У апошнія гады ў Еўропе, асабліва ў яе ўсходняй частцы – ад Расіі і да Польшчы назіраецца значны ўздым нацыяналізму. Прычын на гэта некалькі: імперыялістычная гістэрыя ў Расіі на фоне вайсковай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі, рэакцыя на гэтую агрэсію краін, якія раней знаходзіліся пад уладай савецкай імперыі, а таксама – масавы прыток мігрантаў (пераважна сірыйскіх уцекачоў), якія часта з’яўляюцца носьбітамі культуры і светапогляду, якія адрозніваюцца ад «традыцыйна еўрапейскіх». Не абышоў гэты ўздым і Беларусь. У свеце гэтага нам, анархістам, асабліва важна мець выразную пазіцыю датычна нацыяналізму і паняццяў, з ім звязаных («нацыянальная ідэя», «нацыянальныя каштоўнасці» і г.д.)
Пачнем з вызначэння паняцця «нацыяналізм». Вызначэнняў хапае: некаторыя з іх апісваюць нацыяналізм як ідэалогію нацыянальнай выключнасці і варажнечы з іншымі нацыямі, некаторыя – не. Сучасныя нацыяналісты ўсё часцей кажуць, што яны ніякія не шавіністы, што яны паважаюць усе нацыі і народы, але «наш» народ павінен жыць «згодна са сваімі традыцыямі», і толькі прадстаўнікам карэннага насельніцтва, а ніяк не прыезджым, можна карыстацца ўсімі сацыяльнымі перавагамі і прывілеямі. Такім чынам, людзей, як і ў часы ранейшага, шавіністычнага нацыяналізму, дзеляць на «годных» і «нягодных», на «сваіх» і «чужых», фактычна – на лепшых і горшых. І не важна, што падзел адбываецца па прынцыпе прыналежнасці да пэўнай культуры альбо рэлігіі, а не па прыкмеце расы\этнічнай прыналежнасці. Сутнасць застаецца такой жа. У любым выпадку, нават калі мы падсумуем паняцці другой групы, атрымаем наступнае: нацыяналізм гэта ідэялогія, палітыка і практыка, якая трактуе нацыю як падмурак дзяржавы і вышэйшую форму грамадскага аб’яднання і выступае за самасцвярджэнне народа з адзінай мовай і культурай як адзінай і непадзельнай сутнасці.
Такім чынам, так ці інакш, галоўным паняццем у ідэалогіі нацыяналізму з’яўляецца нацыя. Менавіта вакол яе круціцца ўся тэорыя і практыка нацыяналізму. Але што такое нацыя? Само гэтае паняцце ўзнікла ў краінах Еўропы разам са з’яўленнем нацыянальных дзяржаў у першай палове 19-га стагоддзя — з крахам феадальна-абсалютысцкіх сістэм і ўсталявання новага парадку ўзаемаадносін паміж прыгнятальнікамі і прыгнечанымі. Раней, пры феадалізме, усё было проста: ёсць клас сялян, якія працуюць на феадалаў-арыстакратаў, забяспечваючы іх ежай і дармавой працай, і пры гэтым не «качаюць правы», і ёсць клас гэтых самых арыстакратаў (рыцараў, шляхты), якія ў абмен на поўнае матэрыяльнае забеспячэнне і пакору абараняе сялян ад замахаў суседніх феадалаў – рабаўніцтваў, нападаў і г.д. Сяляне, за рэдкімі выключэннямі, не ваявалі, справай жа арыстакратаў ва ўсе часы была вайна, змаганне за «сваю» зямлю (то бок тую, на якой працавалі «ягоныя» сяляне), за гонар свайго роду, за інтарэсы сеньёра, які надзяліў яго гэтай зямлёй і сялянамі і гэтак далей.
