ўзмацнення з нейкай іншай структуры, яшчэ ні разу не змог адказаць на нашыя пытанні. Не было адказу і зараз, старшына стаяў разгублены і хлопаў вачамі. У суд вялі ў іншы корпус, які знаходзіцца каля самой брамы СІЗА, але большую частку маршрута павялі праз вуліцу. Дзякуючы гэтаму парушэнню інструкцыі (канваіраванне павінна адбывацца максімальна праз падземныя калідоры, без выхаду на адчыненую прастору, калі гэта магчыма) у мяне была цэлая хвіліна, каб паглядзець на неба і ўдыхнуць свежага паветра. Злавіў сябе на тым, што гэта толькі 18-я суткі, а я радуюся небу, быццам 118-я. У будынку мяне паставілі тварам да сцяны, але глядзець у сцяну было зусім нецікава, таму я пачаў круціць галавой налева і направа, назіраючы за мітуснёй, якая адбывалася ў калідоры. Хутка па ўнутранай частцы маёй правай нагі прыляцеў удар недзе сзаду таксама з нагі і крыкам «Смотреть перед собой!». Сцяна адразу стала выглядаць больш цікава, чым гэта было спачатку: я заўважыў на ёй нейкую шчыліну, якая пачыналася каля самой падлогі, цягнулася ўверх — туды, куды не атрымлівалася паглядзець не падымаючы галавы. Гэтая шчыліна настолькі мяне зацікавіла, што я пачаў прыслухоўвацца, што робіць карацель у мяне за спіной, каб у зручны момант падняць галаву і ўпэўніцца ў тым, што шчыліна заканчваецца столем. Раптам я пачуў, што па калідоры кагосьці вядуць і не звяртаючы ўвагу на дыханне за спіной, павярнуўшы галаву ў правы бок, я ўбачыў як вядуць з суда Наталку з Марінай. Выглядалі яны, мякка кажучы, ня вельмі. Маріна праігнорыла мае пытанне «Колькі?» і зайшла ў стакан у метры злева ад мяне. Не памятаю каб я бачыў калісьці яе ў такім стане, таму прысуд для мяне стаў відавочным.

Праз некалькі хвілін я стаяў у клетцы памерам каля 0.7х2 метра, якая знаходзілася ў памяшканні каля 3х5 метра і праз дзверы клеткі размаўляў з адвакатам. Так званы суддзя сядзеў за сталом у 1,5 метрах ад адваката, але потым іранічна прамовіў: «Не буду вам мешать» і выйшаў з так званай судовай залы на некалькі хвілін. Адвакат распавёў мне, што ў матэрыялах справы няма супраць мяне абсалютна нічога, акрамя сведкі — супрацоўніка ГУБАЗіК — які персанальна прыехаў з Менску ў Баранавічы, каб асабіста сведчыць супраць нас. «Нічога сабе» — падумаў я — «Цяпер ёсць магчымасць глядзець у нахабныя вочы ілжэсведкі і такога ж суддзі…» Мінулыя ж 2 суды праходзілі па відэасувязі праз тэлефон якога-небудзь супрацоўніка ізалятара. Таксама я даведаўся праз адваката, што з 8 чалавек, з якімі разам мяне затрымалі ў мінулым месяцы, 6 былі перазатрыманы, а Наталка і Маріна ўжо атрымалі яшчэ па 10 і 15 сутак адпаведна. Спадзявацца на іншы вынік з майго боку было б як мінімум наіўна. Лепшай навінай было тое, што Каріна выйшла 3 дні назад з Акрэсціна і не была перазатрымана, а зараз знаходзіцца недзе каля брамы, менш за сотню метраў ад мяне. Саша таксама выйшаў пасля 30 сутак і не быў перазатрыманы на трэці тэрмін.

Так званы суд прайшоў стандартна: з доказаў майго «правапарушэння» сапраўды былі толькі сведчанні супрацоўніка ГУБАЗіК, ён, як звычайна, «точно не помнил» у адказ на любое ўдакладняючае пытанне. На пытанне наконт вопраткі, у якой ён бачыў здзяйсненне мной «правапарушэння», ён схітрыў, пералічыўшы 1 у 1 тое ж адзенне, у якім я стаяў у клетцы. Яшчэ ў самым пачатку паседжання я адмоўна адказаў на стандартнае пытанне так званага суддзі аб даверы яму. Як толькі я пабачыў суддзю, я адразу пазнаў яго. Менавіта яго апісваў сукамернік Паша, сябра стачкама Беларуськалія, як суддзю, які напярэдадні выносіў самыя вялікія тэрміны затрыманым шахцёрам. Калі Паша ўчора распавядаў пра суды, то я ўжо ў той момант уяўляў як будзе выглядаць так званы суддзя, які будзе разглядаць маю справу і назначыць мне чарговыя 15 сутак. Такім чынам, пачуўшы прысуд, разумеючы, што на выхадзе пасля 30 сутак я зноў магу быць перазатрыманы яшчэ раз і так бясконца, я вырашыў неяк адказаць на гэтае. Стоячы ў клетцы я зрабіў заяву: «У знак пратэсту супраць несправядлівасці суда і ілжэсведчанняў супрацоўніка ГУБАЗіК абвяшчаю галадоўку да моманту поўнага свайго вызвалення». Так званы суддзя зрабіў выгляд што нічога не пачуў, падняўся са свайго месца і выйшаў у калідор, а канваір адчыніў клетку, каб вывесці мяне з яе. Стоячы ў калідоры перад выхадам з корпусу, тварам да той самай шчыліны, якая мяне ўжо зусім не цікавіла, я пачуў як за паваротам так званы суддзя размаўляў з кімсьці і распавядаў што «…он голодовку объявил …».

Вярнуўшыся ва ўжо знаёмую мне камеру і распавёўшы ўсім, што я абвесціў галадоўку, меркаванні сукамернікаў падзяліліся: частка лічыла гэта моцным учынкам, другая частка — глупствам. Хутка ў камеру зазірнуў фельдшар і я не ўпусціў моманту далажыць яму таксама, што цяпер у гэтай камеры будзе галадаючы. Хтосьці запытаўся, як гэта фіксіраваць, на імя каго пісаць заяву? Даведаўшыся ФІО начальніка ІЧУ, мы ўсёй камерай калектыўна (у калектыве ў тым ліку прысутнічаў практыкуючы юрыст) напісалі заяву, у якой праінфармавалі яго пра галадоўку і сфармулявалі патрабаванні для яе спынення: поўнае вызваленне і спыненне палітычнага пераследу. Перадаўшы калідорнаму старшыні заяву, я звярнуў увагу на пачуццё голаду, але заява зроблена і рабіць крок назад — банальнае балабольства. Таму, выпіўшы кружку вады, я адчыніў кнігу «12 стульев» і паспрабаваў з галавой сысці ў чытанне.

