Мы ўжо пісалі аб праблеме высякання ляснога масіву ў Бараўлянах — мясцовыя ўлады без усялякага грамадскага абмеркавання вырашылі будаваць пасярод парку каналізацыйную катлавіну.
Учора, 28 красавіка, некалькі дзясяткаў жыхароў дамоў па вуліцы 40 гадоў Перамогі прыйшлі на месца высякання лесу і сваёй прысутнасцю і патрабаваннямі змусілі працаўнікоў лесагаспадаркі спыніць працу. Пратэставалі пераважна жанчыны, шмат хто прыйшоў з дзецьмі. Пратэстоўцы кажуць, што з прычыны планаў збудаваць паблізу ад жылых дамоў сцёкавы калектар, які мае збіраць сцёкі з усяго пасёлку, шмат якія маладыя сем’і прадаюць кватэры і пакідаюць Бараўляны. Усе папярэднія скаргі і звароты ў дзяржкантроль, пракуратуру, адміністрацыю прэзідэнта не далі ніякага выніку — таму месцічы вырашылі зладзіць вулічны пратэст.
На месца пратэсту жыхароў прыбыў намеснік генэральнага дырэктара ЖКГ Менскай вобласьці Валеры Садкоў, які адказвае за выкананне працаў. Ён заявіў, што праект будаўніцтва сцёкавага калектара ў гэтым месцы прайшоў дзяржаўную экспэртызу і атрымаў усе належныя ўзгадненьні адпаведных дзяржаўных устаноў. Аднак ён пагадзіўся, што ня ўсе жыхары мелі магчымасьць узяць удзел у абмеркаванні праекту і паабяцаў «праінфармаваць вышэйшыя інстанцыі».
Акцыю здымаў на відэа невядомы — па ўсей верагоднасці, мусарскі «ціхар».
Як бачым, пасля таго, як жыхары адважыліся на прамы канфлікт з тымі, хто высякае лес, і, не аглядваючыся на рэпрэсіўныя «правілы правядзення масавых мерапрыемстваў», выйшлі з дазволеных ім законам рамак, чыноўнікі адразу заварушыліся і пачалі прадпрымаць актыўныя дзеянні каб замяць канфлікт. І гэтак заўсёды — пачуты будзе толькі той, хто кажа ўслых.