Але пасля ўсталявання капіталістычных адносін і наступленнем прамысловай рэвалюцыі ўсё ў корні змянілася. Як вынік капіталістычнага складу эканомікі, росту насельніцтва і масавай міграцыі сялян у гарады ранейшая схема больш не дзейнічала. Войны сталі татальнымі, у іх пачало прымаць удзел усё больш насельніцтва, і пануючаму класу было жыццёва неабходна дзеля перамог у барацьбе дзяржаў за «месца пад сонцам», мець як мага больш штыхоў у падпарадкаванні, як мага больш байцоў, якіх можна кінуць у бой за свае інтарэсы. Ранейшы клас арыстакратаў, відавочна, ужо ніяк не мог з гэтым справіцца, бо яго пасля буржуазных рэвалюцый амаль і не было, а сама буржуазія, вядома, ў атаку не пойдзе (а нават калі б пайшла, то ніколі не перамагла б з прычыны сваёй малой колькасці). Зразумела, што ранейшы селянін ніколі не пойдзе добраахвотна ваяваць за тое, каб ягоны гаспадар змог прыдбаць сабе яшчэ больш зямлі і рэсурсаў. Для масавых армій і масавых мабілізацый была патрэбная ідэя, якая б прымусіла байца «з народу» паверыць у нейкае падабенства доўгу перад кімсці, які прымушаў бы яго ісці ў бой. І гэтай ідэяй стаў нацыяналізм з абавязковымі паняццямі Радзімы і патрыятызму. Мы – адна нацыя! Мы – разам! Былых саслоўных падзелаў больш не існуе! Былы арыстакрат, сялянін, працоўны і буржуа – усе станем разам дзеля абароны нашай Радзімы ад крыважэрных захопнікаў (вядома, пад «абарону Радзімы» заўсёды падводзілася амаль любая агрэсіўная вайна)! Пакажам гэтым нахабным суседзям, чаго вартыя нашыя штыхі! Тое, што гэтыя войны вяліся выключна ў інтарэсах пануючага класу (на той момант ім амаль паўсюдна сталі фінансава-прамысловыя колы), вядома, не агучвалася. Нідзе і ніколі звычайныя салдаты, рэкруты з сялян і працоўных не атрымлівалі «профіту» ад войнаў, нават калі ў выніку каланіяльных захопаў рабаваліся астранамічныя багацці. Галоўнае для буржуазіі – мабілізаваць рэсурс, прымусіць людзей у патрыятычным угары змагацца за нейкую агульнасць, нейкае адзінства, альбо як мінімум адчуваць нейкае пачуццё доўгу перад Радзімай – каб хоць мінімальна матываваць пушачнае мяса, якое не павінна збегчы з поля бою.
Але не варта думаць, што ідэя нацыі была патрэбная толькі для ваеннага часу. З’яўленне пралетарыяту спарадзіла жудасную эксплуатацыю і сацыяльную няроўнасць, як вынік – рэвалюцыйнае напружанне ў новых краінах. Зноў жа, масам тэрмінова была патрэбная ідэалогія, якая дапамагала б ім не варагаваць з буржуазіяй, а адчуць адзінства з ёю, нейкае падабенства роўнасці. Класавыя супярэчанні трэба было тэрмінова нівеліраваць, каб яны не выліліся ў рэвалюцыю. Для гэтага як нельга лепш падыходзіў нацыяналізм і патрыятызм. Людзям праз сістэму адукацыі, а ў пазнейшыя часы і з дапамогай дзяржаўнай прапаганды ўбівалася ў галовы, што ўсе яны: і звычайны працоўны, і наглядчык на працы, і паліцыянт, і буржуй-уласнік фабрыкі, і суддзя – усе належаць да супольнасці: старадаўняй, непаўторнай, вялікай, якая заслугоўвае лепшага месца на гэтым свеце (і гэта прытым, што самі паняцці нацыі, як напісана вышэй, яшчэ ледзь-ледзь сфарміраваліся). Пры гэтым вельмі часта прадстаўнікі суседніх нацый уяўляліся ў горшым свеце: толькі і чакаюць, праклятыя англічане\французы\немцы\прусакі, каб нас абрабаваць і зняволіць! Такім чынам буржуазія забівала адразу двух трусаў: згуртоўвала народ вакол нейкай ідэі, якая мусіла заняць месца небяспечных памкненняў да справядлівага сацыяльнага строю, і перанакіроўвала абурэнне людзей сваімі ўмовамі жыцця ў бяспечнае, і нават карыснае для гаспадароў рэчышча. Лепш хай яны ненавідзяць чужынцаў і іншаземцаў, чым свайго непасрэднага эксплуататара. Як тут не ўзгадаць жыдоўскія пагромы ў Расейскай імперыі, якія неаднаразова ўчыняліся пры маўклівым ухваленні, а часам і пры непасрэдным удзеле агентаў царызму! Як не ўзгадаць лозунг Першага інтэрнацыяналу: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» — які прама і непасрэдна заклікаў скінуць шкодныя і штучныя абмежаванні нацыянальнай дзяржавы і прызнаць у пралетары любой іншай краіны свету свайго паплечніка і брата!