Але праз пару гадзін мяне чакала наступнае выпрабаванне: сукамернікам прыйшлі перадачы з вялізарнай колькасцю смачнасцяў. Я ўжо ведаў ад адваката, што перадачу для мяне ў Каріны не прынялі і думаю, што напэўна так нават лепш, менш спакусы будзе. Пеця пачаў арганізоўваць мне гуманітарную дапамогу, як чалавеку без перадачы, і дастаў са свайго пакета байку. Я адразу апрануў яе і пасціраў сваю. Перад сном страўнік пачаў падаваць гукі і нагадваць пра сябе. «Да ладна, пару гадзін толькі галадаем!» — пранеслася ў галаве, але я вырашыў сёння не чытаць да позняй ночы і лёг спаць трохі раней, чым звычайна.

Дзень 1

Першы дзень галадоўкі і 19 суткі ў зняволенні пачаліся як звычайна ў 06:00. Спаў я дрэнна: ужо традыцыйна ноччу накатваюць 1000 і 1 думка, якія перашкаджаюць заснуць. У камеры стаяць трохпавярховыя нары, мой паверх — другі. Саскочыўшы на падлогу, я скруціў матрас і закінуў яго на верхнюю нару, пасля чаго сеў на першую, падсунуў пад спіну падушку і зрабіў спробу паспаць седзячы. Першая нара пада мной — лепшае месца ў камеры, бо яна знаходзіцца ў сляпой зоне, адразу насупраць стала, такім чынам з «кармушкі» не відаць што на ёй адбываецца. Таксама мы зрабілі выснову, што відэакамера, якая знаходзілася ў куце пад столем, хутчэй за ўсё не працуе, таму што яе корпус быў нейкі ўжо пажаўцелы ад табачнага дыму і дадаткова быў пакрыты тоўстым пластам пылу. Я ўжо пачаў вылічваць праз колькі дзён выходзіць Пеця, каб пераехаць на яго месца.

Прачнуўся я ў той момант, калі пачалася раздача сняданку. Пасля фразы «12 человек в камере» я крыкнуў праз усё памяшканне, што «адзін абвесціў галадоўку» і даваць трэба толькі 11 порцый. Адразу давёў да сукамернікаў, што гэта не «запасная» і не дадатковая порцыя, што ад яе трэба прынцыпова адмаўляцца і не браць, бо я збіраюся адмовіцца пасля заканчэння 15 сутак ад подпісу за аплату харчавання. Сукамернікі пачалі снедаць, а я яшчэ на некалькі гадзін праваліўся ў сон.

Прачнуўся я ад таго, што пастукалі ў дзверы і загадалі ўсім збіраць рэчы. Нас перавялі ў іншы корпус, у якім я ўжо сядзеў на мінулым тыдні. Відавочна, што той корпус вызваляюць пад новую партыю затрыманых, якіх звычайна перавозяць па чацвяргах. Чацвер — дзень перадач на Акрэсціна, таму калі рабіць этап у гэты дзень, то затрыманыя губляюць магчымасць атрымаць перадачу, а лянівыя супрацоўнікі дадзенай установы вызваляюць сябе ад пэўнага аб’ёму працы: прымаць, а потым выдаваць перадачы затрыманым. У нашай камеры была даволі вялікая і цудоўная бібліятэка ў 30-40 кніг, якую ніхто не жадаў цяпер цягнуць у новы корпус, бо ва ўсіх было шмат асабістых рэчаў з перадач. Як адзіны чалавек у камеры, не атрымліваючы перадачы, я вызваўся несці гэтую торбу з кнігамі, аб чым вельмі хутка пашкадаваў — да яна важыць больш, чым я! Вельмі дрэнная думка трымаць усе кнігі ў 1 торбе, лепш каб у кожнага на руках было па некалькі кніг, мяняцца паміж сабой і браць іх з сабой пад час пераездаў. Як да гэтай думкі не прыйшоў чалавек, які цягнуў кнігі пад час мінулага пераезду?!

Наш ужо сфармаваны калектыў рассялілі па розных камерах, якія да гэтага былі запоўнены толькі часткова. У маёй новай камеры — 14 чалавек, згодна з колькасцю спальных месцаў. Тут у хлопцаў не менш цікавая бібліятэка ў прыкладна такой жа колькасці, цяпер на кожнага кніг па 5 атрымаецца. Новыя людзі, новыя знаёмствы, новыя шакуючыя гісторыі затрыманняў і зноў трэба распавядаць сваю гісторыю і адказваць на адны і тыя ж пытанні. Ні першы і не апошні раз. Маю заяву з галадоўкай у гэтай камеры ўспрынялі больш пазітыўна, чым у папярэдняй, што маральна мяне трохі падтрымала. Адмаўляцца ад абеду і ад вячэры было значна прасцей. У час прыёму ежы сукамернікамі я звычайна сыходжу ў самую дальнюю частку камеры і пішу дзённік, якраз за гэты час паспяваю сфармуляваць думкі і запісаць іх. За першыя 30 гадзін галадоўкі я пакуль адчуваю сябе цудоўна: слабасці пакуль яшчэ няма, галава не кружыцца, але наперадзе яшчэ мінімум 11 дзён. Ніякіх тэарэтычных ведаў аб галадоўцы ў мяне няма. Пакуль мне нават не зразумела ці атрымаецца ў мяне ў фізічным плане працягваць весці гэты дзённік на наступным тыдні. Але настрой — рашучы.

Дзень 2

Другі дзень галадоўкі і 20 суткі ў зняволенні пачаліся як звычайна ў 06:00. Некаторыя сукамернікі падняліся і соўкаліся па камеры яшчэ на хвілін 30 раней. Я такое бачыў упершыню: звычайна і ў 6 прачнуцца — моцнае штодзённае выпрабаванне, а тут яшчэ раней прачынаюцца, прычым па сваёй волі. Спаў я зноў дрэнна: спачатку гадзіны 2 я перапісваў начыста першыя 2 дні дзённіка, а потым Пеця пачаў спаць настолькі ўслых, што заснуць было ўжо немагчыма. Пеця — добры і цікавы хлопец, але ў той момант я шкадаваў аб тым, што мы не раз’ехаліся па розным камерам. Прачнуўся я з болем у галаве, але зусім не зразумела наколькі гэта звязана з адмаўленнем ад ежы, можа тут банальная невыспанасць?

