Настроить, Войти
Листовка к Чернобыльскому Шляху
автор Андрусь, дата 2008-04-10 21:52, исходное сообщение, история

НАМ НЕ ПАТРЭБНЫ ДРУГІ ЧАРНОБЫЛЬ! 26 красавіка 1986 выбухнуў ядзерны рэактар на Чарнобыльскай АЭС.

Усе мы ведаем аб гэтай трагедыі, і аб тым, колькі шкоды яна прынесла нашаму народу, і ўсяму сьвету. Ахвярамі Чарнобыля сталі больш за 300 тысяч чалавек, 800 тысяч ліквідатараў змагаліся з наступствамі аварыі, ахвяравалі сваім здароўем, а шматлікія - і жыцьцём, дзеля нашага выратаваньня. Мільёны людзей дагэтуль жывуць на заражаных радыяцыяй тэрыторыях, працягваюць паміраць ад ракавых захворваньняў, зьвязаных з аварыяй на ЧАЭС.

Здавалася б, пасьля такой катастрофы ўсім і кожнаму павінна стаць ясна, што АТАМ МІРНЫМ НЕ БЫВАЕ, і што ядзернай энэргетыцы больш не павінна быць месца на нашай зямлі. Бясьпечных на 100% рэактараў не існуе і атамная энергія як мінімум у 2 разы даражэй за цеплавую. Аднак, ня гледзячы на гэта 15 студзеня Рада Бясьпекі РБ прыняла канчатковае рашэньне аб будаўніцтве АЭС у Беларусі. Гэтае канчатковае рашэньне было прынята, як звычайна, без нашага з вамі ўдзелу. Ніхто не спытаў у народа, які перажыў Чарнобыль, ці жадае ён атамную электрастанцыю на сваёй тэрыторыі? Рада Бясьпекі не пацікавілася, ці жадаюць беларусы жыць з "бомбай запаволенага дзеяньня" пад бокам! Па тэлевізіі нам з дня ў дзень распавядаюць аб перавагах АЭС, расхвальваючы на ўсе лады "мірны" атам. Але ніхто не кажа аб мінусах: аб тым, што паводле правілаў МАГАТЭ ядзерныя адходы павінны ўтылізавацца ў межах краінаў краінаў, дзе яны ўтвараюцца. Аб тым, што кожны дзень на адной або некалькіх АЭС у сьвеце адбываецца аварыя. Аб тым, што запасаў урана ў на Зямлі хопіць ўсяго на 40 гадоў. Не вельмі любяць агучваць па тэлевізіі і кошт будаўніцтва АЭС - 8-12 мільярдаў даляраў (раней плянавалася, што станцыя будзе каштаваць ня больш за 4 мільярды даляраў). Гэта 8 - 12 мільярдаў даляраў, узятыя з нашых з вамі кішэняў. За нашыя ж грошы нас жадаюць прымусіць жыць у ядзерна-небясьпечнай краіне. За нашыя ж грошы мы будзем захоўваць у сваёй краіне ядзерныя адходы і атрымліваць радыёактыўныя выкіды. Ніхто з прадстаўнікоў урада не пажадаў задаволіць рэфэрэндум па гэтым пытаньні, або хаця б публічнае абмеркаваньне. А навошта? Рада Бясьпекі вырашыць за нас, патрэбна нам АЭС, або не. А раз так - то нам застаецца толькі пратэставаць. Ва ўсім сьвеце існуюць антыядзерныя рухі, якія змагаюцца за закрыцьцё АЭС і за недапушчэньне будаўніцтва новых.

26 красавіка - гэта міжнародны дзень дзеяньняў супраць атамнай прамысловасьці. У гэты дзень у Беларусі праходзіць традыцыйнае шэсьце ў памяць аб чарнобыльскай катастрофе - Чарнобыльскі Шлях. Сёлета ён павінен стаць нашым папярэджаньнем уладаў, нашым ультыматумам аб недапушчальнасьці будаўніцтва АЭС у Беларусі! І няхай па тэлевізіі і ў газэтах усіх, хто прыйдзе на на Чарнобыльскі Шлях, назавуць "адмарозкамі", але мы, хто адчувае адказнасьць за сябе, за сваіх блізкіх, за сваю краіну, прыйдзем у гэты дзень на Чарнобыльскі Шлях, як на марш пратэсту супраць будаўніцтва АЭС! Далучайся! Разам мы дасягнем свайго!

26 КРАСАВІКА, СУБОТА. 14.00 АКАДЭМІЯ НАВУК.

P.S. "Мы - не оппозиция, мы - народ!" - абсалютна не згодны з гэтым выказваньнем, бо "апазыцыя" не азначае "БНФ", ці "ОГП". Апазыцыя - гэта праціўнікі існуючай улады. Я думаю, што прыхільнікаў улады на гэтым сайце не бывае...