Самае галоўнае ў канцэпцыі нацыі – яе штучнасць. Нацыяналізм сцвярджае, што мільёны людзей розных сацыяльных класаў, розных светапоглядаў, розных маральна-этычных якасцяў – усе яны з’яўляюцца адной вялікай супольнасцю і маюць паміж сабой нашмат больш агульнага, чым супрацьлеглага. Пры гэтым, звычайна, прыводзяцца аргументы агульнай гісторыі і агульнай культуры (мовы, традыцый і г.д.). Што датычна гісторыі – часта выкарыстоўваецца такі дэмагагічны прыём, што, маўляў, «у нас агульныя нагоды для гонару (Іван Грозны, Вітаўт, Багдан Хмяльніцкі, Ян Капернік, Альберт Эйнштэйн, Грунвальд, Сталінград – патрэбнае падкрэсліць)». Але калі ў эпоху родаплеменных грамадстваў такі аргумент яшчэ меў сэнс, бо кожны мог лёгка аказацца сваяком нейкага выбітнага дзеяча, то ў сённяшнім свеце ён гучыць, мякка кажучы, недарэчна. Якое я маю дачыненне да нейкага там знакамітага мужыка, які жыў 200 гадоў таму? Ну і што з таго, што ён жыў на тым жа пятаку зямлі, што і я? Хіба гэта робіць нас бліжэй? Хіба гэта перадае мне «кавалачак крутасці» гэтага чалавека? З таго, хто будзе ганарыцца тым, што жыве ў адным горадзе з Лукашэнкам, будуць смяяцца, але з таго, хто ганарыцца сваімі «вялікімі продкамі, якія гналі немцаў\палякаў\маскалей», чамусьці не смяецца ніхто.
Што датычыцца агульнай культуры, то так, яна, безумоўна, фактар, які аб’ядноўвае людзей. Але трэба разумець, што культура прама вынікае з сацыяльна-эканамічных абставін чалавечага жыцця. А на ўзроўні вышэйшага класа адрыў ад культуры і паводзінаў збяднелых ці дэкласаваных слаёў насельніцтва робіцца вялізарным. Да прыкладу, стыль жыцця і культура топ-менеджэра ці дырэктара буйной амерыканскай карпарацыі і жыхара каляровага гета на ўскрайку Лос-Анджэлесу, жыццё патомнага багацея, нашчадка буйных землеўласнікаў Лацінскай Амеркі і жыццё маладзёна з фавэл Рыа-де-Жанейра будуць адрознівацца, бадай, больш, чым жыццё расейскага рабацягі і ўкраінскага, хаця фармальна, згодна з нацыянальнай канцэпцыяй, багач і бедняк падзяляюць адну культуру, з’яўляюцца прадстаўнікамі адной нацыі. Тое ж самае датычыцца любога перыяду часу. Нават у Беларусі 15 стагоддзя, якую нашыя нацыяналісты лічаць «залатым векам» літвінства, было дзве культуры: культура народу, сялян, і культура шляхты. Якую ж з іх нам зараз трэба прызнаць за сваю?
Акрамя таго, усе спробы закансерваваць культуру, правесці выразную лінію: «тут – маё, а там – ужо чужое» вырачаныя на правал, бо любая культура развіваецца за кошт сутыкнення і ўзаемапранікнення з іншымі культурамі, глабалізацыі, падарожжаў, і г.д. Сёння ні адзін беларус не носіць лапці – носіць Nike, не есць з гліняных гаршчочкаў – ёсць з талеркі, і гэтак далей. Ніхто не праводзіць абрадаў жаніцьбы ці пахавання па старадаўніх традыцыях. Усё, што мы зараз маем у якасці культуры, развівалася стагоддзямі, убіраючы многае ад іншых народаў і культур, ад якіх нацыяналізм так пільна намагаецца нас уберагчы, да таго ж часта выставляючы носьбітаў іншых культур «небяспечнымі чужынцамі», дзікунамі і варварамі.