У першай палове дня была прыемная падзея — паход у душ. Душ знаходзіцца ў іншым корпусе, які ўжо не СІЗА, а менавіта турма, нават знешне вельмі адрозніваецца. Ахова там ў іншай форме — у камуфляжы. На выдачы бялізны сядзіць зэк, у робе, з біркай і г.д. Карацей зусім іншая атмасфера. Па дарозе мы сустракалі іншыя камеры, якія вярталіся з душа, але знаёмых твараў, нажаль, мне не давялося ўбачыць. Апошні раз з гарачай вадой я кантактаваў 8 дзён таму. Цяпер можна зноў адчуць сябе чалавекам. Гэта ж трэба стварыць такія ўмовы ўтрымання, каб пасля такой базавай рэчы, як душ, адразу паднімаўся настрой і можна было адчуваць сябе годна нават у такім месцы! Пасля вяртання ў камеру на стале ўбачылі стос лістоў, мне прыйшла першая паштоўка. Зразумела, што без подпісу, таму здагадацца хто адправіў не так проста: усё ж такі я больш атрымліваю ад таварышаў і таварышак электронныя паведамленні, а не рукапісныя, таму ў каго які почырк ня ведаю нават прыблізна. Але дзякуючы малюнку я, здаецца, разумею. Настрой адразу палепшыўся і я далучыўся да гульні ў даміно. Час да абеду прайшоў незаўважна. За ўсю другую палову дня амаль нічога не адбывалася. Я ўвесь час або чытаў кнігу, або «забіваў казла». Мы зноў зламалі кран, ужо другі раз за 2 дні, а мясцовы сантэхнік, з ліку адбываючых тут пакаранне, адрамантаваў яго з лайна і палак. Не выключна, што заўтра яму зноў прыйдзецца зайсці да нас у госці. У Пашы заўтра павінен адбыцца яшчэ адзін суд, праз суд яго спрабуюць звольніць з Беларуськалія. У камеры ён напісаў заяву, што адмаўляецца ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Пецю выклікаў следчы і дапрасіў як сведку аб нейкіх падзеях на Раманаўскай Слабадзе ў дзень яго затрымання. Спадзяюся што ён так і застанецца ў статусе сведкі.

Мой фізічны стан на вечар такі ж добры як і ўчора. Вельмі разлічваю на тое, што заўтра-паслязаўтра згублю апетыт і ва мне скончыцца бойка паміж пачуццём голаду і прынцыповасцю.

Дзень 3

Трэці дзень галадоўкі і 21 суткі ў зняволенні пачаліся як звычайна ў 06:00 і пачаліся як звычайна цяжка. Нягледзячы на тое, што спаў на гэты раз я моцна і доўга, прачнуўся я разбіты: усё роўна хацелася спаць, адчувалася слабасць ва ўсім целе, боль у галаве. Крану таксама не здаровілася і ён вырашыў зламацца трэці раз за 3 дні. Пасля сняданку прыйшлі сантэхнікі, на гэты раз прыйшлі ўжо ўдваіх. Вайскоўцы у камуфляжы, якія прывялі сантэхнікаў, сталі ў дзвярах, а нам загадалі стаяць у супрацьлеглым канцы камеры і чакаць пакуль скончыцца «рамонт». З самой раніцы мяне пачало калаціць і я апрануў на сябе ўсю вопратку, што толькі была ў мяне, нават зімовую куртку, у якой я быў затрыманы, і якую я не апранаў з таго моманту. Пакуль мы стаялі і чакалі заканчэння працы сантэхнікаў, мяне кінула ў жар, стала не хапаць паветра і пачало цямнець у вачах. Я пачаў цяжка дыхаць, на што адразу звярнулі ўвагу сукамернікі і сталі патрабаваць выклікаць фельдшара. Фельдшар з’явіўся буквальна на працягу хвіліны. Ён узяў мяне пад правую руку, Паша — за левую, і такім чынам мяне павялі ў фельдшарскую. Там фельдшар зрабіў усё што мог — «паслухаў» мяне ды памераў ціск. Лічбы ён агучыць адмовіўся, але сказаў, што ціск крытычна нізкі і ў такім стане мяне ў камеру назад весці нельга, што ён зараз будзе дакладваць аб гэтым «наверх». Гэта ўсё пачуў адзін з калідорных і пачаў крычаць штосьці накшталт: «хватит жаловаться», «от еды сам отказался, никто тебя в ней не ограничивает», «будешь сидеть в камере на общих условиях»… Такім чынам даклад «наверх» быў адменены, а Паша паспрабаваў выбіць для мяне пасцельны рэжым, але няўдала і мы ўдваіх вярнуўся назад у камеру. Адчуванне было вельмі дрэнным, таму я сам сабе ўключыў пасцельны рэжым і адразу заснуў. Маё нахабства з раскручаным сярод дня матрасам або засталося незаўважаным, або мяне вырашылі не чапаць, бо за некалькі гадзін ніхто ў дзверы не стукаў і не абураўся на мяне.

Я прачнуўся ад холаду, ад якога ўжо не сагравае нават зімовая куртка. Але як высветлілася, справа не ў куртцы і нават не ў маім стане — справа ў адключаным ацяпленні. Прычына адключэння — «на улице слишком высокая температура». Амаль што ўвесь дзень я праспаў, не праяўляючы ніякай актыўнасці.

На вячэрняй паверцы запатрабаваў памераць тэмпературу, палова камеры таксама праявіла жаданне. Вынік — 36,8. Упэўнены, што яна ў мяне значна больш, але ўсё роўна ў мяне яна самая высокая ў камеры, не ва ўсіх нават да 36,0 атрымалася нагрэць гэты дзіўны тэрмометр. Нават не дачакаўшыся 22.00 раскруціў матрас і лёг спаць.

Дзень 4

Чацвёрты дзень галадоўкі і 22 суткі ў зняволенні пачаліся як і папярэднія — я толькі змяніў позу для сну з гарызантальнай на гарызантальна-вертыкальную. Наша камера хварэе амаль поўнасцю: палову — калоціць, 2/3 — з соплямі, кашляюць — здаецца ўжо ўсе. Сукамернік атрымаў ліст ад хлопца, які выйшаў на свабоду ў пачатку тыдня. Распавядае, што ён і яшчэ 2 чалавекі з той камеры, у якую на днях перавялі і мяне, зрабілі тэсты на COVID-19 — ва ўсіх тэст станоўчы. Пачалася мітусня, сукамернікі пачалі рабіць сабе «тэсты» метадам праверкі нюху, шукаць тое, у чаго рэзкі пах. Вынікі такога «тэста» ва ўсіх былі адмоўныя і атмасфера трохі разрадзілася.

