Аб гэтай справе мы ўжо пісалі (https://pramen.io/ru/2017/09/zbili-za-toe-shto-zanadta-razumny/). 15 ліпеня, падчас святкавання дня народзінаў Васіля Белькіна ў яго сям’і ўзнік слоўны канфлікт, які скончыўся прыездам міліцыі. Міліцыянты Валянцін Юхноўскі і Аляксандр Дземідовіч вырашылі не разбірацца ў сітуацыі, а адразу пачалі жорстка затрымліваць Белькіна. Перад тым, як пасадзіць у машыну, яны некалькі разоў пырснулі яму ў вочы пярцовым балончыкам, моцна білі па галаве і душылі. Васіль амаль суткі правёў у РАУС, пасля чаго быў адпушчаны і на наступны дзень асуджаны за “дробнае хуліганства” (арт. 17.1 КаАП). Дарэчы, пазней, пасля абскарджвання гэтага адміністрацыйнага спагнання, яго ўвогуле адмянілі.
Амаль адразу пасля тых падзей Васіль падаў заяву ў Мінскі абласны Следчы камітэт з просьбай правесці праверку і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў дзяржынскай міліцыі Юхноўскага і Дземідовіча за неабгрунтаванае ўжыванне ў дачыненні да яго фізічнай сілы і спецыяльных сродках. Адначасова з гэтым Белькін даведаўся, што супраць яго таксама ўзбуджаная крымінальная справа — па арт. 363.2 КК РБ.
Па заяве Белькіна пачалася праверка, падчас якой ў СК следчыя не адказалі на галоўнае пытанне: хто і калі нанёс Белькіну шматлікія цялесныя пашкоджанні, якія зафіксавала медыцынская экспертыза? На просьбу правесці следчы эксперымент непасрэдна на месцы падзей, у доме Белькіна, СК кожны раз беспадстаўна адмаўляў. Не была дадзена ацэнка паводзінам супрацоўнікаў міліцыі, а іх паказанні, якія зводзіліся да таго, што Белькін быццам сам сабе наносіў пашкоджанні, абвяргаюцца следчым эксперыментам і паказаннямі сведак. Не былі прааналізаваны запісы з камер відэаназірання РАУС, на якіх бачна, у якім стане туды прывезлі Белькіна. А адным з самых яскравых парушэнняў было тое, што тлумачэнні ў сведак бралі не супрацоўнікі СК, а сам Валянцін Юхноўскі, які відавочна з’яўляецца зацікаўленай асоба і таму не мае права гэта рабіць.
Але і ў мінскай абласной пракуратуры не захацелі бачыць усе гэтыя парушэнні, і крымінальная справа ў адносінах да міліцыянтаў так і не была ўзбуджаная. Дзве драпіны ў міліцыянта падаліся следчым вартымі большай увагі, чым шматлікія ўдары на целе Белькіна, і таму іншую крымінальнай справа, у адносінах да самога Белькіна, СК усе ж давёў да суда.
На судзе пракурор запатрабаваў для Белькіна чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя“ хімія”). Рашэнне па справе будзе прынятае ў бліжэйшыя дні.
Аб тым як самаабараняцца ад карнікаў у міліцыэйскай форме і без яе чытайце артыкул «Як не стаць Святаславам Барановічам» на нашым сайце: https://goo.gl/m6TVY6
Крыніца: http://novychas.by/hramadstva/muzczyne-zbitamu-milicyjantami-pahrazae-4-hady