Але нават не ў гэтым справа, а ў тым, што ў любым класавым грамадстве існуе фундаментальны падзел, невырашальная супярэчнасць: ёсць прыгнятальнікі і ёсць прыгнечаныя, з аднаго боку — тыя хто валодае сродкамі вытворчасці\інтэлектуальнымі рэсурсамі, валодае палітычнай уладай і прымае ўсе рашэнні ў грамадстве, і з другога боку — тыя, хто пазбаўлены сродкаў вытворчасці, усіх рэсурсаў і багаццяў грамадства, а таксама пазбаўлены ўлады над сваім уласным жыццём, у каго адабрана права вырашаць, у якім грамадстве ён будзе жыць. І пад якім бы нацыянальным, расавым, рэлігійным, патрыятычным соўсам не спрабавалі аб’яднаць гэтыя два класы, гэтага ніколі не атрымаецца, бо гэта карэнная супярэчнаць робіць ролі людзей у грамадстве супрацьлеглымі, фактычна, робіць адных рабаўладальнікамі, а іншых – рабамі. А любое ілюзорнае адзінства будзе заўсёды ў інтарэсах прыгнятальнікаў, бо менавіта яны вырашаюць «правілы гульні»! Насамрэч жа для працоўнага нічога не мяняецца, калі ўласнікам ягонага працоўнага месца і гаспадаром ягонага заробку з’яўляецца чалавек карэннай ці некарэннай нацыянальнасці. Гаспадар будзе так ці інакш пераследваць свой інтарэс, адбіраць у працоўнага тое, што ён зрабіў, г.зн. — эксплуатаваць. Ад таго, на якой мове размаўляе і якое адценне скуры мае мент, які збівае чалавека за тое, што ён выйшаў выказаць уласнае меркаванне – што зменіцца? Хіба ўдар дручка будзе менш балючы? Адзін з класікаў расейскай літаратуры неяк прывёў стары народны анекдот: прыйшла вайна, павеў мужык у лес свайго каня. Конь упіраецца, ісці не хоча. Мужык давай на яго сварыцца: «Чаго не ідзеш? Зараз прыйдуць немцы, будуць цябе біць і прымушаць працаваць кожны дзень!» На што конь адказвае: «А што ты са мной робіш?» Мужык: «Прымушаю працаваць кожны дзень і б’ю, калі не слухаешся». Конь: «І навошта мне кудысьці ісці, калі розніцы няма?»
Вядома, мы не выключаем таго факту, што нярэдка людзі адной нацыянальнасці могуць больш-меньш арганізавана прыгнятаць людзей іншай нацыянальнасці. Але і гэта – лагічнае следства антычалавечнай палітыкі нацыяналізму і шавінізму, якая развязваецца пануючымі класамі, каб падзяляць людзей і ўладарыць над імі. Узгадайце малых дзяцей: калі яны гуляюць разам, яны не зважаюць ані на пашпарт, ані на колер скуры, ані на веравызначэнне – прынамсі, пакуль іх гэтаму не навучаць дарослыя… Усе атрыбуты нацыянальнасці, гэтаксама як і «нацыянальная ідэя» і «нацыянальныя каштоўнасці» не даюцца чалавеку з нараджэння, і любы з нас вельмі хутка забудзе (а дзеці нават і ведаць не будуць), якой ён нацыянальнасці, калі яму ўвесь час гэтага не нагадваць.
Прыкладаў, калі ўпрыснутая атрута нацыяналізму і дзяржаўнага патрыятызму прыводзіла да паразы ў барацьбе працоўных за свае правы – процьма, і самы свежы з іх адбыўся літаральна на вашых вачах. Украінскі Майдан і ўвесь уздым народнай барацьбы ва Ўкраіне, які высоўваў патрабаванні сацыяльнага і палітычнага кшталту, быў на фоне расейскай агрэсіі перанакіраваныя палітыканамі і ўльтраправымі групоўкамі ў нацыяналістычнае рэчышча, і што ў выніку? Зараз толькі лянівы не разумее, што ўкраінцам здрадзілі – пад трэскатлівыя лозунгі аб нацыянальнам адзінстве. На змену зграі Януковіча прыйшлі новыя гаспадары, якія крадуць ледзь не больш, чым папярэднія. Жыццямі байцоў АТА, якія з лепшых памкненняў пайшлі «абараняць Радзіму», распараджаецца генералітэт, з палітычных мэтаў «зліваючы» непажаданых у катлы і ў палон. Патрабаваннем Майдану было выдаліць з улады ўсіх са спісу 100 багацейшых людзей Украіны. Як у насмешку – прэзыдэнтам аказаўся алігарх Парашэнка. Больш за сотню шчырых, смелых людзей загінула ў баях з АМАПам, адстойваючы сваё права «чалавекам звацца» — а менты ва Ўкраіне па-ранейшаму разганяюць дэманстрацыі і забіваюць людзей. Затое ўлада з раніцы да вечару пхае людзям гісторыі аб нацыянальнай велічы ўкраінцаў і аб гераічным змаганні за незалежнасць. Багатыя багацеюць, а бедныя бяднеюць – затое паўсюдна ўкраінскія сцягі. Дык чым жа залежнасць ад аднаго пана лепшая за залежнасць ад іншага?