Абед сёння чамусьці замест звычайнага баландзёра, з ліку асуджаных, раздавала нейкая жанчына гадоў трыццаці, з ліку супрацоўнікаў. Заўсёды раней рэакцыя супрацоўнікаў на галадоўку была накшталт «Ну и пусть голодает себе на здоровье…» або «Имеет такое право…». На гэты раз пасля нашай адмовы прымаць апошнюю порцыю яна зазірнула ў камеру праз кармушку, ветліва папрасіла мяне падыйсці да дзвярэй і пачала ўгаворваць паесці. Я парыраваў тым, што «яна губляе час, а там яшчэ дзясятак камер яе чакае…». Хтосьці вырашыў скарыстацца яе ўвагай і папрасіў уключыць разетку для кіпяцільніку, каб піць гарачае, бо ўсе хварэюць. Разетку нам паабяцалі ўключыць адразу пасля таго, як толькі я паем. І кармушка раптам зачынілася. «Не забудем, не простим!» — адрэагаваў хтосьці ў мяне за спіной. Танны хітрык з разеткай — спроба настроіць сукамернікаў супраць мяне, выклікаць у іх думку аб тым, што гэта выключна з-за мяне створаны такія ўмовы утрымання, неяк зацікавіць іх у тым, каб я скончыў галадоўку як мага хутчэй. Але дадзеная спроба супрацоўнікаў, мякка кажучы, з трэскам правалілася, была разбіта аб моц салідарнасці. Цяпер было відавочна, што на маю галадоўку пачалі неяк рэагаваць, але якія крокі яны зробяць далей — не зразумела. Спадзяюся, што пасля няўдачы з разеткай не будзе другой спробы настроіць хлопцаў супраць мяне, а будуць выкарыстоўвацца нейкія іншыя сродкі.

Бліжэй да вечара нашу камеру аб’ядналі з суседняй і прывялі да нас яшчэ 6 чалавек, засяліўшы такім чынам месцы, якія вызваліліся раніцай. Цяпер я ў адной камеры з Юрай Корзунам, пра якога яшчэ нядаўна пісалі ўсе СМІ. Будучы працаўніком Беларуськалія, ён у шахце прычапіў сябе кайданкамі і адмаўляўся падымацца на паверхню. У гэтай гісторыі быў вялікі рэзананс. Юра быў свайго роду зоркай: у кожнай камеры ведалі хто ён такі яшчэ да асабістага знаёмства і ведалі яго ў твар. Ведаў у твар яго і я.

Другі раз за дзень прынеслі лісты, у тым ліку і той, якога я чакаў з аўторка, перачытаў раз 5-6 і пачаў пісаць адказ.

На вячэрняй паверцы так званы «начальнік» сходу запытаўся ці працягваю я галадоўку. Атрымаўшы станоўчы адказ, ён сказаў, што мая заява на атрыманне перадач ад чалавека, які не з’яўляецца сваяком, была не так сфармулявана і ён яе не прымае. Я на гэта адказаў пытаннем: «Навошта мне перадачы, калі я галадаю?» «Я вас услышал» — з іроніяй сказаў «начальнік» і ўся дэлегацыя выйшла з камеры, зачыніўшы за сабой дзверы. Здаецца нават пераклічку не рабілі. Чарговае пацвярджэнне таго, што мая галадоўка робіць ім нейкую нязручнасць, бо першапачатковае ігнараванне вельмі рэзка пераключылася на дадатковую ўвагу. Вось бы пацешна было паназіраць за іх абмеркаваннем па вырашэнню мною створанай праблемы..)

Дзень 5

Пяты дзень галадоўкі і 23 суткі ў зняволенні пачаліся, што дзіўна, даволі бадзёра. Праспаўшы амаль поўнасцю мінулыя 2 сутак, ноччу спаць не хацелася ад слова зусім. Ну не магчыма ж спаць бясконца! Таму я адчыніў кнігу, чаго не рабіў ужо 2 сутак, але яна хутка скончылася і я паспрабаваў заснуць яшчэ раз. Нічога не атрымалася, таму прыйшлося ісці да сумкі-бібліятэкі, каб здаць кнігу і ўзяць новую. Пачаў чытаць «Бойцовский клуб», экранізацыю якога глядзеў шмат разоў, але кнігу чытаць не даводзілася. Толькі, здаецца, заснуў, а ўжо грукаюць у дзверы «Подъём!». Але нягледзячы на гэта, я падняўся амаль самы першы і адчуваў сябе выспаўшымся. Мне зноў вельмі хацелася есці, хаця мінулыя 2 дні я ўжо не адчуваў голаду. Напэўна дрэннае самаадчуванне ў мінулыя дні звязана не столькі з галадоўкай, колькі з нейкай каляпрастудай, якая пачала праходзіць. Карыстаючыся добрым настроем і такім жа самаадчуваннем, вырашыў памыць галаву і ўвогуле з большага прывесці сябе ў парадак. Соўкаючыся па камеры туды-сюды звярнуў увагу, што з мяне пачынаюць злятаць штаны. Да, шнуркі ў іх падрэзалі яшчэ ў момант майго папярэдняга затрымання 1,5 месяцы таму, але ўвесь гэты час, нават без іх, штаны і так добра сядзелі на мне. З паляпшэннем самаадчування наладзіўся і быт: нам падалі электрычнасць у камеру і батарэі пачалі зноў быць цёплымі, а з цёплымі батарэямі з’явілася магчымасць грэць воду ў бутэльках. А я толькі некалькі гадзін таму памыў галаву ў ледзяной вадзе, ну, як заўсёды.

Сёння вечарам з 14 чалавек павінны вызваліцца 4, заўтра — яшчэ 6 чалавек. Такім чынам у камеры застануся я з 3 хлопцамі са стачкаму. Чакаем, што заўтра нас або перавядуць у іншую камеру, або да нас закінуць чалавек 10. Паглядаю на дзясяткі кніг у некалькіх сумках і вельмі спадзяюся на другі варыянт.

Сёння салігорскія зрабілі нам у нейкім сэнсе лекцыю пра сам Беларуськалій, як арганізавана здабыча на рудніках, што з’яўляецца прычынай аварый, якія адбываюцца там адна за другой, прайшліся па тэрміналогіі і г.д. Усё з малюнкамі, чарцяжамі, усё як мае быць. Больш у нас нічога не адбывалася, увесь час думалі аб тым, што адбываецца ў Менску, як прайшоў нядзельны марш і ці быў ён увогуле, колькі затрыманых на гэты раз, якая там увогуле атмасфера пасля забойства Бандарэнкі. Праз некалькі дзён нейкая інфармацыю будзе і ў нас, але для гэтага павінна прайсці некалькі дзён.

