Наконт Першамая і васьмі гадзін працы


Ужо на І кангрэсе Міжнароднага Таварыства Працоўных, у 1866 годзе, быў абраны досыць відавочны накірунак: галоўнай мэтай было пастаўлена вынішчэнне наёмнай працы. У асяроддзях працоўнага руху ужо тады гэтае вынішчэнне працы мелася за мэту: на жаль, праца на фабрыках і тэхналагічны прагрэс вельмі часта рабіліся прадметам культу. Дарэчы, калі пачынаць падлічваць, то вялізная частка гэтага руху не хацела адмяняць працу (напрыклад, у Нямеччыне), а наадварот, з дапамогай тэхналагічнага прагрэсу, зрабіць з працы на фабрыках дарогу да эмансіпацыі.

Зараз, калі будуць па ўсім свеце адзначаць і ўспамінаць пра тыя ўжо далёкія падзеі (асабліва ўсялякага кшталту левыя партыі), мы маем не павесціся на ўсе гэтыя гістарычныя лозунгі і адзнакі, а ўспомніць, што да нічога не давядзе нас славутая гларыфікацыя гістарычных падзей. Трэба заўжды мець наўвеце, што успамінаць мінулае ў аніякім разе не павінна быць нейкім салодкім шпацырам па славутых старонках гісторыі.

Наадварот, мінулае толькі тады карыснае, калі мы ў стане скарыстацца з яго дзеля канфрантацыі з цяперашнім панаваннем, з тым, што маем зараз, калі мы здольныя адчуць у гэтым мінулым тое, што рабіла людзей нягнуткімі і непадпарадкоўнымі ўладзе, каб нам самім быць здольнымі не падпарадкоўвацца ёй. У гэтым сэнсе, першае пытанне, якое можа прыйсці да нас, датычыцца таго, што засталося ад тых набыванняў і перамогаў, якімі гэтак ганарыцца гісторыя.