На гэтым жа фоне мы бачым дэградацыю значнай часткі «дэмакратычнай апазіцыі» у Беларусі. Пасля падзеяў ва Украіне вялікая частка беларускіх «нацыянал-дэмакратаў» стала ў адкрытую казаць, што яна гатовая пайсці на саюз з Лукашэнка, каб толькі, у выпадку чаго, адстаяць незалежнасць ад Пуціна. Маўляў, незалежнасць – спачатку, дэмакратыя – потым. То бок, гэтыя людзі лічаць магчымым паступіцца такімі фундаментальнымі базавымі правамі, як права на павагу асабістай годнасці чалавека, свабода слова, сходаў, друку і публічнай крытыкі, — усе тыя правы, якія Лукашэнка таптаў больш за 20 гадоў, — толькі дзеля таго, каб захаваць «незалежнасць». Што гэта за незалежнасць?! Які ў ёй сэнс? Калі ты – бяспраўны раб, табе будзе лягчэй ад таго, што рабаўладнік размаўляе на адной з табой мове? Калі і дзе, скажыце, народу жылося лепш толькі ад таго факту, што над дзяржустановамі вісіць кавалак тканіны аднаго колеру, а не іншага? Хіба фактар фармальнай прыналежнасці да аднаго дзяржутварэння, а не да іншага, важнейшы за прынцыпы Свабоды і Справядлівасці, у барацьбе за якія развівалася ўся чалавечая цывылізацыя? Мы лічым, што для сумленнага і сапраўды дэмакратычнага чалавека не існуе нічога вышэй самога Чалавека – яго правоў, свабодаў і годнасці. Усё нашае развіццё, уся палітыка і ўся культура павінна быць падпарадкавана менавіта гэтаму, а ніяк не хімерам, выдуманым пануючым класам для таго, каб трымаць нас у аброці. Будзь тое нацыянальная ідэя, незалежнасць, альбо нават рэвалюцыя – любая ідэялогія і канцэпцыя гэта пазбаўлена сэнсу і нават з’яўляецца рэакцыйнай, калі не ставіць сваёй мэтай даброты Чалавека як такога!
Пры ўсім гэтым мы, анархісты, вядома, не адмаўляем таго, што культурныя адрозненні паміж людзьмі існуюць, і лічым, што кожны чалавек, безумоўна, мае права належаць да той культуры, да якой лічыць патрэбным. Таксама нічога дрэннага мы не бачым у тым, што хтосьці цікавіцца сваёй гісторыяй, размаўляе на роднай мове і любіць тыя мясціны, у якіх ён жыве, бо ўсё гэта так жа натуральна як, напрыклад, любіць сваю маці ці сваіх сяброў. Мы толькі падкрэсліваем, што следаванне ўсялякім «нацыянальным ідэям», якія мусяць аб’яднаць эксплуататара і эксплуатуемага ў інтарэсах эксплуататара, спробы супрацпаставіць сваю «нацыю» любой іншай – гібельны шлях, які ўжо прывёў да мільёнаў ахвяр і можа прывесці да новых, калі людзі не апомняцца і не зразумеюць, што ключ да нашага шчасця, да суцэльнага вызвалення – не ў падзелах на нацыянальнасці, а ў тым, хто валодае тваім лёсам і вырашае як табе жыць – ТЫ, ці твой начальнік. І паколькі мы паставілі сабе мэту скінуць многавекавы прыгнёт дзяржавы і яе інстытутаў, вызваліць асобу і грамадства ад усіх відаў дыскрымінацыі і эксплуатацыі, мы падкрэсліваем: вырашэнне ўсіх пытанняў, звязаных з нацыянальнасцю, этнасам і рэлігіяй, так ці інакш упіраецца ў тое, як у грамадстве прымаюцца рашэнні: вертыкальна ці гарызантальна. Любой чалавек, які лічыць сабе прыгнечаным, сваю культуру – занядбанай, а сваю нацыю – пакрыўджанай, павінен разумець, што ўсе гэтыя пытанні вырашаюцца пры анархізме, бо ў справядлівым грамадстве, як ужо пісалася раней, ніхто не зможа навязаць нікому аніякай ідэнтычнасці, мовы, культуры ці гісторыі – чалавек вольны сам вырашаць, кім яму быць. У іерархічным грамадстве, дзе гэта за цябе вырашае іншы, такое немагчыма – тую альбо іншую нацыянальнасць і культурную ідэнтычнасць табе будзе навязваць Сістэма, у руках якой усе рычагі кіравання грамадствам.
Пры анархізме самавызначыэнне будзе нормай. І тады праблема міжнацыянальнай грызні, ксенафобіі, бязглуздай нацыянальнай гордасці, нянавісці з-за паняццяў-пустышак, навязаных нам дзеля карысці гаспадароў, знікне сама сабою.
Прамень