Дзень 6

Шосты дзень галадоўкі і 24 суткі ў зняволенні зноў пачаліся з лукашэнкаўскага гімна ў 06:00. Ужо больш за тыдзень гімн або не ўключалі, або я прачынаўся толькі пасля яго заканчэння. Добрыя ж раніцы былі тады, але разуменне гэтага як заўсёды прыходзіць толькі пасля таго, як сітуацыя мяняецца. Узгадалася як раней з намі сядзеў Алесь з Вольнага хору, які пачынаў кожны дзень са спеваў «Пагоні», чым заглушаў лукашэнкаўскі гімн па радыё.

Хлопцы з суседняй камеры кожны дзень пытаюцца як я сябе адчуваю. «Да нармальна я, чё, толькі 6 дзень..» Пашу і Юру павялі на размову з адвакатам. Тут, у Баранавічах, усё па олдскулу — не толькі суды ўжывую адбываюцца, яшчэ і адвакат можа прыехаць на сустрэчу. Хвілін праз 30 яны вярнуліся ў камеру і на выхад прапанавалі мне. «Куды?» — пытаюся. «Куда скажу туда и пойдёшь!» — забрахаў калідорны. Ребята запанікавалі пасля такога адказу і пачалі патрабаваць дакладнасці куды ён мяне павядзе. Той смяецца: «Да туда же, куда и вы ходили, к адвокату». Ух ты! Я не чакаў такіх сюрпрызаў. У калідоры мы спыніліся каля камеры 103, дзверы адчынілі і назвалі прозвішча Сашы. На гутарку з абаронцамі нас павялі разам. «Гэта ты тут галадаеш?» — пры першай магчымасці запытаўся Саша. Значыць інфармацыя пра галадоўку разышлася па ўсяму корпусу, а не толькі па камерам з нашага боку адносна калідора, як я думаў раней. Сустрэча з адвакаткамі, 2 маладымі жанчынамі, праходзіла ў тым жа корпусе, што і суд, толькі ў суседнім памяшканні. Адвакатка мне распавяла апошнія навіны, якія былі з большага дрэнныя: больш 1000 затрыманых у нядзелю на плошчы Перамен, знайшлі і затрымалі Міколу Дзядка. З прыемнага — атрымаў шмат прыветаў і словаў падтрымкі, даведаўся што пра маю галадоўку выйшаў артыкул у «Новым часе». Але пасля навін пра Міколу было ўжо вельмі цяжка ўспрымаць штосьці далей. Я папрасіў яе яшчэ раз нагадаць таварышам пра адсутнасць неабходнасці ў перадачах і што буду трымаць галадоўку да апошняга. Ісці назад у камеру было ўжо фізічна цяжэй, даўно не перамяшчаўся на такія «адлегласці». Усю дарогу размаўлялі з Сашам і нам ніхто не перашкаджаў. Ён распавёў, што таксама трымаў галадоўку з моманту перазатрымання і да суда, але потым адмовіўся ад яе. Магчыма з-за гэтага «начальнікі» і разлічвалі на тое, што я гэтак жа «кіну дурное» праз некалькі дзён, але не ўгадалі. Саша сядзіць увесь час разам з Вовай, які ўжо доўгі час хварэе і ніяк не ідзе на папраўку. Акрамя таго, што па дарозе нам пашчасціла паразмаўляць паміж сабой, падыхаць свежым паветрам, мы яшчэ змаглі павітацца з Наталкай і Марінай, якіх таксама вялі на сустрэчу з абаронцамі, магчыма з тымі ж, з якімі сустракаліся мы.

У момант майго вяртання ў камеру хлопцы гатавалі каву і абмяркоўвалі яе пах, мол, «напэўна нават у камерах насупраць чуваць». Я такі: «Які пах кавы? Ёсць нейкі пах зараз?» На секунд 30 над камерай навісла цішыня. Я зразумеў, што я не адчуваю яе пах. Не адчуваў я яго напэўна і ўчора, проста не звяртаў на гэта асаблівай увагі. Я не адчуваю пах ні зубной пасты, ні шампуня, ні часныку, нічога з таго, што толькі магчыма панюхаць у нас у камеры. Мы ўсе тут ужо перахварэлі, таму давайце хутчэй вызваляйце 6 чалавек, у якіх сёння заканчваюцца суткі, няхай ідуць далей распаўсюджваюць заразу і закідвайце нам новых 10 чалавек!

Так яно і атрымалася — бліжэй да вечара ў нас зноў быў фулхаус. Усе заехаўшыя сядзяць ужо па 1,5-2 тыдні, таму валодаюць яны з большага тымі ж навінамі што і мы. Але журналіст «радыё Свабода» Алег Груздзіловіч, даведаўшыся, што я анархіст, знайшоў у сябе некалькі цікавых для мяне навін. У дзень майго затрымання з’явілася інфармацыя пра затрыманне на ўкраінскай мяжы Ігара Аліневіча, але ніякіх падрабязнасцей тады не было. Ад Алега я даведаўся, што Ігара абвінавачваюць у здзяйсненні тэрактаў, а таксама тое, што разам з Ігарам быў затрыманы Дзіма Дубоўскі, які з 2010 году быў у вышуку па «справе беларускіх анархістаў». 10 год таму, у лістападзе 2010 года, карацелі зладзілі аблаву на Ігара і Дзіму ў Маскве, тады Ігар быў затрыманы і перапраўлены з мяшком на галаве ў мінскае СІЗА КДБ, а Дзіме ўдалося пазбегнуць затрымання. Прайшло 10 год і карацелі зноў робяць аблаву на Ігара і Дзіму, і на гэты раз больш паспяховую. Сёння, пасля 23-дзённай інфармацыйнай ізаляцыі, гэта проста нейкая інфармацыйная лавіна, пасля якой заснуць проста немагчыма.