Нават досыць паспяховы досвед таго, што робіцца навокал, пакідае пэўнае адчуванне нейкай страчанасьці: ужо сама гэтая рэвалюцыйная ідэя знішчыць наёмную працу падаецца ўсё больш нездзяйсьняльнай, нейкім прывідам мінулых эпох, ад якіх не засталося ні духу і пра якія сёння проста сьмешна казаць. Цяжка ўявіць, што сучасныя пакаленні сур’ёзна ўспрымуць чалавека, які захоча натхніць іх на змаганне супраць працы. Тыя далягляды, дзе можна было б прыкмеціць адсутнасць наёмнай працы, сёння зусім размытыя, неакрэсленыя, а часам іх проста ня бачна зусім. Нас стараюцца запэўніць, што скончыўся час рэвалюцый і што сёння маем толькі адзін далягляд (то бок, адзіная ідэалогія): “светлая” будучыня, якую нам прадаюць штодня, з аўтамабілямі, банкамі, дзяржавамі і новымі тэхналогіямі. Капіталізм атрымаў вельмі значную перамогу, і пасьледствы яе мы адчуваем з кожным разам усё цяжэй. Напрыклад, усім навідавоку, што штодзённыя “патрэбы” ўжо амаль зусім несвядомых і разгубленых індывідаў вымушаюць іх глядзець на працу, як на аснову ўсяго свайго быцця, без якога, як казалі ў народзе, проста аніяк. Але трэба заўважыць, што гэта не магло быць інакш, бо асоба ёсць частка рэчаіснасці, якая сама накладвае на яе гэтыя патрэбы. Калі асоба ня зможа пераканаць сябе ў правільнасьці і звычайнасці гэтых патрэбаў, Сістэма рухне. Але людзі, зрэшты, вымушаны зарабляць на хлеб. Хаця, з кожным разам, хлеб ды большая частка ўсіх астатніх рэчаў становяцца проста падставай, зачэпкай для таго, каб рухаць грошы з аднаго месца ў другое і марнаваць усе гэтыя рэчы і нават саміх людзей. Вядома, што наша рэчаіснасьць, больш за ўсё ў высокааразвітых дзяржавах, ёсьць грашовая рэчаіснасць, таму й даводзіцца індывіду жыць амаль ня маючы здольнасці нават проста ўявіць сябе без грошай. Як цудоўна патрапіў Агусьцін Гарсія Кальва, сучасны Індывід не проста мае грошы, Ён сам, у яго сутнасці, зроблены з грошай. Сама складанасьць сацыяльнага жыцця і ўласная рэакцыйнасць натуры перашкаджаюць індывіду задумацца аб тым, што жыццё можна б было выкарыстоўваць для нечага іншага, не падпарадкоўваць яго грашам. Але, верагодна, уражвае ня столькі гэта. Тое, што найбольш уражвае, гэта сам факт таго, што капіталізм ня проста мае нейкае фармальнае панаванне над грамадствам (засяроджанае на працоўнай эксплуатацыі), а што гэтае ягонае панаванне лёгка адчуваецца ў штодзённым жыцці чалавека, у драбязе. Гэта своеасаблівым чынам уплывае на тое, як і колькі мы працуем. У вялікіх гарадах (калі іх яшчэ можна называць гарадамі), у гэтак званых агламерацыях, нярэдка рабочы павінен правесіць 1, 2 ці 3 гадзіны ў дарозе, каб дабрацца да свайго працоўнага месца. То бок, выходзіць, што гэтыя рабочыя аддаюць на працу ня 8 гадзін, якія былі заваяваны працоўным рухам, а 10-12 гадзін, а то і больш. Як часта адзначаецца, з дапамогай тэхнікі, можна было б працаваць значна меней. Але ўзапраўды так не адбываецца, тэхніка не вызваляе чалавека ад працы: яна амаль цалкам служыць патрэбам (і адначасна вызначае іх) Капітала і Дзяржавы, робячы чалавека яшчэ больш прывязаным да працы, і ня важна мае ён ці не месца на рабочым рынку. Бо добра вядома, што быць па-за рынкам гэта толькі адна з формаў быць часткай яго. Жыццё ў вялікіх “гарадах” проста немагчыма ўявіць без пастаяннай патрэбы ў транспартных сродках. Тамтэйшыя умовы з кожным разам усё болей дастасоўваюцца да важнейшых прынцыпаў Сістэмы: прыбытковасць і перамяшчэнне (цыркуляцыя). У гэткіх кругаваротных варунках, рабочы ці нават чыноўнік вымушаны марнаваць вялізную колькасць часу у дарозе. Тады ўзнікае пытае: калі ж мы кідаем працаваць і адпачываем? Калі вяртаемся да хаты, або на выходных ці на вакацыях? Але тут таксама мы маем магчымасць адчуць гэтую перамогу Дзяржавы і Капітала і іхную прысутнасць у штодзённым жыцці: рэч у тым, што Сістэма працуе, падзяляючы нашае жыццё на час працы і на вольны час. Вольны час з’яўляецца вельмі важнай часткай Сістэмы. Звычайна, нас пераконваюць у тым, што гэта свабодны ад працы час. Але гэта лухта! Гэта праца, але на іншы манер. Добра вядома, што вольны час гэта такі ж спустошаны і абяздолены час, якое грамадства выкарыстоўвае на спажыванне паміж працоўнымі гадзінамі і днямі. Вольны час мусіць абавязкова быць апустошаным, каб людзі раптам не пачалі выкарыстоўваць яго на нешта іншае, забыўшыся на спажыванне тавараў, якія вырабляе Сістэма. Праз тое, што спажыванне з’яўляецца адным з найгалоўных механізмаў сучаснага грамадства, становіцца зразумела, чаму вольны час набывае такую сацыяльную вагу. Капіталізму жыццёва неабходна, каб грамадства спажывала тавары усіх кшталтаў (дарэчы, кшталт тавараў зусім ня важны). Гэткім чынам, вольны час зусім ня з’яўляецца часам, дзе асоба можа рабіць што-кольвек па ўласнай волі, дарма што нас стараюцца пераканаць у адваротным. З гэтым вольным часам адбываецца тое, што і з працоўным: ён належыць не асобе, а Сістэме, якая пабудавана на спажыванні, на таварах і на відовішчы. Шмат хто ўжо не працуе па 8 гадзін на суткі: падаецца, што ўсё наша існаванне цалкам ідзе на працу ў разных яе формах (ці на яе пошук). І тут мы вядзем гаворку, вядома ж, пра тыя слаі насельніцтва, якія маюць сваё месца на рынку працы. З кожным разам усё болей зразумела тое, што сённяшні сацыяльны падзел на сусветным узроўні праходзіць паміж тымі, хто уключаны ў рынак, і тымі, хто ня мае да яго доступу. Гэтыя апошнія, залежна ад ступені свайго сацыяльнага выключэння, вымушаны шукаць такую-сякую працу па-за рынкам, якая толькі падоўжыць іхнюю нястачу, або шукаць сабе месца ў свеце крыміналу, ну, альбо таксама ёсьць варыянт з працягваннем навучання ў чаканні на з’яўленне запаветнай “магчымасці працаваць”. Галоўнае ў тым, што яны таксама ня могуць вызваліцца з-пад грошавага панавання, дарма што ў іх няма права на гэтыя 8 гадзін, сацыяльнай аховы, і г.д. Яны выключаны з рынку, але пакуль што ў іх не назіраецца здольнасці самаарганізавацца асобна ад грамадства і ад рынка. Іхняе выключэнне не адвязвае іх ад рынка, а наадварот, прывязвае. На заключэнне, варта напомніць, што памяць не павінна стацца здабыткам Сітэмы панавання. Былыя змаганні супраць яго мы ня маем права занядбаць, але было б вялікай памылкай думаць, што сёння нашай задачай стаіць паўтарыць тое ж самае. Капіталізм значна змяніў умовы свайго дамінавання, і гэтага нельга забываць. Патрабаванні ў працоўнай сферы, паляпшэнні ўмоў працы амаль ніколі не вядуць да адмаўлення ад Сістэмы. 8 гадзін працы, 1 мая гучаць прыгожа і гераічна, але сённяшнія ўмовы робяць іх у вялікай ступені бясшкоднымі для капіталістычнай Сістэмы. Тыя, хто змагаюцца за паляпшэнні умоў працы, атрымаюць свае заслугі.

Але ж анархісты мусяць помніць, што праца – гэта пакаранне багоў, якое варта знішчыць з грамадствам (разам з гэтымі багамі, найгалоўны з якіх – Грошы). Шмат чаго з класічнай тэорыі нам ужо не дапаможа: трэба даваць адпор панаванню амаль што голымі рукамі. Гэта не значыць, што ўсё старое мы проста мусім пакінуць на паліцы набірацца пылу; наадварот, адмаўленне анархістаў ад іерархіі, дзяржавы, працы, акцэнт на самаарганізацыі і г.д., заўсёды будуць вельмі важнымі асновамі для любой барацьбы супраць панавання.

Але няма сумневу ў тым, што ў гэтай барацьбе народзяцца новыя далягляды. Гэта, мажліва, найкаштоўнейшы урок, які нам дае анархізм: ён нарадзіўся менавіта ў барацьбе супраць улады. І сучасны анархізм мусіць таксама абнавіцца ў віры змагання.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Related Posts

Begin typing your search term above and press enter to search. Press ESC to cancel.