Выданне Foreign policy паведаміла, што у 2016 годзе заснавальнік сайта WikiLeaks Джуліян Асанж адмовіўся апублікаваць не менш за 68 гігабайт дадзеных, якія паступілі ад крыніцы з МУС Расіі і датычыліся акупацыі Данбаса і выведвальных дзеянняў супраць Украіны.
Яшчэ ў 2014 годзе ВВС і іншыя інфармагенцтвы паведамлялі пра зліў дадзеных, у якіх была інфармацыя аб расійскім ваенным і разведвальным умяшанні ва Украіну. Інфармацыя, атрыманая Wikileaks у 2016 годзе, утрымлівала ў два разы больш дадзеных, але Асанж адмовіўся яе публікаваць.
Не менш цікавыя і ўзаемаадносіны дзеячаў WikiLeaks з беларускай выведкай. Часопіс The New Yorker паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў сакрэтныя матэрыялы з сайту WikiLeaks для арышту прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў 2010 годзе. Паводле выдання, у 2010 годзе шведзкі грамадзянін Ісраэль Шамір, які выступаў куратарам публікацыяў сакрэтнай карэспандэнцыі амэрыканскіх дыпляматаў з сайту WikiLeaks у постсавецкіх мэдыях, атрымаў ад Джуліяна Асанджа 80 тысяч сакрэтных дэпешаў. Частку з іх ён перадаў для публікацыі ў пракрамлёўскі расейскі часопіс, а іншую частку — прэзідэнту Беларусі. The New Yorker піша, што супрацоўнікі WikiLeaks у Вялікабрытаніі даведаліся пра інцыдэнт, калі беларускія актывісты апазіцыі звярнуліся да іх у паніцы. Некаторыя хацелі даследаваць сітуацыю, аднак Асандж загадаў падначаленым адмаўляць наяўнасьць у Шаміра інфармацыі.
Дарэчы, у 2010 годзе Ісраэль Шамір, прыбыўшы ў Беларусь для назірання за выбарамі, сустракаўся з Уладзімірам Макеем, палкоўнікам КДБ — http://www.belaruspartisan.org/politic/189383/, сённяшнім міністрам МЗС.
У прэзідэнцкай адміністрацыі нічога не паведамлялі пра змест гутаркі Макея і Шаміра. А на наступны дзень у Беларусі была жорстка разагнаная масавая акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, затрыманыя больш як 600 чалавек.
Сам Асандж, публікуючы інфармацыю, якая выкрывае самую магутную дзяржаву свету — ЗША, устойліва стварае сабе імідж праўдаруба і дысідэнта. Аднак выпадкова ці адмыслова ён і ягоная каманда не прыдаюць ніякай увагі таму, што акрамя ЗША і іх сатэлітаў, у свеце есць мноства іншых дзяржаў, якія не менш, а тое і горш падаўляюць, знішчаюць і забіваюць сваіх (і замежных) грамадзян за рознага роду непажаданыя актыўнасці. У спробе стаць змагаром з «сусветным злом» — амерыканскім імперыялізмам, Асандж, свядома ці не, абірае бок іншых дыктатарскіх і імперскіх дзяржаў, напрыклад Расеі. Гэта кажа аб тым што стратэгія пошуку «меншага зла» сярод дзяржаўных груповак і альянсаў заведама правальная і адзінай паслядоўнай альтэрнатывай для тых, хто хоча змяніць свет да лепшага з’яўляецца адмова ад падтрымкі любых эліт, дзяржаў і начальнікаў.
Крыніцы: http://novychas.by/zamezza/sajt-wikileaks-shavau-kampramat-na-kreml