Дзень 7

Сёмы дзень галадоўкі і 25 суткі ў зняволенні пачаліся з таго, што ўся камера прачнулася, а я спаў далей, нават не пачуўшы грукату ў дзверы. Праз фортку ў дзвярах сукамернікі ўжо прымалі сняданак, а я яшчэ ляжаў на матрасе і толькі раздупліў вочы. Я займаю ў камеры месца, якое менш за астатнія праглядаецца праз відэакамеру ці кармушку, але яно не настолькі ў сляпой зоне, каб мяне на матрасе можна было не заўважаць столькі часу. Вельмі дзіўна. Калі быць аптымістам і разглядаць тэорыю аб тым, што я выйду за браму СІЗА і не буду перазатрыманы 29-га, то большая частка галадоўкі ўжо сзаду, а наперадзе засталося не так ужо і шмат. Але ўсё роўна час цягнецца невыносна павольна: 6 дзён галадоўкі падаюцца больш працяглымі за папярэднія 18 дзён зняволення. Калі кожную секунду страўнік нагадвае пра сябе, а самаадчуванне таксама ня вельмі, то хвіліну ў такіх абставінах можна прыраўняць да пяці ў звычайных абставінах. Такім чынам я самастойна змяніў сабе ўмовы ўтрымання з узроўня «easy» на ўзровень «hardcore». Але для мяне галоўнае, што гэта быў мой выбар, што гэта я кантралюю сітуацыю, а не выконваю загад «начальніка». Гэта дае маральныя сілы ісці далей.

Сёння тым, хто паліць, далі магчымасць зрабіць гэта ў суседняй камеры, якую часова ператварылі ў палільню, каб не выводзіць людзей у прагулачныя дворыкі. Зразумела, далёка, а супрацоўнікі тут лянівыя і ім так значна прасцей. А тым, хто сядзіць, то выбар паміж тым, каб папаліць у суседняй камеры замест прагулкі і тым, каб не атрымаць зусім нічога, таксама відавочны. Таму ўсе задаволены. Прагулка павінна быць кожны дзень, але за апошнія 9 дзён яна была толькі аднойчы + першы раз магчымасць папаліць арганізавалі вось такім вось чынам. Мне з большага ўсё роўна, я з галадоўкай і паліць кінуў, а вось для некаторых хлопцаў гэта ледзь не падзея тыдня — схадзілі папаліць, эмоцый і абмеркаванняў цяпер на некалькі гадзін.

Падчас размовы, выпадкова, у кантэксце чагосьці іншага, зноў узгадалі пра затрыманне Міколы. Як апынулася, пра яго затрыманне ведалі ў камеры амаль што ўсе, я ледзь не адзіны, да каго гэта інфармацыя не дайшла. І нікому, нажаль, не прыйшла ў галаву думка, што гэта інфармацыя можа мець для мяне нейкую каштоўнасць.

Пасля 3-дзённага перапынку зноў прыйшлі лісты, вельмі шмат лістоў, толькі я атрымаў адразу тры, два з якіх патрабавалі адказу. У мяне і раней было тэарэтычнае разуменне важнасці ліставання са зняволенымі, але сапраўдную каштоўнасць гэтага можна зразумець, напэўна, толькі адсюль, з гэтага боку крат. Эмоцыі, якія адчуваеш у момант, калі бачыш сваё прозвішча на канверце ў агульным стосе лістоў, калі адчыняеш канверт, калі чытаеш ліст і уяўляеш усмешку чалавека, які напісаў гэты ліст, калі ў галаве чуеш голас гэтага чалавека … Для апісання гэтых эмоцый мой слоўнікавы запас вельмі абмежаваны. Калі выйду, буду па магчымасці старацца таксама пісаць лісты, шкада што ніколі не рабіў гэтага раней. У чытанні і бясконцым перачытванні лістоў, а таксама ў напісанні адказаў прайшоў увесь вечар і частка ночы.

Дзень 8

Восьмы дзень галадоўкі і 26 суткі ў зняволенні асабліва нічым не адзначыліся. Камера аднавілася больш чым на трэць: 5 чалавек вызваліліся і замест іх засялілі 5 новых. Я ўжо не намагаюся запамінаць імёны новых людзей, людзі ў камеры мяняюцца хутчэй, чым я паспяваю запомніць кожнага. Таму каго запамінаю, таго запамінаю, а мэту запомніць імёны ўсіх ужо не стаўлю сабе. Чытаю, з самой раніцы чытаю, нават нягледзячы на тое, што канцэнтраваць увагу становіцца ўсё складаней і складаней. За сёння прачытаў большую частку «Зялёнай мілі» Стывена Кінга. Хтосьці з тых, чыё імя я не памятаю, паглядзеўшы на маю кнігу, заўважыў, што з некалькіх дзясяткаў кніг у нашай камеры, значная частка звязана з турмой. «Архіпелаг ГУЛАГ» толькі што адсутнічае» — дадаў я.

Перад вячэрай адчынілася «кармушка», голас па той бок дзвярэй назваў маё прозвішча і загадаў падысці. За дзвярамі стаяў начальнік ІЧУ з якім адбылася наступная размова:

— Через минут 20 будет ужин, ты собираешься есть?

— Не!

— Но ты же понимаешь, что никто тебя отсюда не выпустит? Даже если бы я захотел, то я не могу выпустить тебя ранее срока в документах…

— Мяне і па тэрміну ў дакументах мінулы раз не выпусцілі…

— Просто если ты будзешь продолжать далее, то мы принудительно будем тебя кормить. Оно тебе надо?

— Трэба. Яшчэ нешта?

— Я тебя предупредил…

І «кармушка» з грукатам зачынілася. Вось бы зараз загугліць як адбываецца гэтае іх «принудительное кормление». Пакуль што мае ўяўленні грунтуюцца на тым, што адзін з сукамернікаў бачыў гэты працэс у нейкім фільме: там чалавеку ў нос устаўлялі спецыяльныя трубкі, праз якія ў страўнік падавалася вадкая ежа. Выглядае як не самы прыемны вопыт.

Пад час вячэрняй паверкі запісаўся да фельдшара — памераць ціск. Не з-за таго, што дрэнна сябе адчуваю, а хутчэй для прафілактыкі, ну, і каб яшчэ раз нагадаць яму пра галадоўку. Вынік — 120/80. «Голодай дальше» — кажа фельдшар. «Само сабой» — адказваю яму.

Дзень 9

Дзявяты дзень галадоўкі і 27 суткі ў зняволенні прайшлі, як і мінулыя, без падзей, нават без дробных. Цяжка нават знайсці, што запісаць у дзённік, але штосьці запісаць трэба. Сёння была прагулка, але я вырашыў адмовіцца ад яе. Па дарозе ў прагулачныя дворыкі трэба некалькі разоў падымацца ўверх-уніз па прыступках, прычым цябе ўвесь час падганяюць ісці хутчэй, што не так проста рабіць у абутку без шнуркоў. Неяк я ўжо не на столькі ўпэўнены ў сваіх сілах для падобных іспытаў. Сядзіш сабе на адным месцы — і норм. За гэтыя хвілін 30, пакуль усе былі на прагулцы, была магчымасць пабыць трошкі ў цішыні, адпачнуць ад пастаяннай мітусні, гулу і смеху. Самыя ціхія хвіліны за амаль месяц. Калі гэта не лепш за прагулку, то як мінімум раўназначна ёй. Зноў правёў цэлы дзень за кнігай і бліжэй да ночы дачытаў «Зялёную мілю», трэба выбіраць на заўтра што-небудзь новае для чытання. Я амаль ніколі не кладуся спаць адразу пасля адбоя, у 22.00, заўсёды яшчэ некалькі гадзін ляжу і думаю аб нечым, або чытаю кнігу. А вось сёння яшчэ да 22.00 з’явілася адчуванне, што вось зараз лёг бы і заснуў, таму карыстаючыся момантам, адразу пасля 22.00 раскруціў матрас і заснуў маментальна. Прачнусь раніцай — і 8 гадзін зняволення (1/4 сутак) як не было.

