Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ініцыюе ўзмацненне ў Беларусі адказнасці за занятак прастытуцыяй, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску часовы выканаўца абавязкаў начальніка кіравання па наркакантролю і процідзеянню гандлю людзьмі МУС Сяргей Калтун.
"МУС мае намер унесці дадаткі ў заканадаўства, датычныя ўвядзення ў Беларусі адміністрацыйнага арышту за занятак прастытуцыяй", – сказаў С.Калтун. Паводле яго слоў, у Беларусі няма крымінальнай адказнасці за прастытуцыю, ёсць толькі штрафы. "На жанчыну, якая займаецца прастытуцыяй складаецца пратакол, яна павінна заплаціць штраф, але яна нідзе не працуе і таму адпраўляецца адпрацоўваць штраф на вуліцу", –сказаў С.Калтун.
Пры гэтым ён дадаў, што ўвядзенне адміністрацыйнага арышту за прастытуцыю прапаноўваецца "ў выхаваўчых мэтах – чалавек павінен адседзець і падумаць".
Ён таксама паведаміў, што "МУС прапаноўвала ўвесці грамадскія працы за занятак прастытуцыяй, але палічыла гэта нерэальным, таму што прастытутка проста так венікам махаць не будзе, да яе трэба абавязкова кагосьці прыставіць".
С.Калтун паведаміў, што органы ўнутраных спраў, якія займаюцца процідзеяннем гандлю людзьмі, "стварылі банк дадзеных жанчын, якія займаюцца прастытуцыяй. У ім больш як 3 тысячы прозвішчаў".