Якуб з Калінаўкі — анархіст часоў Рэфармацыі

У пабудове рамантычных гістарычных міфаў беларускія нацыяналісты выкарыстоўваюць у асноўным сюжэты звязаныя з вайсковымі супрацьстаяннямі сярэднявечных дзяржаў, культурніцкім жыццём магнацтва і царквой у якасці непадважальнага аўтарытэту для ўсяго грамадства. Моманты звязаныя з сялянскімі паўстаннямі, а таксама сацыялістычнымі поглядамі незалежніцкіх і культурных дзеячоў старанна замоўчваюцца. Здаецца, што грамадства раней складалася з адных арыстакратаў, пакуль ідылію не зламалі не вядома адкуль з’явіўшыяся бальшавікі.

Найбольш яскравым прыкладам нацыяналістычнай «прыватызацыі» гістарычных постацяў, канешне, з’яўляецца Кастусь Каліноўскі, сымпатыі якога да сялянства часамі аспрэчваюцца аж да хрыпаты. Але не зброяй адзінай. Сёння ўзгадаем аднаго з тых інтэлектуалаў-дэсідэнтаў, чыё імя цудоўным чынам захавала гісторыя. Ён не атрымаў таго прызнання, што такія вядомыя дзеячы часоў Рэфармацыі як Васіль Цяпінскі і Сымон Будны, якім у лукашэнкаўскай Беларусі нават паставілі помнік. Не заслужыў, бо быў ворагам дзяржавы.

Прыкладна ў сярэдзіне XVI стагоддзя ў вёсцы Калінаўцы на Падляшшы нарадзіўся Якуб з Калінаўкі. Верагодна ён паходзіў з сялянскай сям’і. Патрэбы халопаў турбавалі вышэйшыя саслоў’і не больш, чым патрэбы скаціны, у выніку адукацыя была амаль недасяжная для сялян. Таму мяркуюць, што напачатку Якуб быў ніжэйшым касцёльным служкай, дзе і навучыўся грамаце. У тыя часы разгортваўся рух Рэфармацыі, якая крытыкавала каталіцкую царкву з пункту гледжання хрысціянскай маралі. Вядома, што ўжо ў 1560-я гады Якуб прапаведаваў у антытрынітарыянскім зборы ў маёнтку канцлера Вялікага Княства Літоўскага, магната-кальвініста Яўстафія Валовіча.

У 1568 годзе Якуб з Калінаўкі пакінуў службу ў Яўстафія Валовіча і распачаў прапагандысцкую актыўнасць. 3 1567 года ён ўдзельнічаў у арыянскіх сінодах у Польшчы i ВКЛ. На сінодзе ў Скрынску (пад Радамам) быў абраны прадстаўніком ад уніятаў на дыспут з дытэістамі, што сведчыць пра яго шырокую арыентацыю ў тэалагічных справах. У 1568 годзе на сінодзе літоўскіх братоў (так называлі сябе антытрынітарыі ў Вялікім Княстве Літоўскім) у Іўі разам з Паўлам з Візны вёў палеміку з лідарам правага крыла антытрынітарыяў Сымонам Будным па пытанні аб свецкай уладзе і валоданні чэляддзю нявольнай. Там Якуб аспрэчваў магчымасць улады чалавека над чалавекам.

У 1569 годзе Якуб выехаў у Польшчу i там разам з Марцінам Чаховіцам і іншымі аднадумцамі з Вялікага Княства Літоўскага заснаваў у Ракаве рэлігійную суполку, абавязкам кожнага ўдзельніка якой было зарабляць сабе на хлеб толькі сваімі рукамі. Каля 1575 года ён знаходзіўся ў Любліне. На радзіму, напэўна, ён так i не вяртаўся. Памёр у 1583 годзе. Падчас яго жыцця антытрынітарыі яшчэ маглі адносна свабодна дзейнічаць на прасторах Польшчы і ВКЛ. Іх рух будзе забаронены ў «верацярпімай» Рэчы Паспалітай нашмат пазней, хаця некаторыя асветнікі і філосафы будуць спаленыя Інквізіцыяй яшчэ да афіцыйнай забароны. А дзяржаве сапраўды было чаго баяцца.

Працягваючы традыцыю крытычнай думкі ад Пятра з Ганёндза i Марціна Чаховіца, Якуб з Калінаўкі быў заўзятым прыхільнікам сацыяльнай роўнасці. Спасылаючыся на Біблію, ён сцвярджаў, што Бог стварыў усіх людзей з адной крыві, таму ўсе людзі браты, і ніхто не мае права панаваць над іншымі. Лічыў, што крыніцай сацыяльнай няроўнасці з’яўляецца прыватная ўласнасць. Выступаў за маральнае самаўдасканаленне і мірны байкот існуючых грамадска-дзяржаўных інстытутаў. Якуб меў значны аўтарытэт сярод радыкальных польскіх братоў i нават сярод сваіх непрыяцеляў, якія вымушаны былі паважаць яго як віднага сябра руху. Ён выступаў супраць эксплуатацыі, свецкай улады, войнаў, адстойваў сацыяльную i нацыянальную роўнасць, свабоду веравызнання. Ён быў сапраўдным анарха-хрысціянінам свайго часу. Вось адно з яго выказванняў:

Гісторыя беларускіх зямель гэта не толькі цемрашальства сялянства і магнацкая архітэктура. Мінулае было напоўнена інтэлектуальным і ўзброеным змаганнем, аб шматлікіх эпізодах якога мы, нажаль, пакуль не ведаем. Невядома які след пакінулі гэтыя людзі, акрамя прыкладу імкнення да волі нават у самыя цяжкія часы. Але мы дакладна ведаем пра прыклады нязломных змагароў сучаснасці, такіх як анархісты-партызаны з групоўкі «Чорны сцяг» і іншых палітычных вязняў беларускага рэжыму. 

Давайце памятаць вальнадумцаў мінулага і падтрымліваць палітвязняў сучаснасьці.

Рызынкі з булкі

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.