Дзень 10

Дзясяты дзень галадоўкі і 28 суткі ў зняволенні пачаліся зноў лукашэнкаўскім гімнам. Прычым так званы гімн гучаў, як мне падалося, гучней, чым звычайна. На першых секундах ужо хтосьці зліваў ваду ва ўнітазе, заглушаючы гукі гімна з калідора — дзякуй, брат! У першай палове дня нас чакала магчымасць зноў убачыць гарачую ваду — магчымасць не толькі памыцца, але яшчэ і сагрэцца. Зноў хваляваўся за тое, што ісці прыйдзецца на парадак далей, чым было звычайным за апошнія дні. Слабасць у нагах вельмі адчувальна, але хвілін 30 на нагах прастаяў без праблем, як здужаў і дарогу ў абодва бакі.

Пасля таго, як учора вызвалілі чарговых некалькі чалавек і на іх месца яшчэ нікога не прывялі, я звярнуў увагу на адно з пустых спальных месцаў: мне падалося, што яно менш праглядаецца з відэакамеры і вочка ў сцяне. Я адразу пераехаў туды. Так як з 06:00 да 22:00 нельга карыстацца матрасам і можна сядзець на ложку толькі на цвёрдых і халодных металічных пласцінах, то цяпер я замест матраса раскладваю цёплую і мяккую вопратку, якой у нас назбіралася цэлая сумка ад ужо вызваленых. З відэакамеры і вочка ў сцяне прагляд пад такім вуглом, што іншая нара не дазваляе бачыць на чым менавіта я сяджу/ляжу, але бачна, што матрас я не карыстаю, бо ён ляжыць на самым бачным месцы, зверху. Такім чынам, з павялічаным узроўнем камфорту я праваляўся да самага вечара без заўваг, падымаўся з ложка толькі тады, калі было чуваць што дзверы адчыняюцца.

Раней я рабіў усё магчымае, чым толькі можна заняць час: чытаў кнігі, разгадваў сканворды і судоку, гуляў у даміно і іншыя гульні, стараўся быць у самым цэнтры двіжа, які адбываецца ў камеры. Цяпер жа апошнія дні я амаль не ўстаю з ложка. Нават весці размовы няма ніякага інтузіязму, не кажучы ўжо пра тое, каб спрачацца, прыводзіць аргументы і адстойваць свае меркаванні. Таму камунікацыю з іншымі я амаль спыніў. Максімум — адказы ў 2 словы на пытанні ў мой адрас. Але сёння ў мяне нават чытаць дрэнна атрымліваецца: цяжка сканцэнтравацца і кожную старонку прыходзіцца перачытваць двойчы, каб улавіць хоць нейкі сэнс. Заўважыў, што ў нас з’явілася кніга Оруэла «1984», сюжэт якой я добра ведаю, таму вырашыў перачытаць яе яшчэ раз, ведаючы сюжэт, працэс чытання павінен ісці прасцей.

Чым бліжэй надыходзіць час сканчэння тэрміну зняволення, тым больш галава пачынае грузіцца рознымі думкамі. Засталося сядзець 10 сутак — чакаеш пакуль яны скончацца, засталося 6 сутак — чакаеш пакуль яны скончацца, засталіся 1 суткі — і ты ня ведаеш ці выйдзеш адсюль заўтра, ці колькасць сутак зноў аднавіцца да 15 (пры не самым горшым варыянце). Калі сядзеў у пачатку кастрычніка — выйшаў праз 15, а вось апошні раз — 15 сутак аднавіліся і прыйшлося весці адлік з самага пачатку. 50/50. Не зразумела як яно будзе на гэты раз, але на ўсякі выпадак я рыхтуюся да горшага развіцця падзей. Усю ноч гэтыя думкі круціліся ў галаве і перашкаджалі заснуць. Цяжка вызначыць у якой гадзіне я заснуў, калі ўвогуле я засыпаў.

Дзень 11

Адзінаццаты дзень галадоўкі і 29 суткі ў зняволенні пачаліся з болі ва ўсім целе. Мне баліць абсалютна ўсё, але не зразумела што з’яўляецца прычынай гэтага болю. Адказ ад ежы і разам з гэтым ад усіх вітамінаў і мікраэлементаў? Адсутнасць ужо працяглы час фізічнай актыўнасці? Учарашняе павышэнне мяккасці ложку і камфорту ляжання на ім майму целу не спадабалася? Дадаткова спіну магло як прадуць з форткі, якая ў нас не зачыняецца да канца, так і нацягнуць з халоднай сцяны, на якую час ад часу абапіраешся.

Сёння прыйшлі лісты да 13 чалавек у камеры з 14, усім акрамя мяне. Не сказаць, што я ўпэўнены, што іх павінна быць шмат у мой адрас, але раней яны былі і неяк рэзка спыніліся. Можа дзесьці там прынялі рашэнне абрэзаць мне пошту? А можа адтуль ужо і пісаць няма каму, усе селі? Спадзяюся на тое, што там ёсць больш важныя справы, чым пісаць мне лісты…

Пад час паверкі сукамернік запытаўся ці можна зараз перадаць лісты на адпраўленне. Адказ быў: «Да, всем можно, кроме голодающего». Я і не збіраўся нічога адпраўляць. Калі з камеры кожны дзень выходзяць па некалькі чалавек, то пры неабходнасці лепш перадаць ліст з імі, без чытання цэнзарамі, і быць упэўненым, што ліст будзе апушчаны ў паштовую скрыню ў гэты ж дзень. Ужо ёсць упэўненасць, што на выхадзе няма вобшука і лісты падобным чынам даходзяць без праблем. Але што вось гэта зараз было?! Чарговая нязграбная спроба націснуць на мяне або проста салдафонскі гумар такі? — Не зразумела. Але зноў вяртаюся да меркавання, што пошту для мяне ўсё ж такі могуць рэзаць.

Пасля абеду выйшлі апошнія ўдзельнікі стачкама Беларуськалія, якія атрымалі па 15 сутак. Іх затрымалі пад час экскурсіі ў Ружанах, адразу цэлы аўтобус, больш за 40 чалавек. Затрымалі іх у той момант, калі я ўжо выходзіць збіраўся, а атрымалася, што я яшчэ тут, а яны ўжо выйшлі. Мы не адразу заўважылі, але калі іх выводзілі і паставілі ў калідоры да сцяны, то яны неяк незаўважна ўключылі нам электрычнасць. Пацаны ваще ребята. Сукамернікі адразу пачалі рабіць каву, пах якой я так і не адчуваю, нягледзячы на тое, што ўсе іншыя сімптомы ў мяне ўжо даўно прайшлі. Але ўлічваючы тое, што ў камеры акрамя паху кавы, ёсць яшчэ мноства не самых прыемных пахаў, то неадчуванне іх можна разглядаць як даволі значны плюс.

Нас засталося 11 чалавек у камеры. Наступны па графіку на выхад — я. Заўтра, 29 лістапада, ў мяне дзень нараджэння, таму атрымаць у такі дзень падарунак у выглядзе перазатрымання, было б непрыемна ўдвая. Паглядзім заўтра што будзе…

Дзень 12

Дванаццаты дзень галадоўкі і юбілейныя 30 суткі ў зняволенні пачаліся як заўсёды цяжка. Ноч зноў была бяссоннай, заснуў толькі недзе бліжэй да раніцы. Першы раз за 30 сутак мне прысніўся сон, прыснілася ежа, але чамусьці крэмавыя пірожныя — не па вегану 🙂 Некалькі дзён таму я ў размовах між іншым падкрэсліваў, што ў мяне тэрмін заканчваецца ў дзень нараджэння. Таму сукамернікі з самой раніцы самі ўзгадалі пра яго: кожны падпісаў кнігу, якую я зараз чытаю, і цяпер прыйдзецца забраць яе з сабой на памяць. Вельмі добрая ідэя, дзякуй! У сустрэчы дня нараджэння на сутках няма чагосьці незвычайнага. Тут за 45 сутак у сезоне 2020 я сустрэў каля 7-8 імяніннікаў і нават чалавека, які знаходзячыся тут, прапусціў сваё ж вяселле. Спадзяюся, што яго нявеста не асабліва на яго пакрыўдзіцца. Дык што не я першы, не я апошні.

Нядзеля — адзіны дзень на тыдзень, у які прагулка, штодзённае абавязковае па графіку мерапрыемства, сапраўды адбывалася штотыдзень. Магчымасці адмовіцца ад яе і застацца ў камеры, як мінулы раз, мне не далі: або ўся камера ідзе на прагулку, або ўся камера застаецца. Значная частка хлопцаў адразу падкрэсліла, што гатовы не ісці на прагулку, каб не цягнуць мяне прымусова. Але я вырашыў не падводзіць хлопцаў, апрануў куртку і выйшаў у калідор. Прагулачны дворык ноччу, або яшчэ ўчора, замяло снегам, які пад нагамі такіх як мы, але яшчэ да нас, ператварыўся ў кашу. Гуляючы па такой паверхні, я амаль адразу прамок у ногі. Добра, што хоць батарэі сёння працуюць, ёсць надзея хутка высушыць кросы. 40 хвілін на нагах у мяне было апошні раз у дзень суда, яшчэ да пачатку галадоўкі. Вярнуўся з прагулкі з адчуваннем, што прайшоў кіламетраў 30 і адразу заваліўся на металічныя пласціны ложку.

Заўважыў, што кніга ў мяне не асабліва чытаецца і за сёння скончыць яе ўжо няма шансаў, таму вырашыў трохі паспаць, каб хутчэй бег час.

Адчыніліся дзверы і мне загадалі: «На выход без вещей». Па ашчушчэніям было яшчэ рана, гадзіны 2 не хапала. «Ну, вось і усё — падумаў я — зараз будзем складаць чарговы новы пратакол». Калідорны завёў мяне ў нейкую «капцёрку» і пачаў размову:

— Я понимаю, что ты отказывался от еды, но у меня приказ: если ты не подписываешь квитанцию об оплате за питание, то тебя не выпускать.

— І на якой падставе?

— 23.4, неподчинение, приедет наряд и составит протокол.

— Я 15 сутак таму падпісаў, але нешта ўсё яшчэ тут.

— Нет, сейчас точно выйдешь, не переживай по этому поводу.

— Я павінен у гэта паверыць і адразу падпісаць? — у мяне пачаўся істэрычны смех, але супрацоўнік не звяртаў на гэта ўвагу і працягнуў быць максімальна сур’ёзным..

— Я тебе ситуацию объяснил, а ты делай как знаешь, мне всё равно. Можешь подумаць ещё какое-то время.

— Да, я бы падумаў…

Абмеркавалі сітуацыю з сукамернікамі. Некаторыя ўвогуле шчыра не разумелі навошта рызыкаваць і не падпісваць, які сэнс правяраць блефуе ён ці не, калі надзея на выхад застаецца. Але прынцыповасць для мяне ў гэтую хвіліну выглядае важней, нават калі гэта супярэчыць здароваму сэнсу. Пасля доўгіх роздумаў прыняў рашэнне ўсё ж такі падставіць подпіс, нягледзячы на тое, што не камільфо. Ва ўсякім разе плаціць я ў любым выпадку не збіраюся.

Недзе праз 2 гадзіны зноў адчыняюцца дзверы і называецца маё прозвішча «С вещами на выход». Я развітваюся з усімі, выхаджу ў калідор, гляджу па баках у пошуках мясцовага ўчастковага інспектара, але бачу там Вову і Сашу з пакетамі ў руках. Падпісваю дакументы, забіраю рэчы і нас падземнымі калідорамі выводзяць на КПП. Там называю сваё прозвішча і нейкі сяржант кажа: «Всё! Свободен! Счастливо!». Я адказваю яму: «Да сустрэчы!» і выхаджу на вуліцу. Нас сустракаюць, нягледзячы на тое, што сустрэча Сашы Бялова 30 дзён таму і стала прычынай усіх падзей апошняга месяцу. Але ён таксама тут, вось я ўжо бачу ўдалечыні яго фігуру. Едзем у Менск, па дарозе я мяняю машыну і захаджу на свой раён праз тыя двары, дзе няма камер назірання. Наперадзе некалькі дзён адпачынку, выхад з галадоўкі, аналіз сітуацыі і разважанне аб тым, у якім фармаце дзейнічаць далей. Барацьба працягваецца …

Ноч з 29 на 30 лістапада 2020 года

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.